Мы пацікавіліся ў нашых грамадзян, што самае адметнае за апошнія пяць гадоў адбылося ў іх жыцці.
Ганна ЛАЎРУКЕВІЧ, старшыня Пастаяннай камісіі па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў і інвалідаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:
— Апошнія гады былі вельмі актыўнымі і цікавымі. Мінулае пяцігоддзе было ў многім накіравана на развіццё аграпрамысловага комплексу. Адзначу, што спачатку было не вельмі проста. Ведаю на ўласным вопыце, бо ў той час узначальвала галіну бытавога абслугоўвання рэспублікі. У нейкай ступені не пашанцавала, бо перашкаджаў сусветны эканамічны крызіс. Задачай №1 было захаваць вытворчасць, калектывы, выплачваць заработную плату. Як бачым, сёння ўсё стабілізавалася. Спадзяюся, што дабрабыт народа будзе павышацца.
Алена ІЛЬЮЧЫК, галоўны спецыяліст аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама:
— За гэты перыяд у маім жыцці адбылося шмат перамен. Напрыклад, пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі была накіравана на працу ў СВК “Ціміразеўскі” Капыльскага раёна, потым перавялася ў інспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. Напрыканцы 2006 года запрасілі працаваць у райвыканкам. А ў асабістым жыцці – сустрэла каханага чалавека, ажані- ліся, нарадзіла дачку. Як многія маладыя сем’і, зараз будуем жыллё.
Таццяна ЗМІТРОВІЧ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №2 г. Капыля:
— Што тычыцца асабіста мяне, то за гэты час я прымала ўдзел у раённым конкурсе “Настаўнік года” і стала яго пераможцай. Вось ужо другі год як мне аказаны давер быць намеснікам дырэктара школы. Наша навучальная ўстанова жыве актыўным, цікавым жыццём. Вучні і педагогі паспяхова выступаюць у спартыўных мерапрыемствах, у конкурсах мастацкай самадзейнасці. Навучальны працэс таксама ідзе на высокім узроўні.
Дзмітрый ТАРАСЕВІЧ, малады спецыяліст, галоўны аграном СВК “Душава”:
— За апошнія пяць гадоў я закончыў школу, паступіў у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт на спецыяльнасць “агульная агранамія”. Пасля атрымання дыплома накіраваны на працу на малую радзіму – у сельгаскааператыў “Душава”, дзе прызначаны на пасаду галоўнага агранома. Ёсць пажаданне больш увагі на месцах надаваць маладым спецыялістам.
Таццяна РЫМАШЭЎСКАЯ, супрацоўніца “Беларусбанка”:
— Лічу, што самымі асноўнымі падзеямі ў маім жыцці стала тое, што наша сям’я пабудавала трохпакаёвую кватэру ў жыллёва-будаўнічым кааператыве, нарадзілася другое дзіця. А яшчэ пасля заканчэння ўніверсітэта ўладкавалася на працу ў “Беларусбанк”. Увогуле, на маю думку, апошнім часам наша жыццё палепшылася: рэгулярна атрымліваем заработную плату, у магазінах можна набыць што пажадаеш. Хацелася б, каб будучае стала яшчэ лепшым.
Святлана РУСАКОВІЧ, спецыяліст па камунальных разліках з насельніцтвам КУП “Капыльская ЖКГ”:
— Вось ужо пяць гадоў працую ў Капыльскай ЖКГ. Летась закончыла Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “правазнаўства”. Спадзяёмся, што ў наступным годзе атрымаем кватэру, якая будуецца ў ЖБК. Замужам, пакуль адно дзіця. Мяркую, што наш дабрабыт палепшыцца. Гэта адчуваецца з павышэннем заработнай платы, змяненнем умоў жыцця.
Апытваў Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии