Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

15

Информационно-пропагандистская группа Копыльского райисполкома встретилась с работниками Смолевичской школы

29.12.2015
edinyj_den Тэма «Жыллёва-камунальная гаспадарка ў Беларусі: абарона правоў спажыўцоў» абмяркоўвалася падчас Адзінага дня інфармавання насельніцтва, які прайшоў на Капыльшчыне 17 снежня. У калектывы выязджалі інфармацыйна-прапагандысцкія групы, з працаўнікамі сустракаліся адказныя асобы райвыканкама. Акрамя абазначанай тэмы гутаркі вяліся і па іншых пытаннях, якія хвалююць жыхароў нашага раёна. Так, інфармацыйна-прапагандысцкая група пад началам намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Ліпніцкага наведалася ў дзяржаўную ўстанову адукацыі «Смаліцкі ВПК д/с—БШ». Педагогаў і тэхнічных работнікаў з матэрыяламі на абазначаную тэму пазнаёміў намеснік дырэктара КУП «Капыльская ЖКГ» Аляксандр Паляшчук. Лагічна, што менавіта прадстаўніку жыллёва-камунальнай службы была адрасавана значная колькасць пытанняў. Вяскоўцаў не задавальняе арганізацыя вывазу смецця: згодна з графікам спецыялізаваная машына прыязджае ў Смалічы ў апошні чацвер і першы панядзелак месяца, а значыць паміж гэтымі наведваннямі, з аднаго боку — 4-5 дзён, з другога — амаль цэлы месяц. Да таго ж аўтамабіль вельмі хутка рухаецца па вуліцы, і не ўсе жыхары вёскі паспяваюць выйсці яму насустрач. Аляксандр Пятровіч патлумачыў, што дастаткова выставіць мяшкі са смеццем ля брамкі, і работнікі ЖКГ іх падбяруць. Што да графіка наведвання вёскі, то над гэтым трэба падумаць. Прагучала просьба і наконт устаноўкі дадатковых кантэйнераў для збору камунальных адходаў. У ходзе гутаркі на гэту тэму Аляксандр Паляшчук нагадаў, што згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг» існуе пералік абавязковых паслуг, якія забяспечваюць неабходнае добраўпарадкаванне жылых дамоў у прымяненні да ўмоў пэўнага населенага пункта, іх адпаведнасць устаноўленым санітарным і тэхнічным патрабаванням. Сярод такіх — вываз, абясшкоджванне і перапрацоўка цвёрдых камунальных адходаў. Гэта значыць, што кожны ўласнік і кватэранаймальнік абавязаны аплочваць названыя паслугі ЖКГ, нават у тым выпадку, калі ён не пажадаў заключыць адпаведны дагавор. Яшчэ на адзін важны момант адносін паміж грамадзянамі і жыллёва-камунальнай гаспадаркай звярнуў увагу Аляксандр Пятровіч: «На баланс нашага прадпрыемства былі перададзены водаправодныя і каналізацыйныя сеткі, якія раней належалі сельгасарганізацыям. А гэта значыць, што цяпер аплату за водакарыстанне і водаадвядзенне неабходна ўносіць на рахунак КУП «Капыльская ЖКГ». Інакш спажывальнікі гэтых паслуг трапляюць у катэгорыю злосных неплацельшчыкаў. На жаль, падчас праверак нашымі спецыялістамі такія факты былі выяўлены. Таму, каб не мець непрыемнасцей, кожнаму неабходна ўдакладніць, хто з’яўляецца ўладальнікам водаправоднай сеткі, якой ён карыстаецца, і заключыць неабходны дагавор». Гэту думку падтрымаў і Аляксандр Ліпніцкі, які паабяцаў даць даручэнне старшыні Бучацінскага сельвыканкама дапамагчы вяскоўцам у вырашэнні праблемы. Работнікі школы выказвалі незадавальненне станам вуліц Першамайскай і Азёрнай у Смалічах, такая ж праблема ёсць і ў вёсцы Страхіні. Аляксандр Мікалаевіч паабяцаў дадзенае пытанне пераадрасаваць ДРБУ № 124 і трымаць на кантролі. Прагучалі нараканні на арганізацыю медыцынскага абслугоўвання ў раёне: «Чаму вяскоўцам адмаўляюць у прыёме ў раённай паліклініцы, а накіроўваюць у Семежаўскую ўчастковую бальніцу? Да Капыля можна даехаць кожны дзень, а вось у Семежава аўтобус ходзіць толькі раз на тыдзень». Былі пытанні і да прадстаўніка райспажыўтаварыства: нягледзячы на тое, што ў магазіне зроблены рамонт, там працуе ветлівы і кампетэнтны прадавец, а часам няма магчымасці купіць нейкія дробязі: электрычныя лямпачкі, ніткі для шыцця. А яшчэ членам педкалектыву, у якім пераважаюць жанчыны, хацелася б бачыць у сваёй вёсцы цырульніка — гэта паслуга, безумоўна, была б запатрабаванай. Не маглі пакінуць без увагі падчас сустрэчы і адно з самых балючых пытанняў, якое хвалюе як работнікаў школы, так і бацькоў, — магчымая аптымізацыя. Сёння тут вучацца 32 школьнікі, яшчэ 10 наведваюць дзіцячы сад. А працоўны калектыў — больш за 20 чалавек. Пакуль толькі ідуць абмеркаванні далейшага лёсу адукацыйнай установы, і пэўны адказ даць нельга. «А значыць, школа павінна працаваць у штатным рэжыме і выконваць усе функцыі, якія на яе ўскладзены», — адзначыў Аляксандр Ліпніцкі.  Аляксандр Мікалаевіч нагадаў прысутным аб асноўных момантах, на якія трэба звярнуць увагу. Гэта арганізацыя шостага школьнага дня, занятасць дзяцей падчас зімовых канікул, меры бяспекі пры ўжыванні піратэхнікі, строгае выкананне прапускнога рэжыму, і не толькі на цэнтральным уваходзе, але і на ўсёй тэрыторыі ўстановы. Неабходна арганізаваць бацькоўскія сходы і весці гутарку наконт недапушчальнасці пакідання дзяцей адных у закрытых на замок памяшканнях, іх знаходжання на вуліцы ў вячэрні і начны час і інш. Дзеці павінны быць пад пастаянным кантролем дарослых — такую ісціну трэба ўсвядоміць кожнай сям’і, усім зацікаўленым службам, якія адказваюць за бяспеку нашага падрастаючага пакалення. Маргарыта САКОВІЧ

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей