ААТ «Піянер-Агра» — адно з самых моцных сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна. Дасягаюцца высокія вынікі дзякуючы адказным адносінам да справы яго працаўнікоў. Славіцца гаспадарка сваімі перадавікамі. У іх ліку — механізатар Сяргей Варэнік.

Ніводная сельскагаспадарчая кампанія ў ААТ «Піянер-Агра» не абыходзіцца без гэтага чалавека. На сваім «Джон Дзіры» ён займаецца ворывам, падрыхтоўкай глебы, сяўбой, уборкай кукурузы на сілас і іншымі відамі работ.
— Сяргей Уладзіміравіч — адзін з самых лепшых працаўнікоў нашага сельгаспрадпрыемства, — так характарызуе механізатара намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, старшыня прафкама ААТ «Піянер-Агра» Ганна Бахта. — За што ён ні возьмецца, усё выконвае вельмі адказна. Паглядзіце, як ён беражліва адносіцца да тэхнікі: ніколі не скажаш, што трактару, на якім ён працуе, ужо дзевяць гадоў. Карацей кажучы, на такіх людзях, як Сяргей, і трымаецца сельская гаспадарка.
На бацькаву радзіму Сяргей Уладзіміравіч прыехаў з Казахстана, куды ў маладосці тата адправіўся на падняцце цаліны. На Беларусь вярнуліся бацькі, сястра і брат — цяга да родных мясцін усё роўна перамагла. Спачатку Сяргей працаваў у «Доктаравічах», а вось ужо дзесяць гадоў, як перайшоў у ААТ «Піянер-Агра». Сям’я атрымала домік у Ванелевічах, які з радасцю абжывае. Жонка працуе выхавальнікам у мясцовым дзіцячым садзе, па слядах бацькі пайшоў і сын: ён вельмі любіць тэхніку, таму пайшоў вучыцца ў машынабудаўнічы каледж. Гадуюцца ў Варэнікаў яшчэ дзве дзяўчынкі: адна наведвае дзіцячы сад, другая — школьніца.
— Любоў да зямлі, тэхнікі ў мяне з дзяцінства, — гаворыць Сяргей Варэнік. — Я люблю назіраць за тым, як на палетках з’яўляюцца першыя ўсходы, маё сэрца радуецца, калі чую гул трактара. Ніколькі не шкадую, што свой лёс звязаў з сельскай гаспадаркай. Гэта сапраўды маё прызванне.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА
Комментарии