Навядзенне парадку на мехдварах і фермах — пытанне стратэгічнае, бо, як кажуць у народзе: няма парадку — няма дастатку. Менавіта таму яно знаходзіцца на пастаянным кантролі ў кіраўніцтва раёна і ўпраўлення райсельгасхарчу.
Вялікае значэнне маюць і ўмовы, створаныя для работы людзей. Душавая, пакой для адпачынку, дзе можна папіць гарбаты, атрымаць карысную інфармацыю аб вытворчасці, проста адпачыць — не так ужо і многа патрэбна сельскаму працаўніку. І дастаткова над гэтым папрацаваць аднойчы, а потым проста ўсё падтрымліваць у належным стане.
На мінулым тыдні давялося наведацца ў некаторыя сельгаспрадпрыемствы раёна, каб на свае вочы ўбачыць, наколькі плённа працуюць жывёлаводы і якія ўмовы для іх створаны на фермах. У поле зроку трапілі тры гаспадаркі, размешчаныя побач: ААТ «Душава», КСУП «С «Лясное», ААТ «Прагрэс 2010». У кожнай былі наведаны па 1-2 фермы (па выбары гаспадароў).
У ААТ «Душава» мы аб’ехалі дзве малочнатаварныя фермы: «Печураны» і «Душава». Суправаджалі нас дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Кажура і старшыня прафкама Галіна Касінская. І ў гэтай гаспадарцы прыкладваюць пэўныя намаганні, каб жывёлагадоўчая галіна працавала плённа, давала рэзультаты, а людзі не скардзіліся на бытавыя ўмовы. Адрамантавалі дах на МТФ «Душава» — былы працякаў, тлумачыць Аляксандр Кажура. На гэтай жа ферме давялі да ладу адну малочную: паклалі новую плітку на падлогу, падшылі столь, зрабілі каналізацыю і абсталявалі прымусовую вентыляцыю. Такія ж планы наконт другой малочнай. Не засталося без увагі і аналагічнае вытворчае памяшканне ў МТФ «Печураны».
Утрыманне жывёлы на абедзвюх фермах прывязнае, дояць кароў у малакаправод — двойчы на дзень. «Кармоў сёлета мы нарыхтавалі крыху менш, — расказвае Аляксандр Кажура. — Але з улікам пераходнага запасу, думаю, што гэтага на зімоўку хопіць. Аднак стараемся эканоміць: хто ведае, якая будзе зіма. Ды і вясна можа сюрпрызы паднесці».
Разам з загадчыкамі МТФ дырэктар правёў нас па бытавых памяшканнях. Нельга сказаць, што ўмовы, якія там створаны для людзей, могуць цалкам задавальняць. Недзе паламаныя шафкі для адзення, недзе няма плафонаў на лямпачках (а гэта ж тэхніка бяспекі!). А то і зусім асвятленне адсутнічае — тады ўзнікае лагічнае пытанне: а ўвогуле мыюцца ў такой душавой людзі? Страшную чорную столь, выгляд якой тлумачыцца тым, што працякаў дах (МТФ «Душава»), можна было пабяліць падчас аднаго з санітарных дзён. І для гэтага не трэба шмат сіл і сродкаў. А яшчэ на фермах вельмі брудныя каровы. «А што мы можам зрабіць? — апраўдваецца загадчыца МТФ «Печураны» Галіна Бузель. — У нас жа каровы на прывязі, падсцілаем пілавіннем. Нам бы неяк да сакавіка дацярпець, а там каровы ліняць пачнуць і самі больш чыстымі стануць». І ў той жа самы час згаджаецца, што чысціня кароў уплывае на якасць малака. А на «экстру» тут, як паведаміў дырэктар, пакуль не разлічваюць.
У КСУП «С «Лясное» разам са старшынёй прафкама гаспадаркі Любоўю Цыбульскай заехалі на МТФ «Колы», дзе сустрэліся з загадчыцай фермы Антанінай Зобнінай. Менавіта яна зрабіла своеасаблівую экскурсію па жывёлагадоўчым аб’екце. Як прызналася сама Антаніна Васільеўна, ферму назваць лідарам вытворчасці ў гаспадарцы нельга, хоць тут і створаны нядрэнныя ўмовы для ўтрымання статка і работы жывёлаводаў. Тры гады таму была праведзена рэканструкцыя, зманціраваны даільна-малочны блок. Тут утрымліваецца больш за 700 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх каля 400 кароў. Колькі ад іх было надоена за папярэдні месяц, жанчына дакладна не ведае, хаця ўся неабходная інфармацыя на стэндах ёсць і, па словах старшыні прафкама, абнаўляецца рэгулярна.
[caption id="attachment_44659" align="aligncenter" width="580"]

Пакой для адпачынку на МТФ «Колы» КСУП «С «Лясное»[/caption]
Заходзім у даільную залу. Тут дзве жанчыны наводзяць парадак пасля ранішняй дойкі. «У нас арганізавана двухразовае даенне кароў, — тлумачыць загадчыца, — раніцай пачынаем у 6 гадзін. Увечары на дойку таксама прыходзяць а шостай. Дояць кароў два аператары і трэці — на падмене».
Распытваем, чым кормяць кароў. «Рацыён складаецца з 15 кілаграмаў сенажу і столькі ж сіласу, — расказвае Антаніна Зобніна, — навацельным даём па 500 г канцэнтратаў на адзін літр малака, астатнія каровы атрымліваюць па 400 г. Акрамя таго навацельныя атрымліваюць па 1 кг шроту. Ёсць сена, прывозяць і сянаж у рулонах. Кармы змешваем і раздаём кормараздатчыкам. Няма праблем і з водапаеннем».
Антаніна Васільеўна паказвае бытавыя ўмовы, створаныя для жывёлаводаў. Ёсць душавая, пакой, дзе можна пераапрануцца, гарачая вада забяспечваецца пры дапамозе бытавога награвальніка «Арыстон». Працуе і пральная машына — загадчыца адчыняе яе і вымае некалькі халатаў: «Паглядзіце — пасля дойкі іх закінулі ў машыну і ўжо можна несці сушыць».
Паводле слоў Любові Цыбульскай, на ўсіх жывёлагадоўчых аб’ектах гаспадаркі створаны нядрэнныя бытавыя ўмовы для працаўнікоў. Усюды ёсць магчымасць памыцца: у Думічах — душавая кабіна, на астатніх фермах стаяць катлы, якія працуюць на мясцовых відах паліва. «Мы рэгулярна — кожныя дзесяць дзён — праводзім Дні жывёлавода. Прыязджаюць на ферму кіраўнік гаспадаркі, яго намеснікі па жывёлагадоўлі, эканоміцы, галоўны ветурач, заўсёды і я наведваюся. Падводзім вынікі работы, лепшыя працаўнікі заахвочваюцца прэміямі. Напрыклад, за 11 месяцаў гэтага года лепш за іншых спрацавала Людміла Ромчанкава з МТФ «Пясочнае», надаіла па 4743 кг ад кожнай каровы. Рыхтуемся да святкавання Новага года, як і заўсёды, заедзем у кожнае падраздзяленне, каб павіншаваць працаўнікоў са святам. Набылі цукеркі для падарункаў — іх атрымае кожны член прафсаюза, а таксама іх дзеці».
Прыемна ўразіла малочнатаварная ферма ў
ААТ «Прагрэс 2010», куды мы наведаліся разам са старшынёй прафкама Алай Тароцька. Тут жа сустрэліся з кіраўніком гаспадаркі Валерыем Тароцькам. Узначальвае ферму Ніна Мініч, якая займае пасаду загадчыцы толькі два месяцы. На ферме ўтрымліваецца больш за 500 галоў дойнага статка, ёсць 160 цялят да 6-месячнага ўзросту і 150 галоў маладняку. Усе працэсы, якія адбываюцца ў жывёлагадоўчых памяшканнях, адлюстроўваюць камеры відэаназірання (іх сем), можна назіраць як у рэжыме рэальнага часу, так і праглядваючы запісы. Гэта стварае дастатковы стымул для працаўнікоў і дазваляе быць у курсе таго, што адбываецца на ферме.
[caption id="attachment_44661" align="aligncenter" width="580"]

Уваход на МТФ «Пацейкі» ААТ «Прагрэс 2010»[/caption]
У мінулым месяцы быў здадзены ў эксплуатацыю так званы клюшачнік — там цяпер утрымліваюцца сухастойныя каровы. Умовы для іх створаны — лепш не прыдумаеш! І ўвогуле на малочнатаварнай ферме, якая прайшла грунтоўную рэканструкцыю, атрымала сучасную даільную залу, прыемна знаходзіцца як жывёле, так і людзям. У бытавых памяшканнях утульна, усюды парадак, зроблена ўсё, каб жывёлаводы адчувалі сябе камфортна. Ёсць уся неабходная інфармацыя, так што можна быць у курсе ўсіх вытворчых падзей. Цяпер застаецца толькі імкліва нарошчваць прадукцыйнасць працы, каб займаць пазіцыі ў ліку лідараў.
У рэйдзе прымалі ўдзел:
Ірына СЦЯПУРА,
старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК;
Маргарыта САКОВІЧ,
намеснік галоўнага рэдактара «СП»
Фота Маргарыты САКОВІЧ
Комментарии