Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

37

Чисты волны истоков

17.06.2015
Многае мяняецца з цягам часу: назвы гарадоў, вёсак, газет. А наша раёнка  больш за 50 гадоў застаецца вернай сваёй такой сціплай, але адначасова і такой трапнай назве – «Слава працы». Знакавым як для Віктара Адамавіча Семянкевіча, так і для Капыльшчыны стала 1 сакавіка 1963 г. Менавіта тады зноў пачаў фарміравацца калектыў раённай газеты. А напярэдадні Віктара Адамавіча (на той момант ён быў намеснікам рэдактара міжраённай газеты «Сцяг працы») выклікалі ў абласны камітэт КПБ і даручылі ўзначаліць газету любога раёна Міншчыны. Семянкевіч выбраў родную Капыльшчыну. Узнікла пытанне з назвай выдання. – Газета вашага раёна раней мела назву «Калгаснік Капыльшчыны», – звярнуўся да Віктара Адамавіча адказны партыйны работнік. – Нядрэнна, зусім нядрэнна. Аднак жывуць там не толькі калгаснікі, але і рабочыя, і прадстаўнікі інтэлігенцыі. А назва павінна адлюстроўваць усе аспекты жыцця раёна.  У  Мар’інай  Горцы ёсць свой «Сцяг працы», а ў вас няхай будзе «Слава працы». семенкевич Так і пайшла ў жыццё назва «Слава працы». І нягледзячы ні на якія патрабаванні часу газета застаецца своеасаблівым люстэркам падзей, якія адбываюцца на Капыльшчыне. Менавіта гэтыя словы, у якіх гучыць сапраўдная слава працы простага чалавека, неразрыўна звязаны з прозвішчам колішняга  рэдактара раёнкі – Віктара Адамавіча Семянкевіча. Але вернемся ў 50-я гады. Краіна працягвала аднаўляцца пасля ваеннай разрухі. У кожнай вёсцы тады працавалі культурна-асветніцкія ўстановы, так званыя хаты-чытальні, пры якіх дзейнічалі клубы, бібліятэкі, гурткі. У адной такой хаце-чытальні, што ў Вялешына-І, і працаваў загадчыкам  Віктар Семянкевіч. За яго плячыма ўжо былі вайна і служба ў радах Чырвонай Арміі. Наперадзе – новыя гарызонты новага жыцця. Хацелася паспець многае зрабіць, і перш за ўсё – знайсці сваё месца ў жыцці. У вёсцы было шмат моладзі, а значыць і жыць яна павінна весела і цікава. Камсамольскі запал і актыўная жыццёвая пазіцыя дапамагалі Семянкевічу арганізаваць мастацкую самадзейнасць, наладзіць выпуск насценгазеты. Над стварэннем яе кожнага нумара малады чалавек заўсёды старанна працаваў, матэрыялы пісаў цікава, тэмы знаходзіў надзённыя. Гэта не засталося незаўважаным. Неяк па вёсцы на веласіпедзе праязджаў рэдактар раённай газеты «Калгаснік Капыльшчыны» Дарашэвіч Мікалай Канстанцінавіч. На дзвярах калгаснай стайні ён убачыў нумар насценнай газеты. Прачытаў. «Добрая газета», – даў ацэнку рэдактар. І пацікавіўся: «Хто рабіў?» Калгаснікі, якія стаялі побач, дружна паказалі на Семянкевіча. «Пішы ў раёнку», – прапанаваў Дарашэвіч. І неўзабаве пачалі паступаць розныя заданні. Праз нейкі час Дарашэвіча адправілі на вучобу ў Мінскую вышэйшую партыйную школу. На яго месца прыйшоў Корзун Міхаіл Сямёнавіч, былы загадчык клуба ў Пацейках. З ім Віктар быў знаёмы раней. Адзначым, што ў той час у рэдакцыі газеты працавалі ўсяго два чалавекі: рэдактар і яго намеснік. Трэба было пашырацца: тэмы і праблемы, што ўздымаліся ў газеце, станавіліся рознапланавымі. Аднойчы патэлефанаваў Корзун і сказаў: «Слухай, Віктар, нам патрэбныя людзі. Прыязджай, уладкоўвайся і прыступай да працы». Так і апынуўся ў рэдакцыі Віктар Семянкевіч у кастрычніку 1952 года і адразу – на пасадзе адказнага сакратара. Праз чатыры гады павышэнне – пасада намесніка рэдактара. У 1957 годзе маладога, ініцыятыўнага Семянкевіча адпраўляюць на вучобу ў Мінскую вышэйшую партыйную школу. Затым, пасля чатырохгадовага навучання ў групе журналістаў, першы рэдактарскі вопыт ён адправіўся набываць у уздзенскую раённую газету «За савецкую Радзіму». У 1962-м рэдакцыі раённых газет, а таксама друкарні былі ліквідаваны. Абсталяванне з Капыля перавезлі ў Старыя Дарогі, супрацоўнікі раз’ехаліся хто куды. Замест раённых ствараліся міжраённыя газеты. І Віктар Адамавіч вымушаны быў перайсці на пасаду намесніка рэдактара пухавіцкай   міжраённай   газеты   «Сцяг працы». І ўсё ж неабходнасць існавання раённых газет пацвердзіў час. І ўжо ў лютым 63-га раёнкі зноў пачалі  распавядаць  пра  падзеі,  якія   адбываліся  ў райцэнтрах і вёсках. Вярнуўшыся ў родны горад ужо ў якасці рэдактара раённай газеты, Семянкевіч пачаў збіраць супрацоўнікаў, якія раз’ехаліся па розных гарадах і вёсках: Сяўрук Міхаіл быў карэспандэнтам міжраённай газеты «Чырвоны сцяг», Гурыновіч Усевалад працаваў на мясцовым радыё. Цікава, але менавіта яму раёнка абавязана тым лагатыпам, пад якім выходзіла на працягу дзесяцігоддзяў. Пасля таго, як у газеты з’явілася назва «Слава працы», Усевалад Канстанцінавіч намаляваў лагатып, а ў абласным упраўленні культуры яго зацвердзілі. Затым вырабілі клішэ, пячаткі. Са сваім будучым намеснікам Касцевічам Леанідам Віктар Адамавіч сустрэўся марознай сакавіцкай раніцай па дарозе з Мінска, у Валяр’янах. Прыехаўшы ў Капыль, Семянкевіч, які прайшоў добрую школу кіраўніка ў пухавіцкай газеце, з энтузіязмам узяўся за работу. Але нават яму, былому франтавіку, прыйшлося вельмі няпроста на гэтым своеасаблівым полі бою. Ні друкаванага станка, ні шрыфтоў, ні спецыялістаў-друкароў. Толькі рэдактар ды яго намеснік. Паміж заснаваннем рэдакцыі і выхадам першага нумара ўсяго 10 дзён. За гэты час трэба было і знайсці літработнікаў, і падрыхтаваць матэрыялы, і зрабіць макеты старонак, і вызначыцца, дзе друкаваць. Дата выхаду першага нумара выбрана невыпадкова: 10 сакавіка 1963 года адбыліся выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных. Друкаваць газету было вырашана ў Слуцкай гарадской друкарні. Як туды дабіраліся і вярталіся назад –  асобная гісторыя. Даехаць да Слуцка дапамог райвыканкам: даў машыну, на якой у суседні райцэнтр адправіліся рэдактар і тры супрацоўнікі. Два дні наборшчыца Колас Людміла без стомы сама вярстала палосы. Нарэшце газета была надрукавана. Усяго – 4950 экзэмпляраў! Толькі вось да Слуцкага чыгуначнага вакзала давялося ісці пешшу ды яшчэ несці такую каштоўную (і даволі цяжкую) ношу. Неяк даехалі да Цімкавіч. І тут новая праблема: як трапіць у Капыль? На шчасце, да райцэнтра ішла машына. Віктару Адамавічу давялося папрацаваць для таго, каб аднавіць друкарню. І ўжо на апошняй старонцы пятага нумара ад 20 сакавіка 1963 года значыцца: «Друкарня газеты «Слава працы». А для гэтага спатрэбілася прыкласці сапраўды тытанічныя намаганні: плоскадрукавальную машыну прывезлі са Стоўбцаў, лінатып – з Нясвіжа. У першыя дні сакавіка на работу ў рэдакцыю прыйшлі: бухгалтарам – Арлоўская Зінаіда, літработнікам –  Балога  Уладзімір,  карэктарам –  Мамчыц Ганна, сакратаром-машыністкай – Траяновіч Зінаіда, брыгадзірам друкарні – Шырын Фёдар, наборшчыкамі – Колас Людміла, Зарамбоўская  Аляксандра, Гладкая Ганна, Паўлюшчык Валянціна, друкарамі – Колас Уладзімір і Балажынскі Леанід. У хуткім часе на працу прыехала і першая лінатыпістка Коршук Валянціна. У красавіку ў рэдакцыі з’явіўся і свой фотакарэспандэнт – Ясевіч Уладзімір. Крыху   пазней  райкам  партыі  спісаў і  аддаў  на баланс рэдакцыі ГАЗ-53, вадзіцелем якога стаў Ярмолік Канстанцін. Увогуле, калектыў атрымаўся дружны. Кожны выконваў свае абавязкі добрасумленна. раёнку Віктар Адамавіч Семянкевіч узначальваў на працягу 24 гадоў. Пад яго кіраўніцтвам газета знайшла свой стыль, матэрыялы адрозніваліся майстэрствам напісання, загалоўкі – трапнасцю. – Рэдактар заўсёды адказвае за якасць друку, за справядлівасць, за актуальнасць тэм, –  упэўнены Віктар Адамавіч. – Роля раённай газеты, як і раней, –  падтрымліваць райвыканкам, быць непасрэдным яго памочнікам. Чалавеку працы ва ўсе часы аддавалі пашану. Пра яго дасягненні і подзвігі складалі вершы, спявалі песні, здымалі кінафільмы. Таму словы «Слава працы» ніколі не згубяць сваёй актуальнасці, ніколі не выйдуць з моды.  У  іх – самая сутнасць  душы  і  характару нас, беларусаў. Дзіяна ТКАЧЭНКА

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей