У Доктаравіцкай школе вучыліся паэт Аляксей Коршак, публіцыст-гумарыст Янка Казлоў, пісьменнік-журналіст Сяргей Дубовік і паэтычная зорка Уладзімір Ясючэня, 85-годдзе якога адзначалася 17 лістапада.
У школе адбылася прэзентацыя літаратурнай кампазіцыі, якая данесла вучням пра творчы шлях паэта. У навучальнай установе ідзе афармленне школьнага краязнаўчага музея, дзе значнае месца будзе адведзена літаратурным талентам.
Уладзімір Мікалаевіч Ясючэня сярод чатырох дзяцей быў самым малодшым. Старэйшы брат Міхаіл, па прафесіі настаўнік, станоўча на яго паўплываў. Можа, таму з першага класа Валодзя пачаў пісаць вершы. Успамінаю, як у саўгасе “Доктаравічы” быў створаны музей, які мясціўся ў скверыку насупраць канторы. У культурнай установе значнае месца было адведзена юным беларускім паэтам Аляксею Коршаку і Уладзіміру Ясючэню. Пабываў тут і вядомы вучоны-краязнавец Генадзь Каханоўскі. Пры сустрэчы з супрацоўнікамі райгазеты “Слава працы” ён расказаў пра наведванне саўгаснага музея: “У свой дарожны блакноцік я запісаў пра музейныя рэліквіі. Маю ўвагу прыцягнулі два фотаздымкі. Я ўжо чытаў успаміны пісьменніка з Капыля Сцяпана Александровіча пра Коршака, а вось Ясючэню ўбачыў упершыню”.
Кіраўнік музея дазволіў краязнаўцу пазнаёміцца са сшыткам вершаў Ула-дзіміра Ясючэні. Адчуваецца ўзмужнеласць голасу 18-гадовага юнака:
Рассыпаліся ў небе зоры,
Нібы сярэбраны пясок,
Лятаюць стрэлы-метэоры,
І дрэмле месяц-каласок.
Кранаюць за душу і іншыя радкі. Ужо ў 14-гадовым узросце хлопчык быў адзначаны граматай газеты “Піянер Беларусі”. У сваіх вершах ён апяваў родную зямлю. Па гэтых творчых паэтычных усплесках можна было прадбачыць, што з яго вырасце таленавіты паэт.
Уладзімір вучыўся добра. Часта заседжваўся ў школьнай бібліятэцы, дзе рабіў запісы пра Францыска Скарыну, Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча. Любіў паэзію Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Вайна, ліхалецце, слёзы блізкіх людзей дабавілі яму жыццёвай мудрасці, паклікалі на фронт. Пасля крова-пралітнай атакі той, хто за-стаўся ў жывых, клаўся адпачыць, а Уладзімір перапынак скарыстоўваў для напісання вершаў альбо пісьмаў да бацькоў. Ён піша і просіць брата захаваць яго сшыткі з вершамі і літаратуру. Марыць вярнуцца дамоў і прадоўжыць літаратурную вучобу, а яшчэ ён лічыў, што паэтычная творчасць яму наканавана Богам.
Яго пісьмы, поўныя на-дзеі, што вернецца дамоў, бо да заканчэння вайны заставаліся лічаныя дні. На фронце ён змагаецца з ворагам па-геройску, аб чым сведчаць баявыя ўзнагароды – ордэн Славы ІІІ ступені, медаль “За адвагу” і шматлікія падзякі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Апошні трохкутнік у вёску Станькі прыйшоў ад саслужыўца Валодзі – пісара Ільіна, які паведаміў пра раненне і смерць беларускага паэта ля нямецкага горада Грайфенлоцэн. Здарылася гэта 12 сакавіка 1945 года.
Яго сябра Аляксей Гімпель, як успамінаў пазней, ішоў разам з Уладзімірам у бой за вышыню каля нямецкай ракі Одэр. Куля фашыста смяротна параніла маладога сяржанта. Гімпель падхапіў аўтамат Ясючэні і пачаў помсціць ворагу за смерць баявога сябра. Потым ён напіша на сценах рэйхстага: “За вышыню на Одэры загінуў Ясючэня”.
Аляксей Коршак успа-мінаецца ў нашай літаратуры, дзякуючы адкрыццю Сцяпанам Александровічам яго творчасці і выданню кніжкі “Апалёныя пялёсткі”. Але пакуль не знайшоўся другі Александровіч для вяртання з нябыту Уладзіміра Ясючэні. Як лічыў Каханоўскі, варта яго імя ўключыць у паэтычную анталогію і літаратурныя даведнікі, тым больш яго літаратурная спадчына не меншая, чым у Коршака.
Іван ІГНАТЧЫК
Комментарии