З 1 студзеня 2011 года ўступіць у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №450 ад 1 верасня 2010 года “Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці”. У ім ёсць палажэнні, якія тычацца перавозкі пасажыраў і грузаў. Пра тое, на што павінны звярнуць увагу індывідуальныя прадпрымальнікі, якія займаюцца гэтым відам дзейнасці, расказвае намеснік начальніка філіяла Транспартнай інспекцыі па г. Мінску і Мінскай вобласці Алег ЯКШЭВІЧ.
— Згодна з Указам, на грузавых аўтамабілях поўнай масай да 3,5 тоны можна будзе займацца міжнароднымі перавозкамі грузаў без наяўнасці спецыяльнага дазволу — ліцэнзіі. Не будзе падлягаць ліцэнзаванню і транспартна-экспедыцыйная дзейнасць. Важнай з’яўляецца таксама і тая акалічнасць, што цяпер толькі сам індывідуальны прадпрымальнік можа быць адказным за арганізацыю і выкананне перавозак (раней адказнай асобай мог быць і блізкі сваяк).
Змяніўся тэрмін разгляду і выдачы ліцэнзій: з 1 студзеня ён будзе складаць 15 дзён, а не каляндарны месяц, як гэта было раней. Аб прынятым рашэнні адпаведная інстанцыя павінна будзе паведаміць суіскальніку ліцэнзіі на працягу трох дзён з моманту прыняцця рашэння. Для прадаўжэння тэрміну дзеяння ліцэнзіі трэба падаць заяву не пазней за месяц і не раней чым за тры месяцы. Не дапускаецца ўнясенне змяненняў у ліцэнзію ў частцы дапаўненняў аб асобных падраздзяленнях, у тым ліку філіялах, пашырэння пераліку відаў дзейнасці да зыходу аднаго году са дня спынення дзейнасці ліцэнзіі.
Пачынаючы з новага года, да грубых парушэнняў заканадаўства аб ліцэнзаванні будзе адносіцца выкананне аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах без афармлення ва ўстаноўленым парадку заказу-нарада на фрахтаванне транспартнага сродку.
У перыяд з 1 студзеня па 1 сакавіка індывідуальныя прадпрымальнікі, якія займаюцца перавозкамі павінны пацвердзіць новыя ліцэнзійныя патрабаванні. У адваротным выпадку ім давядзецца спыніць сваю дзейнасць з 1 сакавіка, а арыгіналы ліцэнзій да 11 сакавіка здаць у ліцэнзуючы орган.
Падрыхтавала Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии