

— Мяне і да гэтага некалькі разоў выклікалі ў райкам партыі і настойліва прапаноўвалі «ўзяць» гаспадарку. Але я адмаўляўся. На гэты раз не атрымалася. Сярод шасці калгасаў, якія мне назвалі, выбраў «1 Мая». На той час гэта была гаспадарка, якая атрымалася пасля злучэння дзвюх суседніх. Кіраваў аб’яднаным калгасам Васіль Адамавіч Лобан — чалавек сталага ўзросту, ён не меў спецыяльнай адукацыі і папрасіў вызваліць яго ад пасады (цяжка было спраўляцца з нагрузкамі і нават з людзьмі, якімі папоўнілася аб’яднаная гаспадарка). На агульны калгасны сход я прыехаў з тадышнім старшынёй райвыканкама Мікалаем Андрэевічам Сухім. Ён прадставіў мяне і запрасіў на трыбуну — «расказвай аўтабіяграфію». А якая ў мяне, дваццацічатырохгадовага хлопца, тады была біяграфія — нарадзіўся, вучыўся, ажаніўся… Словам, я быў упэўнены, што за мяне не прагаласуюць і недзе ў глыбіні душы гэтаму радаваўся. Але якім было маё здзіўленне, калі ўсе прысутныя (а зала калгаснага клуба была перапоўнена) паднялі рукі «за». Не ведаю, чым я ім глянуўся, а можа проста ўжо не было розніцы, за каго галасаваць, але я стаў старшынёй праўлення калгаса «1 Мая». Адзінае, пра што ў тое імгненне падумалася: «Бывай, маладосць! Бывай, свабода!».
І сапраўды, для Эдуарда Кароткіна пачаліся дні, месяцы, гады напружанай працы, калі ён уставаў з думкамі пра работу, клаўся з думкамі пра яе і ўначы таксама сніліся «сюжэты з калгаснага жыцця». Старшыні неабходна было не толькі мець і ўдасканальваць спецыяльныя веды — аграном, заатэхнік, інжынер, будаўнік, але спасцігаць псіхалогію падначаленых яму людзей. «Напачатку даводзілася кожны вечар правяраць гузікі на кашулі мужа, — усміхаецца Надзея Кузьмінічна. — Часта і за грудкі хапалі: асобным калгаснікам, якія любілі зазірнуць у бутэльку, ніяк не хацелася пасля ранейшай вольніцы прывыкаць да парадку і дысцыпліны». Эдуард Рыгоравіч беражліва захоўвае свае даклады, якія ён рыхтаваў на справаздачныя сходы за 1961 і 1976 гады. Тут прыводзяцца вельмі цікавыя лічбы, якія хочацца параўнаць. Так, у 1961 годзе было атрымана па 11,5 цэнтнера на круг збожжавых і зернебабовых культур, па 82 ц/га бульбы, па 167 ц/га кукурузы і 118,5 ц/га цукровых буракоў. Надой ад каровы складаў у сярэднім за год 1874 кг. За адзін працадзень калгаснікам плацілі па 20 капеек. Канечне, гэтыя лічбы не маглі задавальняць, і старшыня ставіць задачу: «…улічыць усе нашы недахопы і ў 1962 годзе іх поўнасцю ліквідаваць». Была перагледжана структура пасяўных плошчаў у бок павелічэння збожжавых, цукровых буракоў, кукурузы. Больш увагі вырашана надаваць правільнаму выкарыстанню тарфянікаў, унясенню арганічных і мінеральных угнаенняў. Запланавана будаўніцтва новых жывёлагадоўчых аб’ектаў, жылых дамоў, школы ў Комсічах, лазні і інш. Малады кіраўнік разумеў, што пастаўленыя задачы немагчыма вырашыць без належнай арганізацыі працы калгаснікаў, для чаго прапанаваў кожную брыгаду перавесці на гаспадарчы разлік, давесці планавыя заданні кожнай ферме, кожнай даярцы і свінарцы. Навесці парадак з улікам і расходаваннем працадзён. Пачынаючы з 1962 года — выдаваць дадатковую аплату калгаснікам, якія занятыя на вырошчванні кукурузы, цукровых буракоў, ільну. Былі распрацаваны і іншыя меры заахвочвання, што дазволіла гаспадарцы з года ў год нарошчваць вытворчасць, мець высокія рэзультаты. Калгас трэцім у раёне стаў мільянерам, па выніках 1976 года працадзень ужо «важыў»… 5 рублёў. А вось лічбы з другога даклада. За 1976 год ужо было атрымана збожжавых и зернебабовых па 38,2 ц/га (дарэчы, у той год па Беларусі гэты паказчык складаў 26,7 ц/га, а па ўсім Савецкім Саюзе — 17,5 ц/га), бульбы — па 215 ц/га, цукровых буракоў — па 253 ц/га, кармавых — па 456 ц/га. Надой малака ад каровы быў 2953 кг. Задачы на будучы, 1977 год, ставілі яшчэ больш высокія. Але выконвалі іх ужо без Эдуарда Рыгоравіча… Пасля аўтамабільнай аварыі, у якую ён трапіў, урачы вынеслі вердыкт: хочаш жыць — мяняй месца працы. І Эдуард Рыгоравіч, якому тады было крыху больш за 40 гадоў, папрасіў калгаснікаў даць згоду на яго звальненне. Вядома, вельмі цяжка пасля такога напружанага рытму выпасці з жыццёвай абоймы. Было шмат зроблена для роднай гаспадаркі. Яго грудзі ўжо ўпрыгожваў ордэн Леніна, які ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі ў 1971 годзе. У 1973-м да яго далучыўся ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.— На душы было вельмі цяжка. І больш за ўсё скруха адольвала з-за таго, што не паспеў завяршыць адну вельмі важную справу. Мы запусцілі агрэгат для прыгатавання травяной мукі «Астра», нават паспрабавалі на ім сушыць зерне. Ён мог бы стаць добрай асновай для камбікормавага завода. Ужо было набыта неабходнае абсталяванне, закупілі два вагоны рыбнай мукі. Заставалася толькі пабудаваць сцены, дах і правесці мантажныя работы. Але стан майго здароўя не дазволіў закончыць гэту справу. А мае паслядоўнікі адправілі яе ў нябыт…
Пра сваю працу пасля таго, як пайшоў з калгаса, Эдуард Рыгоравіч расказвае немнагаслоўна. Па ўсім відаць, што яна вялікага задавальнення не прыносіла. Усе яго ўспаміны звязаны толькі з тымі 17 гадамі, не толькі напоўненымі працай, што называецца, пад самую завязку, але і самымі шчаслівымі ў яго жыцці. Днямі Эдуард Кароткін атрымаў віншаванні са сваім 80-годдзем. Яму прыемна, што яго помняць, у тым ліку і ў сельгаспрадпрыемстве, у склад якога ўвайшоў калгас «1 Мая». Згодна з рашэннем сходу акцыянераў ААТ «Капыльскае» штомесяц ветэран працы атрымлівае даплату, а да святаў і харчовыя наборы. З гордасцю Эдуард Рыгоравіч паказваў і паштоўку за подпісам першага намесніка старшыні райвыканкама начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Анатоля Ладыгі са словамі віншавання і самымі цёплымі пажаданнямі. [caption id="attachment_43941" align="aligncenter" width="581"]
Комментарии