«Як арганізаваны работы па навядзенні парадку, добраўпарадкаванні і азеляненні сельскіх населеных пунктаў падчас аб’яўленага месячніка?» Адказ на гэта пытанне далі прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання.
Ірына ЗАПОЛЬСКАЯ, старшыня Бабаўнянскага сельвыканкама:
— Апошнім часам мы робім акцэнт на навядзенне парадку на могілках у в. Бабоўня: ужо замянілі агароджу на адлегласці 260 м. Акрамя таго, займаемся спілоўваннем старых дрэў, якія пачалі ствараць небяспеку для людзей. У Бабоўні прыбралі каля двух дзясяткаў дрэў, пілавалі іх і ў парку в. Цялядавічы. На працягу апошняга месяца вяліся работы на пустуючых сядзібах (працавалі на шасці з іх), наводзілі парадак вакол помнікаў землякам, якія загінулі ў гады вайны. Наступны населены пункт, куды будуць скіраваны нашы сілы, — гэта в. Язвіны. Мы плануем у наступным годзе арганізаваць там свята вёскі, а таму неабходна навесці парадак.
Ірына ШПІЛЕЎСКАЯ, кіраўнік спраў Бучацінскага сельвыканкама:
— Работа па навядзенні парадку на тэрыторыі Бучацінскага сельсавета праводзіцца пастаянна. Усяго ў нас 18 населеных пунктаў, дзе больш за сотню пустуючых сядзіб, і ўсе яны патрабуюць нашай увагі, выязджалі туды і падчас месячніка. На мінулым тыдні быў арганізаваны суботнік у в. Гулевічы, дзе разам з прадстаўнікамі мясцовай улады працавалі і вяскоўцы (15 чалавек). Мы наводзілі парадак на мясцовых могілках, спілоўвалі і прыбіралі старыя дрэвы і кусты. Дарэчы, на гэтых могілках ідзе і замена агароджы.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии