Старшыня пярвічкі (дарэчы, яна адна з лепшых у вобласці) старшы прапаршчык Аляксандр Пякарскі трымаў справаздачу за мінулы год, які прайшоў пад знакам святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Сярод актуальных пытанняў — увекавечванне памяці абаронцаў Айчыны. Афіцэры прынялі актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні месц воінскай славы, адкрыцці помніка воіну-партызану Уладзіміру Качаноўскаму ў в. Слабада-Кучынка, закладцы алей Памяці на Капыльшчыне. Ва ўстановах адукацыі прайшлі сустрэчы з ветэранамі вайны і Узброеных Сіл, сведкамі ваенных падзей, воінамі-інтэрнацыяналістамі. Палкоўнік Васіль Скрыннікаў, намеснік старшыні Рэспубліканскага савета ГА «БСА», выступіў 1 верасня 2015 года на ўроку мужнасці «На цябе, наша моладзь, надзея!». Дарэчы, такія сустрэчы пакідаюць глыбокі след у сэрцах будучых абаронцаў Айчыны.
[caption id="attachment_46899" align="aligncenter" width="580"]
Група ўдзельнікаў справаздачнага сходу[/caption]
Традыцыйным стаў удзел у арганізацыі Ганаровай вахты, святочнага шэсця ў час святкавання 9 Мая і Дня Незалежнасці краіны. У іх былі задзейнічаны падпалкоўнікі Валерый Маліноўскі і Сяргей Маргалік, маёр Анатоль Берднік.
Члены арганізацыі імкнуцца ўнесці свой уклад у развіццё Капыльскага раёна. Іх вылучае актыўная жыццёвая пазіцыя. Самых цёплых слоў заслугоўвае грамадская дзейнасць маёра запасу Аляксандра Касінскага. Старшыня РАС ДТСААФ (як вядома, гэта структура летась стала трэцяй у вобласці) арганізуе для моладзі, ветэранаў аўтапрабегі па месцах баявой і працоўнай славы Капыльшчыны, наведванне вайсковых падраздзяленняў Рэспублікі Беларусь, экскурсіі ў музеі і да памятных мясцін, спаборніцтвы дапрызыўнай і прызыўной моладзі. Яго часта запрашаюць на ўрачыстае ўручэнне членскіх білетаў БРСМ.
Сёння Беларускі саюз афіцэраў наладзіў цесныя кантакты з раённым выканаўчым камітэтам, установамі адукацыі, дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Напрыклад, ДУА «Слабадакучынская сярэдняя школа» па выніках 2015 года адзначана Ганаровай граматай Рэспубліканскага савета ГА «Беларускі саюз афіцэраў». Школьнікам уручаны памятныя знакі, часопісы і дыскі аб Беларускай Арміі і інш. Многія мерапрыемствы шырока асвятляліся ў сродках масавай інфармацыі раёна і рэспублікі.
— Асаблівая ўвага павінна ўдзяляцца патрыятычнаму выхаванню падлеткаў і моладзі. Для гэтага неабходна выкарыстоўваць багаты вопыт ваенных запасу, дзеючых афіцэраў, захоўваць баявыя традыцыі Капыльшчыны і Рэспублікі Беларусь, — адзначыў старшыня раённай арганізацыі Аляксандр Пякарскі.
Барыс ДЗЕНІСЮК,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»
Комментарии