Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

46

Дорога просит помощи...

17.03.2016
На некаторых вуліцах Капыля ні праехаць, ні прайсці. Факт ёсць факт. Вось адзін з іх. Асфальт па вуліцы Энгельса ўвесь у выбоінах, па якіх асцярожна рухаюцца аўтамабілі і мікрааўтобусы. Іх кіроўцам пашанцавала крыху больш, чым простым пешаходам: абутак застанецца сухім і непашкоджаным. А вось калі вы пераадольваеце гэтую водную перашкоду пешшу, то вам прыходзіцца рабіць выбар: шукаць невялічкія астраўкі ў бруднай вадзе ці абыходзіць па абочыне дарогі, больш падобнай на балота. — Я жыву на гэтай вуліцы ўжо шосты год, — расказвае Мікалай Макляк. — І такое становішча мы назіраем кожны раз пасля дажджу ці пасля заканчэння зімы. Неяк прыязджалі супрацоўнікі ЖКГ, прачысцілі водаадводныя трубы, але пасля таго вада стала сцякаць да нас у агарод ды ў склеп. — Калі пачаў сыходзіць снег, вады было больш, чым мы назіраем зараз, — уступае ў гутарку Сяргей Зянюк. — Асфальту зусім не бачылі. Як едзеш на машыне, то баішся, каб у гэтых ямах не згубіць бампер ці якую іншую дэталь. IMG_6982 — А калі раніцай дзеці ідуць у школу, а мы на працу, то і зусім прайсці нельга, — далучаецца да размовы Галіна Корбут. — Па калена вады! Як на тое, якраз са школы вяртаюцца дзеці. Ледзве пераступаючы па невялічкіх сухіх месцах, яны пера-адольваюць водную перашкоду. — Мы вучымся ў 7 класе гімназіі № 1 г. Капыля, — амаль у адзін голас гавораць хлопчыкі і дзяўчынкі, — і хадзіць тут на самай справе вельмі цяжка. Здараецца,  прыходзім  у гімназію ў мокрым абутку. Ды што мокры абутак! Правілы дарожнага руху таксама тут не выконваюцца, бо ідуць дзеткі па праезнай частцы вуліцы. Адзін са старэйшых жыхароў Леанід Таўпека пацвярджае: — Колькі жыву на гэтай вуліцы, столькі «жыве» тут і гэтая лужына. У мінулым годзе я звяртаўся да начальніка з ЖКГ (на жаль, не памятаю яго прозвішча). Абяцалі навесці парадак, але… — Леанід Міхайлавіч з адчаем махнуў рукой. — Думаў, крыху пачакаю, пакуль пацяплее, ды пачну збіраць подпісы жыхароў вуліцы, каб адказныя службы адрамантавалі дарогу. Але вада стаіць не толькі ў цэнтры вуліцы Энгельса: шмат перашкод ёсць і на самым з’ездзе з кальцавой дарогі. Васьмікласніца з гімназіі Веарыка, якая асцярожна пераступае ямы з вадой, гаворыць: «Амаль кожны дзень хаджу ў гэтым месцы. А калі тата падвозіць на мікрааўтобусе, то вуліцу Энгельса мы аб’язджаем: шкада аўто». Як бачна, сітуацыя на вуліцы Энгельса сапраўды неадназначная і неадкладна патрабуе ўмяшання тых служб, якія адказваюць за стан дарог у горадзе. Дзіяна ТКАЧЭНКА Фота аўтара

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей