Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

44

У родавым маёнтку Вайнiловiчаў

26.11.2010
 Гісторыя - шматгранная навука, пры вывучэнні якой пранікаеш у таямніцы далёкіх часоў, знаёмішся з цікавымі падзеямі, выдатнымі асобамі. Асабліва заварожвае яна падчас вывучэння роднага краю, калі разумееш, што размова ідзе пра людзей тутэйшых. Іх стаўленне, дасягненні ў розных галінах адбываліся на зямлі, на якой ты жывеш і працуеш. 
 
[caption id="attachment_4246" align="aligncenter" width="443" caption="Падчас прэс-тура"][/caption] Як вядома, Капыльшчына гартае старонкі свайго летапісу з 1274 года. За даволі працяглы час свайго існавання засталося шмат сведчанняў багатага гістарычнага мінулага, захаванага ў дакументах, фотаздымках, археалагічных помніках і знаходках, будынках і г. д. Асобную нішу ў гэтым летапісе займаюць людзі, што пакінулі след не толькі ў гісторыі роднага краю, але і ўсёй нашай краіны. Адным з такіх знакамітасцей быў Эдвард Вайніловіч, заснавальнік Чырвонага касцёла – архітэктурнай жамчужыны Беларусі, якой 21 лістапада споўнілася 100 гадоў. Не дамагаючыся высокіх пасад Эдвард Вайніловіч нарадзіўся 13 кастрычніка 1847 г. у вёсцы Сляпянка пад Мінскам у маёнтку бацькоў яго маці Эдварда і Міхаліны Манюшкаў-Ваньковічаў. Пасля бацькі Эдварда, Адам Вайніловіч і Ганна Ваньковіч, пераехалі ў родавы маёнтак “Савічы”. Род Вайніловічаў не быў дваранскім, але належаў да заможнай шляхты. Ён адзін з тых нешматлікіх, якія змаглі ўтрымаць родавыя валадарствы больш за тры стагоддзі і не трапілі пад уплыў Радзівілаў, які быў вельмі моцным у тыя часы ў Навагрудскім ваяводстве. Вайніловічы здолелі захаваць сваю незалежнасць, былі сябрамі Радзівілаў, але ніколі — іх служкамі. Працавітасць і адданасць Радзіме — менавіта ў такіх сямейных традыцыях рос Эдвард Вайніловіч. Ён атрымаў добрую адукацыю: скончыў Слуцкую гімназію, затым — Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, стажыраваўся ў Нямеччыне, быў слухачом сельскагаспадарчай акадэміі ў Сілезіі. Аднак з-за хваробы бацькі Эдвард вымушаны  вярнуцца  дадому. У  1874 г. 27-гадовы Вайніловіч уступае ў валоданне родавымі маёнткамі “Савічы” і “Пузава”. З гэтага часу ён звязаў свой лёс з зямлёй, стаўшы адначасова актыўным грамадскім дзеячам у шматлікіх сферах. Можна смела сцвярджаць, што не было ніводнага мірнага рашэння пытання, ніводнага сямейнага разгляду на Случчыне, якія праходзілі б без удзелу Вайніловіча. Ён пачаў займацца пытаннямі апякунства. Выконваючы гэтую функцыю, Эдвард набыў ужо ў маладыя гады багаты жыццёвы вопыт і стаў дасведчаны ў сямейных і маёмасных пытаннях сваіх землякоў. Варта адзначыць і высакародную дзейнасць па выратаванні гаспадарак павета, якія апынуліся пад пагрозай спусташэння. Да людзей ён спяшаўся ахвотна і з добразычлівай парадай, часта і з матэрыяльнай дапамогай, якая дазваляла тым, хто трапіў у бяду, вырашыць складаныя пытанні. У 1876 г. ён стаў членам Мінскага зямельнага таварыства (Аграрнага грамадства). Дзякуючы старанням Вайніловіча пачалося бурнае развіццё ў вобласці сельскай гаспадаркі, якое дазволіла Мінскаму таварыству займаць першае месца сярод сельскагаспадарчых таварыстваў дзяржавы. Камунікабельнасць, здольнасць імгненна арыентавацца ў розных прафесійных і грамадскіх акалічнасцях, велізарны жыццёвы досвед, веданне рэчаіснасці, лаяльнасць па стаўленні да апанентаў дазвалялі яму ўмела, з веданнем справы кіраваць зборамі, абыходзіць у спрэчных пытаннях вострыя вуглы. Таксама больш за 35 гадоў Вайніловіч быў ганаровым суддзёй Слуцкага павета. Гэтую пасаду ён вельмі шанаваў і не прапусціў ніводнага судовага пасяджэння без уважлівай прычыны. Эдвард доўгі час быў і старшынёй Дабрачыннага таварыства ў Слуцку, шчодра забяспечваючы існуючы пры ім інтэрнат, дзе некалькі дзясяткаў маламаёмасных маладых людзей, у асноўным са збяднелай шляхты і сялян, атрымлівалі бясплатна або за вельмі малую плату прытулак. Шмат у чым ён садзейнічаў адкрыццю ў Слуцку сярэдняй гандлёвай школы. Сямейная драма У сямейным жыцці Вайніловіча праследвалі няшчасці, адно за адным навальваліся на яго цяжкія выпрабаванні. У 1897 г. памірае адзіны 12-гадовы сын, апошняя галінка старадаўняга і заслужанага роду. Падняцца няшчаснаму бацьку пасля такога страшнага ўдару дапамагла вялікая і моцная вера ў Бога, якая дазволіла яму перанесці гэтае няшчасце. У 1903 г. памірае 19-гадовая любая дачка. Сядзіба “Лапухі” (цяпер в. Дунаева) да 1846 года належала Тамашу  Ёдку. Сям’я Вайніловічаў купіла яе ў другой палове XIX стагоддзя. Складаліся “Лапухі” з аднапавярховага сядзібнага дома, парку, саду і некалькіх вадаёмаў, гаспадарчага двара, піваварні, маслазавода, пральні, гаспадарчых і службовых пабудоў. На тэрыторыі сядзібы знаходзіліся пейзажны парк, шматлікія алеі з розных парод дрэў і кустоў. У 1903 годзе (пасля смерці дачкі) Эдвард Вайніловіч прадаў “Лапухі” Людвігу Наркевічу-Ёдку. Гэтыя сродкі (каля 300 тысяч рублёў) і леглі ў аснову будаўніцтва знака нашай сталіцы, цудоўнага храма ў памяць аб сваіх памерлых дзецях —  Сымона і Алены. У служэнні Айчыне Пасля 1905 г. з увядзеннем у Расіі канстытуцыйнага ладу перад Вайніловічам адкрыліся новыя, больш шырокія гарызонты дзейнасці. Ён быў абраны членам Дзяржаўнага савета ад Мінскай губерні. Затым абіраецца старшынёй Грамадства палякаў з Літвы і Расіі і кіраўніком Аб’яднаных супольнасцей Польскага Каралеўства, Літвы і Расіі падчас іх агульных пасяджэнняў і выступленняў. У Дзяржсавеце Эдвард займае высокае становішча члена фінансавай камісіі, асабліва важнай у сувязі з вылучэннем на першы план I Дзяржаўнай Думай аграрнага пытання. Яго рэфераты і выступленні, якія датычыліся гэтага пытання, звяртаюць на сябе ўвагу. Вайніловіча прызнаюць адным з нешматлікіх кампетэнтных адмыслоўцаў у гэтым пытанні. З яго меркаваннем лічацца такія вядомыя прадстаўнікі дзяржавы, як Сталыпін, Вітэ, якія спачатку не давяралі яму і наогул варожа адносіліся да новай асобы, абранай у Дзяржраду. З увядзеннем у Мінскай губерні Сталыпінскіх Земстваў Вайніловіч быў абраны дараднікам Губернскага Земства ад Слуцкага павета і стаў прымаць актыўны ўдзел у рабоце гэтага рэфармаванага земскага самакіравання. Першая сусветная вайна парушыла нармальны ход гаспадарчай дзейнасці. Нямецкая акупацыя ў некаторай ступені паслабіла дзейнасць Мінскага сельскагаспадарчага таварыства і паставіла новыя задачы і патрабаванні, якія таварыства не ў стане было вырашыць. І Вайніловіч стварае Саюз (Супольнасць) мінскіх сялян, становіцца на чале яго і прад’яўляе ваенным уладам патрабаванне абараніць маёмасць вяскоўцаў, якая бессэнсоўна знішчаецца рознага роду рэквізіцыямі. Па меры сваіх сіл і магчымасцей ён імкнуўся аказваць дапамогу жыхарам, перасяленцам з акупаваных тэрыторый або якія затрымаліся ў раёне ваенных дзеянняў. Маёнтак “Савічы”, размешчаны на шляху з Баранавіч у Бабруйск, стаў падвяргацца наплыву ўцекачоў, якія рабілі разбурэнні ў гаспадарках. Але яшчэ больш трагічныя падзеі перажыў Вайніловіч у Савічах у сувязі з Кастрычніцкай рэвалюцыяй, калі ўсе маёнткі былі захоплены так званымі камітэтамі, якія складаліся з прадстаўнікоў суседніх вёсак. Па меры развалу фронту то адзін, то другі маёнтак станавіўся ахвярай пагромаў, якія здзяйснялі дэзертыры пры ўдзеле і мясцовых жыхароў. Прыкладна 19 - 21 лютага 1918 г. такая доля спасцігла і маёнтак “Савічы”. Па-варварску была разрабавана і знішчана культурная спадчына, якую па дробязях з XVII стагоддзя збірала сям’я Вайніловічаў. Вялікая колькасць каштоўных палотнаў і гістарычных экспанатаў, выдатнай працы гданьскія шафы, рознага роду скрыначкі, збор сямейных партрэтаў, бібліятэка, у якой  знаходзілася больш за 5000 тамоў, і гонар роду Вайніловічаў — велізарны, прыведзены ў ідэальны парадак, сямейны архіў. Але нават падчас акупацыі Вайніловіч абараняў ад немцаў пагромшчыкаў, ратуючы іх ад смерці. Ён лічыў, што гэта яго суседзі, суайчыннікі. Эдвард не прымаў нічый бок, нягледзячы на пераменны поспех ваюючых. Вайна прымусіла Вайніловіча пакінуць родавае гняздо і шукаць прытулку ў Варшаве. Пасля вызвалення г. Мінска ў жніўні 1919 г. Вайніловіч вяртаецца ў Савічы, цалкам разбураныя. Некалькі месяцаў ён быў заняты ўзнаўленнем гаспадаркі ў маёнтку, адначасова займаючыся грамадскімі і палітычнымі справамі. 6 ліпеня 1920 г. Вайніловіч атрымлівае загад аб неадкладнай эвакуацыі ўсёй маёмасці ў сувязі з адступленнем польскіх войскаў. З невялікай часткай маёмасці, якую атрымалася захаваць, ён пакідае Савічы, на гэты раз ужо назаўжды... Вайніловіч пераязджае ў Быдгашч (Польшча), дзе 16 чэрвеня 1928 гады ён і пайшоў з жыцця. Да апошніх дзён свайго жыцця Эдвард імкнуўся вярнуцца на Радзіму. Аб гэтым з нудой і надзеяй ён пісаў у сваёй кнізе “Воспоминания”. “Па сядзібах Эдварда Вайніловіча” [caption id="attachment_4249" align="aligncenter" width="443" caption="Свіран у в. Дунаева"][/caption] Да 100-годдзя са дня заснавання Касцёла святога Сымона і святой Алены ў канцы кастрычніка быў прымеркаваны прэс-тур, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі некаторых сродкаў масавай інфармацыі краіны, а таксама настаяцель храма ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк. Ініцыятарам мерапрыемства стала грамадскае аб’яднанне “Адукацыя без межаў”. Экскурсію па месцах, звязаных з імем Эдварда Вайніловіча, дапамагала правесці і дырэктар Капыльскага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова. Карэспандэнты пабывалі ў Дунаеве, дзе засталіся рэшткі гаспадарчых пабудоў сядзібы “Лапухі” і свірана, калодзеж і басейн. На месцы былых паркаў захавалася некалькі дзесяткаў дрэў. Пасля ў вёсцы Цімкавічы прадстаўнікі СМІ наведалі месца, дзе калісьці стаяў касцёл Святога Міхаіла Архангела, у падзямеллях якога знаходзіліся фамільныя ўсыпальні роду Вайніловічаў. У вёсцы Савічы на месцы сядзібы сёння можна ўбачыць сцены былой піваварні, курган з надмагільнымі плітамі і крыжом у памяць пра род Вайніловічаў. [caption id="attachment_4261" align="aligncenter" width="443" caption="Рэшткі піваварні ў в. Савічы"][/caption] Ужо па дарозе дадому наведалі в. Бабоўня, дзе ў даволі прывабным выглядзе захаваліся спіртзавод і склад да яго, якія належалі славутаму земляку Вітольду Наркевічу-Ёдку. Пасля экскурсіі ўсе карэспандэнты сцвярджалі, што маршрут з’явіўся напярэдадні святкавання 100-годдзя Чырвонага касцёла. Вось тут я асабіста з калегамі не згаджуся. Ён быў тут даўно. Такія экскурсіі можна было б праводзіць і дваццаць гадоў таму, але цікавасць да гісторыі роду Вайніловічаў узнікла зусім нядаўна, а мясцовыя краязнаўцы прозвішча вядомага земляка адкрылі значна  раней. Дарэчы, матэрыялы брашуры з аднайменнай назвай маршрута падрыхтаваны супрацоўнікамі нашага музея, а ўжо надрукаваны яны за сродкі “Адукацыі без межаў”. Як паведаміла дырэктар Капыльскага раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова, увогуле на Капыльшчыне знаходзіцца шэсць сядзібна-паркавых комплексаў, якія ўяўляюць гістарычную каштоўнасць, але гэта разбураныя або напаўразбураныя сядзібы. Прыкладна столькі ж маюць даволі добрую захаванасць. На жаль, па нейкіх прычынах яны не ўнесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Будзем спадзявацца, што не ўнесены покуль… ФАКТ *  Храм будавалі 6 гадоў.  *  Вайніловіч свядома адмовіўся ад усялякіх ахвяраванняў іншых асоб і фондаў. Але некалькі выключэнняў усё ж зрабіў. Прыняў у дарунак ад свайго сябра Аляксандра Болтуца 1000 рублёў на званы і 200 рублёў ад пані Шантырувны на арганы. А яшчэ ў дарунак былі прынятыя святыні: старадаўні абраз Божай Маці ад сям’і Скірмунтаў з Парэчча і цудоўнае драўлянае распяцце, у свой час вырабленае для Слуцкага Фарнага касцёла. *  Для стварэння аконных вітражоў Вайніловіч запрасіў з Кракава вядомага мастака Францішка Бруздовіча. *  Алтар, інтэр’еры і скульптуры вырабіў для храма варшаўскі скульптар Зігмунд Отта. *  У 1909 годзе на галоўную вежу касцёла былі падняты тры званы: Міхась вагой 2373 фунты (1 фунт – 453,6 г), Эдвард — 1287 фунтаў і Сімеон — 760 фунтаў. *  Разам з балконамі і хорамі храм мясціў да 1500 чалавек. *  Пасля рэвалюцыі 1917 года на Чырвоны касцёл і яго служкаў пачаліся ганенні. У 1923 годзе храм быў разрабаваны: атэісты вынеслі не толькі абразы і скульптуры, але нават чарніліцы. *  У 1932 годзе касцёл закрылі. У ім спачатку размясціўся  Дзяржаўны польскі тэатр БССР, а затым кінастудыя. *  Падчас вайны немцы дазволілі праводзіць службы ў касцёле. *  Пасля вайны касцёл ізноў адабралі ў вернікаў і пачалі ў ім розныя перабудовы, каб пазбавіць будынак культавых прымет. У 1975 годзе тут размясціўся Дом кіно і Музей гісторыі беларускага кіно. *  У 1990 годзе касцёл вярнулі пастве. *  У 2006 годзе ў касцёле святых Сымона і Алены перапахавалі рэшткі Эдварда Вайніловіча – паводле яго апошняй волі. Сяргей ЛАЗОЎСКІ   Фота аўтара

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей