Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 кастрычніка ад імя беларускага народа і сябе асабіста выказаў спачуванні Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну, родным і блізкім загінулых у выніку крушэння на Сінайскім паўвостраве расійскага пасажырскага самалёта, таксама ўсяму расійскаму народу.
1 лістапада ў Расіі быў аб’яўлены жалобным днём. Дзясяткі жыхароў беларускай сталіцы выказвалі свае спачуванні сем’ям загінулых і прыносілі да будынка Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Мінску кветкі і лампадкі са свечкамі.
Самалёт A321 расійскай авіякампаніі «Кагалым-авія», што выконваў рэйс 9268 Шарм-эль-Шэйх — Санкт-Пецярбург, пацярпеў катастрофу 31 кастрычніка праз амаль паўгадзіны пасля вылету. Усяго ў самалёце было 217 пасажыраў і сем членаў экіпажа. Паводле заявы ўлад Егіпта, ніхто не выжыў. Большасць пасажыраў былі расіянамі. На борце таксама знаходзіліся чацвёра грамадзян Украіны і адзін беларус.
Сем’ям грамадзян Беларусі і Украіны, якія загінулі ў выніку крушэння самалёта А321 у Егіпце, будзе аказана дапамога, паведаміў віцэ-губернатар Санкт-Пецярбурга Ігар Албін. У сваю чаргу кіраўнік МНС Расіі Уладзімір Пучкоў даручыў аказаць садзейнічанне ў дастаўцы цел загінулых да месц пахавання ва Украіну і Беларусь.
Целы загінулых у авіякатастрофе ў Егіпце дастаўлены ў Санкт-Пецярбург. У крэматорыі іх чакаюць судмедэксперты і прадстаўнікі следчых органаў. Пачалася працэдура апазнання цел сваякамі.
Пресс-служба Президента
Комментарии