Свой адлік сялянска-фермерская гаспадарка «Сапешка Агра» пачала з 2011 года, калі ў аграгарадку Мажа на асабістым падвор’і сям’я Сапешка вырашыла заняцца развядзеннем авечак.
Перавагу аддалі раманаўскай пародзе, таму што іх мяса нятлустае, карыснае, авечкі маюць выдатную пладавітасць (за адно ягненне прыво-дзяць да двух-чатырох ягнят), і воўна іх карыстаецца вялікім попытам.
[caption id="attachment_45857" align="aligncenter" width="580"]
Анатоль, Павел і Сяргей Сапешкі[/caption]
— Першапачаткова хацелася набыць чыстую раманаўскую пароду авечак, — расказвае кіраўнік гаспадаркі Сяргей Сапешка. — Таму закупляць давялося ў Расіі. Пачалі з малога: набылі 13 котных аўцаматак і барана-вытворніка. За два гады мы давялі пагалоўе да 40 аўцаматак, а таксама паралельна закупілі яшчэ 20 галоў. У сувязі з гэтым звярнуліся ў Капыльскі сельвыканкам, і нам выдзелілі паўтара гектара зямлі для выпасу.
На дадзены момант у гаспадарцы ўжо маецца 100 аўцаматак, 60 бараноў, маладняк — 20 ярак і два кані.
Спыняцца на гэтым фермер не мае намеру. У планах — завезці з Расіі яшчэ 100 авечак матачнага пагалоўя і да канца 2016 года выйсці на 1000 галоў агульнага статка, ёсць задумкі заняцца і конегадоўляй. Вядома ж, для гэтага патрэбны будынкі. Пытанне па іх вырашаецца: зараз афармляюцца дакументы на куплю былых канюшні і цялятніка, што належалі ААТ «Мажа-Агра». Павялічыцца і зямельны надзел (згодна з рашэннем райвыканкама павінна быць выдзелена 25 га для развіцця), у планах — купіць адпаведную тэхніку для нарыхтоўкі кармоў. Пакуль жа яны набываюцца ў сельгаспрадпрыемствах ці ў фермераў. Адпаведна, спатрэбіцца і новая рабочая сіла, г.зн. з’явяцца новыя працоўныя месцы. Зараз жа ўсю гаспадарку абслугоўвае сам Сяргей Анатольевіч з дапамогай бацькі і брата.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара
Комментарии