Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

51

Майстар прозы, равеснiк першай рускай рэвалюцыi

29.11.2010
Незабыўнымі застануцца  сустрэчы з майстрам прозы, нашым земляком, вядомым беларускім пісьменнікам Янам (Іванам Аляксеевічам) Скрыганам, якому 11 лістапада споўнілася б 105 гадоў. Літаратар неаднаразова наведваў Капыль і сустракаўся ў раённым Цэнтры культуры са сваімі чытачамі. У многіх і сёння захоўваюцца аўтографы на яго кнігах. Апошняя сустрэча адбылася ў 80-я гады мінулага стагоддзя. Ён да нас завітаў разам з Алесем Адамовічам. Літаратары пабывалі ў школах Капыля, наведаліся ў рэдакцыю райгазеты, мелі гутаркі з тадышнім рэдактарам Віктарам Семянкевічам, журналістам Усеваладам Гурыновічам, аб гэтым былі апублікаваны нататкі ў раёнцы. З Іванам Аляксеевічам сябравала настаўніца СШ №1 (цяпер гімназіі) Клара Іларыёнаўна Сідзельнікава, яна суправаджала пісьменнікаў у час вандровак па памятных мясцінах горада. Сёння хочацца добрым словам успомніць Скрыгана–празаіка, равесніка першай рускай рэвалюцыі, які шмат зрабіў для беларускай літаратуры, сваім мастацкім словам заклікаў любіць родную мову, нашу Бацькаўшчыну, яе гістарычную памяць. Яго біяграфія складаная, яна ўвабрала ў сябе няпростыя жыццёвыя калізіі, якія адбываліся ў краіне. Пачатак мінулага стагоддзя быў бурным, ён паламаў лёсы многіх людзей. Пазней пра гэтыя буры і шквалы пісьменнік раскажа ў сваіх творах. Нарадзіўся Іван Скрыган у вёсцы Труханавічы на Капыльшчыне. Жыццёвыя мудрасці давялося спасцігаць у маленстве: пасвіў жывёлу, араў, сеяў, касіў. І каб не віры новага жыцця, то быў бы добрым гаспадарнікам. Пачатковую адукацыю атрымаў у царкоўнапрыходскай школе, вучыўся ў слуцкай гімназіі, затым у Слуцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, які на апошнім курсе юнак кінуў — яго не вабіла кар’ера земляроба, а больш цікавіла журналістыка. Таму ў 1924 годзе Іван уладкоўваецца ў рэдакцыю слуцкай акруговай газеты “Вясковы будаўнік”. Дарэчы, гэтае перыядычнае выданне распаўсюджвалася і на Капыльшчыне, і некаторыя замалёўкі з жыцця нашых вяскоўцаў можна было прачытаць на яе старонках. Пісаў Скрыган і пра наш раён. Тут былі апублікаваны яго першыя вершы, якія нават траплялі ў рэспубліканскія часопісы. У калектыўным зборніку “Слуцкія песняры”, альманахах “Наддзвінне” можна адшукаць пробы пяра маладога паэта. Але Ян Скрыган захапіўся прозай, у якой адчуваецца лірычнае гучанне вобразаў, сюжэтаў твораў. Вопыт вершаскладання дапамагае перадаваць маляўнічую палітру ў аповесцях і апавяданнях. На старонках кнігі “Кругі” ўвасоблены воблік рэдактара газеты “Вясковы будаўнік” Паўлюка Шукайлы. Аўтар  па-мастацку, яркімі штрыхамі выпісаў асобу героя. Зразумела, пераломныя падзеі нашага жыцця, рэвалюцыі і грамадзянскай вайны Скрыган вучыўся адлюстроўваць не без уплыву Кузьмы Чорнага. Але яго лірычная проза ў нечым падобная да брылёўскай. Ён, як паэт, піша запаветную песню сэрца, душы – адкрывае тонкія грані жыцця, характараў чалавека. Шмат старонак прысвяціў вядомым беларускім пісьменнікам Міхасю Зарэцкаму, Цішку Гартнаму, Платону Галавачу, Янку Купалу, Рыгору Мурашку і іншым. Яго дакументальная проза дакладная і ў той жа час з рысамі мастацкай. Іван Аляксеевіч быў высокаадукаваным чалавекам, увесь час вучыўся. Закончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у газеце “Літаратура і мастацтва”, быў членам многіх літаратурных аб’яднанняў. З яго ўспамінаў можна даведацца, як няпроста адбываліся літаратурныя працэсы ў краіне, якая выйшла на прасцяг новага жыцця. Ён перадае нам сваю памяць пра няпросты шлях ідэй і мастацкіх кірункаў. Пісьменнік прайшоў праз рэалізм, футурызм, імажынізм, кубізм. Уваходзіў у літаратурныя групоўкі “Полымя”, “Узвышша”, “Маладняк”. Менавіта члены гэтых суполак у большасці былі рэпрэсіраваны. У 1936 годзе не пазбег арышту і Ян Скрыган. На 10 гадоў трапіў у Нова-Іванаўскі лагер, дзе большасць вязняў загінула. А ён выжыў і, здаецца, можна стаць на ногі, але яго зноў высылаюць: спачатку ва Узбекістан, затым у Эстонію на сланца-хімічны камбінат, потым яшчэ адзін арышт і высылка ў Сібір. У 1954 годзе Іван Аляксеевіч быў рэабілітаваны і вярнуўся ў Мінск. У сталіцы ўжо пачынаецца новае жыццё. Шмат перадумаў, адрынуў старыя ўяўленні аб жыцці. Ён па-новаму бачыць свет. Яшчэ больш аддае сваю сыноўнюю любоў маці-Беларусі. Наш зямляк дапамагае расправіць крылы маладым аўтарам. Вось як успамінае пра дзядзьку Яна малады пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік: “Мы часта сустракаліся, і на адной сустрэчы ён мне сказаў, што не трэба мудрагеліць і штукарыць, пішы, як ходзіш. Галоўнае ў літаратуры –  свая паходка. Я трымаюся яго запавету”. Трапныя падказкі і парады пісьменніка дапамаглі многім маладым празаікам набыць свой літаратурны твар. Ян Скрыган працаваў рэдактарам мастацкай прозы ў Дзяржвыдавецтве, літ-кансультантам Саюза пісьменнікаў Беларусі, у часопісе “Полымя”, у БелСЭ. Пісьменнік мае шмат урадавых узнагарод, званне “Заслужаны работнік культуры Беларусі”, з’яўляецца лаўрэатам дзяржаўнай прэміі БССР. Літаратурная спадчына Яна Скрыгана багатая, ім напісаны шмат апавяданняў, аповесцей, нарысаў, зроблена многа перакладаў на беларускую мову твораў рускіх класікаў. Чалавек, які жыве ў складаным часе, годна выжывае і заслугоўвае павагу людзей, –  вось такія героі твораў Яна Скрыгана вучаць нас не згубіцца ў часе. Іван ІГНАТЧЫК

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей