Стаць культурнай сталіцай Беларусі 2016 года прэтэндавалі два гарады Мінскай вобласці — Маладзечна і Слуцк. Калегіяльны выбар Міністэрства культуры спынены на першым горадзе. Дарэчы, Маладзечна ўжо трэці год запар падае заяўку на ганаровы тытул.

Нагадаем, у 2010 годзе першай культурнай сталіцай краіны стаў Полацк, затым эстафету прынялі Гомель, Нясвіж, Магілёў, Гродна. У бягучым годзе такое званне носіць Брэст.
Кожны год у Маладзечне праходзяць буйныя міжнародныя, рэспубліканскія і рэгіянальныя культурныя акцыі. Так, Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, які праводзіцца з 1993 года, традыцыйна збірае поўныя залы гледачоў. З нецярпеннем чакаюць і пачатку фестывалю маладых выканаўцаў эстраднай песні «Адна зямля», міжнародных і рэспубліканскіх турніраў па спартыўных танцах «Кубак Маладзечна» і шмат чаго іншага.
Дарэчы, ужо цяпер у горадзе распрацавана шырокая праграма, якая ўключае 145 мерапрыемстваў на будучы год.
У горадзе створана добрая культурная інфраструктура, дзе працуюць высокапрафесійныя кадры. Вялікай папулярнасцю карыстаецца летні амфітэатр, разлічаны на 2600 месцаў, таксама працуюць Палац культуры, школа мастацтваў, абласны драмтэатр і тэатр лялек, абласны краязнаўчы музей, публічныя бібліятэкі і іншыя ўстановы культуры і мастацтва. Візітнай карткай Маладзечна стаў і дзяржаўны музычны каледж імя Міхала Клеафаса Агінскага.
Фота Марыі ШЭІНАЙ
Комментарии