Складана ацаніць уклад у сельгасвытворчасць механізатара, які на працягу шматлікіх гадоў выконвае ў гаспадарцы розныя работы, і не так, што «абы з рук», а з належнай адказнасцю.

Трактарыст з ААТ «Капыльскае» Уладзімір Галушка, працоўны стаж якога на вёсцы бярэ адлік з 1992 года, разважае так: «Праца ў трактарыстаў нялёгкая, бо з вясны да позняй восені, ад цямна да цямна, нярэдка без выхадных мы за рулём. Таму, бясспрэчна, калі падсумаваць усё зробленае, то воз акажацца важкім».
Пасля звальнення ў запас Уладзімір Васільевіч на два гады застаўся на звыштэрміновую вайсковую службу ў Германіі, але цяга да родных мясцін перамагла. Ён вярнуўся ў калгас імя Ульянава, дзе яшчэ ў школьныя гады быў надзейным памочнікам свайму бацьку. Пасля заканчэння СПТВ № 211 юнак атрымаў спецыяльнасць электрыка, але прысвяціў сябе механізатарскай справе. Па слядах бацькі і дзядулі пайшоў і сын, які таксама працуе зараз на трактары ў ААТ «Капыльскае», у будучым збіраецца атрымаць спецыяльнасць механіка. У сельскай гаспадарцы асемянатарам працуе і жонка Уладзіміра Васільевіча. Старэйшая дачка заканчвае ўніверсітэт радыёфізікі і электронікі, пасля чаго будзе эканамістам-выкладчыкам, а малодшы сын вучыцца ў шостым класе ў Быстрыцкай СШ.
— Да сваёй справы і роднай зямлі заўсёды адношуся з любоўю, — адзначае Уладзімір Васільевіч. — Іншым сваё жыццё нават не ўяўляю. Я знайшоў сябе ў сельскай гаспадарцы.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА
Комментарии