Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

26

Не забывать о родительских обязанностях

24.11.2015
Чарговае выязное пасяджэнне каардынацыйнага цэнтра прафілактыкі сямейнага недабрабыту было праведзена сумесна з агульнашкольным бацькоўскім сходам у Семежаўскім ВПК д/с-СШ. дети Напачатку былі падведзены вынікі вучэбнай дзейнасці навучальнай установы за першую чвэрць. Як паведаміў намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Міхаіл Драцкі, на працягу гэтага перыяду ў школе вучыўся 151 чалавек. Сярэдні бал па ўстанове склаў 7,1, самы высокі ў 11 класе — 8, у 10 класе — 7,8. На 9 балаў і вышэй паказваюць веды 10 навучэнцаў. Сярод праблем, якія ўзняў Міхаіл Васільевіч, — недастатковы кантроль з боку бацькоў за выкананнем дамашняга задання (многія вучні яго спісваюць, карыстаючыся інтэрнэтам ці рашэбнікамі) і недастатковы ўзровень тэхнікі чытання. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Васіль Сянюк правёў даволі цікавы і пазнавальны бацькоўскі лекторый наконт ролі сям’і ў выхаванні культуры паводзін навучэнцаў. Адкрываючы пасяджэнне каардынацыйнага цэнтра, намеснік старшыні цэнтра, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Зоя Дайняк расказала аб рабоце структуры, яе мэтах і задачах. Як падкрэсліла Зоя Леанідаўна, цэнтр аб’яднаў усе суб’екты прафілактыкі. Яго выязныя пасяджэнні абавязкова праводзяцца два разы на месяц з удзелам прадстаўнікоў розных зацікаўленых структур. — Галоўнае — дабіцца рэабілітацыі хоць бы адной канкрэтнай сям’і, якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дапамагчы вярнуць дзяцей бацькам, а бацькоў, якія п’юць, павярнуць да нармальнага жыцця, і тады можна ўжо лічыць работу каардынацыйнай цэнтра не марнай, — адзначыла Зоя Дайняк. — Бо, па вялікім рахунку, няшчасце адной сям’і — бяда для ўсёй дзяржавы. Статыстычныя даныя па здзяйсненні злачынстваў сярод непаўналетніх прывёў намеснік начальніка Капыльскага РАУС начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Сяргей Абрамовіч. Як паведаміў Сяргей Валянцінавіч, на тэрыторыі раёна ў працэнтных суадносінах назіраецца рост злачыннасці сярод гэтай катэгорыі (імі здзейснена 15 злачынстваў). Асноўная прычына — п’янства, знаходжанне непаўналетніх у стане алкагольнага ап’янення, хуліганства, а таксама выкрываюцца факты ўжывання наркатычных сродкаў. На шчасце, на тэрыторыі семежаўскага сельсавета сітуацыя ў гэтых адносінах спакойная. Відавочна, што педагагічны калектыў працуе ў правільным кірунку. Прысутным былі прадэманстраваны відэафільмы, прадастаўленыя службай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і сацыяльна-педагагічным цэнтрам. Іх кадры мала каго пакінулі раўнадушнымі. Аўдыторыя ўбачыла, як з-за адсутнасці абачлівасці дарослых могуць загінуць дзеці, як ім хочацца бацькоўскага цяпла і ласкі… Старшы памочнік пракурора раёна Аляксей Загорцаў звярнуў увагу на тое, што галоўнай прычынай сямейных праблем з’яўляецца алкагалізацыя насельніцтва, якая набірае моц. — Змагацца з гэтым злом, — сказаў Аляксей Рыгоравіч, — неабходна разам усім зацікаўленым структурам, галоўную ўвагу надаваць прафілактычнай рабоце. Старшы інспектар АДАІ Віктар Борыс прааналізаваў прычыны ДТЗ у Мінскай вобласці і Капыльскім раёне з удзелам дзяцей. Дакладчык звярнуў увагу на абавязковае абазначэнне святлоадбівальнымі элементамі і на паводзіны на дарозе. — Паспяховая будучыня дзіцяці — залог будучыні нашай краіны, — падкрэсліў старшыня каардынацыйнага цэнтра, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Ліпніцкі. — Дайце шанс дзіцяці ажыццявіць тое, што закладзена лёсам, магчымасць праявіць сябе. Сацыялізацыя асобы пачынаецца з сям’і, не ўпусціце гэту першую прыступку. Менавіта ў сям’і прывіваюцца навыкі культуры адносін, адсутнасці проціпраўных дзеянняў. Бацькі павінны быць прыкладам для сваіх дзяцей. Але ж сустракаюцца і адваротныя выпадкі. Прыміце ўсе меры, каб такое не адбывалася. Заклікаю ўсіх выконваць бацькоўскі абавязак на належным узроўні. Падчас мерапрыемства была праведзена індывідуальная гутарка з тымі, хто, на жаль, свой бацькоўскі абавязак выконвае неналежна, з тымі, чые сем’і знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. З просьбай задумацца, кінуць піць, павярнуцца тварам да дзяцей, прайсці лячэнне звярталіся да праблемных бацькоў члены каардынацыйнага цэнтра. Хочацца верыць, што большасць з іх прымуць правільнае рашэнне… Сяргей КОЗЕЛ

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей