Яна ўзнагароджана медалём «Ветэран працы» і «Медалём мацярынства» 1-й ступені. Але самая лепшая ўзнагарода – павага і ўдзячнасць землякоў.
Нарадзілася Алена Адамаўна ў мнагадзетнай сям’і ў вёсцы Швяды Грэскага раёна. Рана страціла бацьку (працаваў лесніком). Маці Алена Іосіфаўна засталася адна з трыма дзецьмі. Ім усім трэба было шмат працаваць. Ежы не хапала. Выручаў лес, адкуль адразу на рынак за пяць кіламетраў насілі грыбы, ягады. За трохлітровы збан суніц атрымлівалі чатыры рублі. На гэтыя грошы можна было купіць кілаграм «Кракаўскай» каўбасы і бохан хлеба, а калі застанецца, то і крыху цукерак. Хадзіла ў пачатковую школу за тры кіламетры.
Перад вайной перабраліся ў пасёлачак Заполле да бабулі Зубовіч Соф’і. Побач рака Выня, лес. Маці ўступіла ў калгас. Трымалі гаспадарку, апрацоўвалі 35 сотак зямлі. Аленка наведвала школу. Узімку старэйшыя пратоптвалі сцежку ў школу малодшым. А каб не згубіць дарогу дамоў, ставілі лапкі з ельніку. Вучылася старанна. Асабліва давалася матэматыка і фізіка. Удзельнічала ў канцэртах мастацкай самадзейнасці, якія праходзілі ў памяшканні царквы вёскі Слабада-Кучынка. Актыўна займалася спортам, асабліва лыжамі, атрымаўшы значок ГТО. Будавалі жывую гімнастычную піраміду на спаборніцтвах у Капылі. З удзячнасцю помніць сваіх настаўнікаў: Хомчанку, Коршука, Нікановіч, Лапцёва. Дзякуючы намаганням дырэктара школы Сіневіча М.Т. і сёння чытае на памяць верш «Барадзіно», помніць клятву піянера, доўгі час захоўвала піянерскі гальштук. Марыла вывучыцца на настаўніцу, паспеўшы скончыць 6 класаў.
...У чэрвені 1941 года побач узрываліся бомбы, стракатаў кулямёт. І першыя ахвяры – закатаваныя фашыстамі чырвонаармейцы 10-й арміі. Пасёлак трапіў у партызанскую зону. Абаронцам Айчыны дапамагалі чым маглі: пяклі хлеб, мылі адзенне, прымалі на адпачынак. Дзяўчына выратавала двух яўрэйскіх дзяцей, якія хаваліся ў сушні (будынак, дзе сушылі лён). Насіла ім ежу, пакуль па іх не вярнулася маці. У 1942-м годзе давялося начаваць у зімовым лесе, калі пачалася блакада партызан. Раніцай жыхарам пасёлка пашчасціла ўцячы ў лес. Ноччу мароз, а вогнішча раскладваць баяліся. Карнікі абрабавалі вёску, забралі жывёлу і маёмасць.
– Самае памятнае ў жыцці – Дзень Перамогі! Мы плакалі, абдымаліся, радаваліся. Гэта вялікае шчасце, што мы выжылі. У памяці, як прыйшла пасылка родным ад франтавіка Івана Трацэўскага (будучы дырэктар школы). Там было мыла. Яго маці ад радасці, што сын жывы, пазвала ўсіх людзей і кожнаму нарэзала па кавалачку, – узгадвае Алена Адамаўна. – Працавала ў калгасе, зарабляючы працадні. Капала канавы, сушыла сена, вырошчвала тытунь і кок-сагыз. І любую працу, за якую б ні бралася, выконвала выдатна, з душой. Сустрэла свайго адзінага і любага, аднавяскоўца Аляксандра Луцэвіча. Спачатку жылі і працавалі на чыгунцы ў Цімкавічах і адначасова будавалі хату ў Заполлі, куды і вярнуліся ў 1954 годзе. Ра-зам выгадавалі чацвёра сыноў і дачку. Дзяцей выхоўвалі ў працы, адкрытымі і чулымі да людзей.
Усе яны, дзякуючы маці, атрымалі адукацыю, уладкаваліся ў жыцці. Старэйшы Аляксандр – дацэнт, кандыдат педагагічных навук, 11 гадоў узначальваў кафедру методыкі выкладання фізікі БДПУ імя М. Танка. Уладзімір выкладаў фізіку і інфарматыку ў медыцынскім каледжы. Алена – вядучы інжынер на заводзе. Звалі да сябе маці ў горад. Год пажыла і адмовілася, бо вельмі любіць сваю малую радзіму. Род Луцэвічаў прадаўжаецца: дзевяць унукаў, сем праўнукаў.
Барыс ДЗЕНІСЮК,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»
Комментарии