10 лютага паводле шматвекавой традыцыі Вялікі пост у Рыма-каталіцкай царкве пачынаецца з так званай Пепельнай серады.
Попел з’яўляецца сімвалам пакаяння і тленнасці чалавечага быцця. Пепельная серада атрымала такую назву таму, што ў гэты дзень прынята хадзіць на імшу, падчас якой святар на лоб вернікам наносіць знак крыжа асвячоным попелам. Падчас абраду ўскладання попелу святар прамаўляе біблейскую фразу: «Бо прах ты, і ў прах вернешся».
Вялікі пост у каталікоў доўжыцца 40 дзён. Падчас яго трэба больш часу надаваць малітве, чытанню Святога Пісання, справам міласэрнасці, часцей наведваць набажэнствы і прыступаць да сакрамэнтаў. Прынята ўстрымлівацца ад забаўляльных мерапрыемстваў, шкодных звычак і іншых свецкіх задавальненняў. Што ж тычыцца абмежаванняў у ежы, то лацінскі абрад не ўскладае цяжару на плечы вернікаў. Каталікі з 14 гадоў абавязаны ўстрымлівацца ад мясных страў па пятніцах, а з моманту дасягнення паўналецця і да 60-га года жыцця павінны выконваць строгі пост у Пепельную сераду і Перадвелікодную пятніцу. Строгі пост заключаецца ва ўстрыманні ад мяса і ў абмежаванні колькасці ўжытай ежы: адзін раз у дзень вернік можа есці ўволю, а два — крышку. Кожную нядзелю вернікі павінны ўдзельнічаць у імшы. Усё гэта неабходна для падрыхтоўкі да святкавання Вялікадня — Уваскрэсення.
Святар Аляксандр Тарасевіч
Комментарии