Жыхар г. Капыля Міладзін Лучыч (на здымку) гадоў тры-чатыры таму купіў пустуючы домік і ўчастак у в. Нізкавічы для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. Праз некаторы час быў набыты яшчэ адзін. А на дадзены момант яго «ўладанні» складаюць каля чатырох з паловай гектараў.
Вуліца Роскаш за гэты час набыла зусім іншы выгляд: тут ужо няма закінутых, зарослых сядзіб, а ўсё акультурана. Перабудоўваецца і той пустуючы домік.
Падсобная гаспадарка ў Міладзіна даволі багатая: на падвор’і размясціліся звыш сотні авечак з ягнятамі, каля паўсотні свіней з парасятамі, ёсць таксама козы і птушкі.
— Чаму Вы вырашылі завесці такую, скажам, даволі немалую гаспадарку? — пытаемся ў гаспадара сядзібы.
— Па-першае, мы з жонкай Таццянай выхоўваем пяцярых дзяцей, — чуем у адказ. — Вядома ж, усіх трэба накарміць, ды і лішні рубель ад продажу прадукцыі не пашкодзіць. Нашай старэйшай дачцэ Даніэле ўжо 18 гадоў, Аляксандр і Вераніка вучацца ў СШ № 3 г. Капыля, дачцэ Кіры пяць гадоў, а самаму малодшаму Міхаілу споўнілася дзесяць месяцаў. Па-другое, усе мы любім прыроду, свежае паветра, таму ў летні час пераважна знаходзімся тут усёй сям’ёй. Вось і Таццяна тады можа заняцца любімай справай — пчалярствам.
— Ці не цяжка ўсё гэта даглядаць?
— Безумоўна, не зусім проста, але на дапамогу прыходзіць сусед, старэйшы сын таксама па меры магчымасці прыязджае са мной. Мы знайшлі ўзаемаразуменне з дырэктарам ААТ «Племзавод Дусаеўшчына» Сяргеем Кавалеўскім. Акрамя сваіх кармоў, набываем яшчэ ў мясцовай гаспадарцы, а таксама ў тых, што знаходзіцца побач, — РСУП «Бабоўня» і КСУП «С «Лясное».
Родам Міладзін з Сербіі. Калі працаваў у Маскве (ён яшчэ і добры будаўнік, аформлены як індывідуальны прадпрымальнік у гэтай галіне), пазнаёміўся з капыльскай дзяўчынай. Ажаніліся і вырашылі пераехаць на радзіму Таццяны, ды так і засталіся тут, аб чым ніколькі не шкадуюць.
А жыць у ладзе і згодзе сям’і Лучыч дапамагае вера ў Бога. Кожную нядзелю або ў святы яны наведваюць цялядавіцкую ці капыльскую царкву. Дарэчы, Міладзін адзін з тых, хто рамантаваў Свята-Троіцкі храм у Цялядавічах. Увогуле дапамагаць царкве — гэта ў яго правілах. І яшчэ ён падпарадкоўваецца прынцыпу, што калі будзеш працаваць з Божай дапамогай, то ўсё ў цябе будзе атрымлівацца.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара
Комментарии