
ПЯРЭГАЛАГ
- Кожны раз, калі спяваюць «Русское поле» ці «Белая Русь», у мяне замірае дыханне. Як многа ў гэтых песнях нечага вечна свайго, дарагога, роднага.
Так і не разумееш тайны слова. І музыкі. Як яны могуць несці ў сабе цэлую бацькаўшчыну.
- Бог — гэта тое, у што верыш. Без бацькаўшчыны ў душы не будзе ніякага Бога.
- Самыя дарагія мне мае дні, калі я хворы. Толькі тады я паспяваю падумаць, што вельмі мала зрабіў, што ўсё тое, што трэба зрабіць, — яшчэ наперадзе.
І хвалявацца гэтым, і перажываць. А ў творчым хваляванні можа самыя высокія хвіліны.
- Кожны чалавек у некім пакідае ўспамін пра сябе. Хто быў знаёмы, хто блізкі, хто любы — кожнага ў свет павяла свая дарога. Як жа не хочацца думаць, што ў чыёй-небудзь памяці мог ты пакінуць горкі след.
- Паляванне. Рыбацтва. Колькі пра гэта напісана! А мне якраз прычына падумаць, як многа чаго ў жыцці астаецца ня- здзейсненым.
З самых юначых гадоў марыў стаць паляўнічым, а ніколі не ўдалося нават пахадзіць па лесе са стрэльбаю. Даўно чуў, што рыбацтва — найлепшы спорт і найлепшы адпачынак, што, седзячы за вудаю, можна забыцца на ўсё на свеце, а я нават не ведаю, як трэба закідваць тую вуду.
Ні на што не хапала часу.
А цяпер мару павандраваць па Беларусі. Каб сваім ходам дабрацца да мясцін, дзе здабываюць нафту, дзе гадуюць найлепшыя сады, сеюць найлепшы лён, дзе пяюць найгаласнейшыя песні.
Божа, якая гэта дабрыня — усюды самому быць, усё самому бачыць, пачуць. У гэтым жа — бацькаўшчына!
Комментарии