Сто працэнтаў навучэнцаў Ванелевіцкай СШ, якім ужо споўнілася 14 гадоў, з’яўляюцца членамі ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Нядаўна рады маладзёжнай арганізацыі навучальнай установы папоўніліся 13 школьнікамі.
Павіншаваць юнакоў і дзяўчат, а таксама ўручыць ім членскія білеты, завітала першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Вікторыя Шостак.
— Нас радуе тое, што моладзь імкнецца выразіць сваю актыўную жыццёвую пазіцыю, — адзначыла падчас урачыстай лінейкі Вікторыя Вітальеўна. — Напрыклад, ванелевіцкія актывісты нядаўна праявілі сябе ў сумеснай акцыі з райаддзелам па надзвычайных сітуацыях, калі наведвалі адзінока пражываючых састарэлых грамадзян, прымаюць удзел і ў іншых акцыях і конкурсах.
І падчас гэтай урачыстасці старанні рабят былі адзначаны. Ад райкама ГА «БРСМ» пярвічная арганізацыя школы атрымала каштоўны падарунак і Дыплом за перамогу ў экалагічным конкурсе па зборы адпрацаваных элементаў сілкавання. Яны назбіралі 13 кг батарэек, што стала самым высокім паказчыкам у раёне.
У гэты ж дзень на тры члены папоўніліся і рады Беларускай піянерскай арганізацыі школы.
Таксама было прадэманстравана выступленне агітбрыгады «Мы выбіраем здаровы лад жыцця», якое яшчэ раз нагадала, што здароўе — самае галоўнае, яго трэба берагчы і змагацца са шкоднымі звычкамі.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара
Комментарии