Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

84

Да 120-годдзя байкапісца, ці «Каб рагатала ўся Беларусь!..»

14.03.2016

Я ў мастацкім агародзе

Толькі марная трава,

А якая? Смех, дый годзе:

 Я -  пякучка-крапіва.

К. Крапіва

Слынны байкапісец Кандрат Кандратавіч Атраховіч (Крапіва) нарадзіўся  5 сакавіка 1896 года. Яго малая радзіма – вёска Нізок Уздзенскага раёна. Біяграфія будучага Майстра багатая на падзеі. Ён удзельнік Першай сусветнай вайны (1915-17),  вызвалення Заходняй Беларусі ў 1939 годзе, закранула яго і   савецка-фінская вайна 1939-40 гг.  У Вялікую Айчынную вайну працаваў у франтавых газетах «Красноармейская правда», «За Савецкую Беларусь» (1941-42),   рэдагаваў сатырычную газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1943-45), якая ў пасляваенны час стала папулярным часопісам «Вожык». Літаратурная дзейнасць К. Крапівы пачалася яшчэ ў 1922 годзе.  З гэтага часу ў друку і сталі з’яўляцца яго сатырычныя вершы, фельетоны, байкі. Яго раннія творы ўвайшлі ў зборнікі «Асцё» і «Крапіва» (1925). Неўзабаве вялікай папулярнасцю ў чытачоў сталі карыстацца зборнікі «Байкі», «Ухабы на дарозе», «Калючы строй». Камічнага эфекту, такога, каб «рагатала ўся Беларусь» (выраз пісьменніка Івана Навуменкі),  сатырык дасягае,  толькі спалучыўшы трапнасць і загадкавасць алегорыі з выдатна створанай камічнай сітуацыяй. [caption id="attachment_46793" align="aligncenter" width="580"]Злева направа: сядзяць Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка, Кандрат Крапіва; стаяць Адам Бабарэка, Язэп Гушча Злева направа: сядзяць Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка, Кандрат Крапіва; стаяць Адам Бабарэка, Язэп Гушча[/caption] Развівае аўтар і жанр сатырычна-гумарыстычнай паэмы («Шкірута», «Хвядос – Чырвоны нос»). Шырокую вядомасць набыла сатырычная камедыя «Хто смяецца апошнім», над адмоўнымі героямі якой мы смяяліся яшчэ ў школе.
Святкаванні з нагоды юбілею сатырыка адбыліся і на Капыльшчыне. «Зброяй сатыры — зброяй праўды» — пад такой назвай з 1 сакавіка пачала працаваць кніжная выстава  ў Песачанскай сельскай бібліятэцы. «Слёзы смеху ад Крапівы» — так называлася літаратурная гадзіна, якая прайшла 4 сакавіка ў Жыліхаўскай сельскай бібліятэцы. Кніжная паліца «Майстэрства Кандрата Крапівы» арганізавана ў Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэцы імя А. Астрэйкі. Убачыць тэматычныя матэрыялы можна будзе на працягу сакавіка.
Сатырык паставіў перад сабой мэту «ўмяшацца ў жыццё і сёе-тое ў ім падправіць». Для яго самай   дзейснай зброяй стаў злы, здзеклівы смех. Абібокі, прыстасаванцы, падхалімы, п’яніцы, махляры, самаўпэўненыя і пыхлівыя дурні – гэта далёка не поўны спіс яго антыгерояў. Цікава, што многія  ўласныя афарызмы байкапісца ператварыліся ў прыказкі, прымаўкі, атрымалі агульнанародную вядомасць: Другі баран – ні «бэ», ні «мя», а любіць гучнае імя («Дыпламаваны Баран»), Каб сонца засланіць – вушэй асліных мала («Сава, Асёл ды Сонца»), Як свінню ні кліч, яе заўсёды выдасць лыч («Заява»), Бывае іншы раз і з нашым братам, што галаву заменьваюць мандатам («Мандат»). Байкі, як і патрабуе гэты жанр, у  К. Крапівы населены беларускімі жывёламі і птушкамі (свіннямі, парсюкамі, валамі і г.д.), бічуюць адсталыя людскія звычаі: п’янства, забабоны, пляткарства, асуджаюць бюракратаў, раскрадальнікаў народных здабыткаў, падхалімаў. Байкі К. Крапівы, нацыянальна-самабытныя па характары, былі народжаны надзённымі патрэбамі часу. Сатырычныя па сваім духоўным абліччы яны не страцілі сваёй актуальнасці і ў ХХІ стагоддзі. Яны з’явіліся ў савецкі час, але працягваюць быць і сёння  дзейсным сродкам выкрыцця ўсяго таго адмоўнага, злога і нядобрага, што перашкаджае нам рухацца наперад. У той час, як у гумары адмоўнае, смешнае ў жыцці паказваецца ў нязлобна-дабрадушным, жартоўным тоне, у сатыры мы сустракаемся з вострым асмяяннем гэтых з’яў. Сябры! Перачытаем байкі таленавітага сатырыка! Упэўнены: сатыра і ў сённяшнім жыцці-быцці карысная, хоць нярэдка чамусьці і прызабытая намі… Канстанцін КАРНЯЛЮК,  г. Віцебск     З «барышом» П’янства, цемра ды разбой, Ад гарэлкі шмат бяды... Вось што піша дзядзька «Свой» Нам з Прылуцкай Слабады. Парсюка ці, можа, свінку (Нешта мне не ў галаве) Прадаў сёлета на рынку 3 гэтай вёскі чалавек. Як заведзена спрадвеку, Думаў: «Мо не саграшу, Калі з добрым чалавекам Вып’ю чарку барышу». Ну і выпіў — ёлкі-палкі! — Ногі водзяць у бакі. Выйшаў, бухнуўся ў развалкі: — Но! Пайшоў, сякі-такі! Дзядзьку блюзніцца спрасонку, Што пад ім не сані — печ: Паздзіраў ён з ног валёнкі, Апранаху скінуў з плеч. Едзе дзядзька, свішча носам, Нібы дома ўклаўся бах: На чарэні добра босым Грэцца з люлькаю ў зубах. Ну і быў жа ён «харошы», Як да памяці прыйшоў! Нос адмёрз, прапалі грошы, Ногі — пара ледашоў. Вось якое ліха стала! «Пакараў, няйначай, бог»: I без грошай, і без сала, I кульцяпкі замест ног.  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей