Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

45

Возвращение в прошлое

20.10.2015
Мяне вельмі радуе, што кожны год былыя калегі запрашаюць на розныя мерапрыемствы. Не забываюць і вучні, і выпускнікі. Адзін такі званок, які прагучаў напярэдадні гэтага навучальнага года, навеяў мне радасць, хваляванні, успаміны і разважанні… Перш-наперш задумалася: «А ці ёсць жа што ўспомніць?» Адказ прыходзіў паступова, суправаджаўся слязьмі радасці і смутку, удзячнасці і павагі. За плячыма 41 год (4 гады ўжо не працую) добрасумленнай любімай працы ў школах раёна: 5 гадоў – у Грозаўскай СШ, 5 гадоў у СШ № 1 і 31 год – у СШ № 2 г. Капыля, з іх 9 гадоў – намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце СШ № 2 г. Капыля. Давялося працаваць 2 гады (2006-2007 гг.) у гімназіі № 1 г. Капыля (паралельна з СШ № 2) па запрашэнні дырэктара школы З. В. Прыміч, за што ёй вельмі ўдзячна. [caption id="attachment_43102" align="aligncenter" width="580"]СШ № 2 г. Капыля 1 верасня 1980 г. Перадача эстафеты намесніка дырэктара ад Н. А. Тароцька да Н. М. Сямёнавай. СШ № 2 г. Капыля 1 верасня 1980 г. Перадача эстафеты намесніка дырэктара ад Н. А. Тароцька да Н. М. Сямёнавай. У цэнтры – Б. К. Багдановіч[/caption] Хачу адзначыць, што гэты год сатканы з шэрага юбілейных дат майго педагагічнага жыцця. 50 гадоў таму скончыла Нагорнаўскую СШ Клецкага раёна з залатым медалём. Улюбёная ў педагагічны талент маладой настаўніцы (пазней – заслужаная настаўніца школ БССР) Васько (Крыцкай) Лідзіі Іванаўны і яе прадмет «Гісторыя», у той жа год стала студэнткай гістфака БДУ пры конкурсе 13 чалавек! Роўна 45 гадоў таму (1970 г.) дырэктарам Грозаўскай СШ быў назначаны малады спецыяліст, выпускнік гістарычнага факультэта БДУ Сямёнаў Павел Васільевіч. Некалькі месяцаў пазней пераехала туды і я як яго жонка. Удзячна тагачасным педагогам школы, якія з паразуменнем прынялі нас у свой калектыў, а сувязі з некаторымі з іх падтрымліваем да сённяшняга дня (В. С. Лобан і Л. І. Лобан, выдатныя настаўнікі гісторыі Н. Р. Місючэнка і М. М. Міцкевіч). Як маладыя спецыялісты мы з мужам рэгулярна наведвалі пасяджэнні настаўнікаў гісторыі раёна, лавілі кожнае слова вопытных калег. А вучыцца было ў каго: В. Ю. Жалкоўскі, З. П. Секержыцкая, В. Т. Кіеня, М. В. Козел, М. Серада. Добра памятаю свае хваляванні перад першымі ўрокамі, асабліва ў гарадскіх школах, перад першымі адкрытымі ўрокамі (больш 30-ці гасцей) і апошнім адкрытым урокам (ужо будучы пенсіянеркай). Ужо тады ў нас была багатая сямейная бібліятэка, і я мела магчымасць познімі вечарамі старанна рыхтавацца да ўрокаў, каб выклікаць жаданую цікавасць у вучняў да вучобы і свайго прадмета. 40 гадоў таму (у 1975 г.) пераехалі ў Капыль: муж – загадчык РАНА. Прыйшлося яму ў той год працаўладкаваць 60(!) маладых спецыялістаў, а ў гэтым годзе іх толькі 8. Сумная гісторыя лічбаў! Я выкладала гісторыю і грамадазнаўства ў СШ № 1 г. Капыля. Выпусціла свой першы клас у 1978 годзе. Большая частка  майго жыцця звязана з  СШ № 2 г. Капыля. Перыяд працы намеснікам дырэктара (1980-1989 гг.) быў цікавым, насычаным многімі эксперыментамі. У дырэктара школы Багдановіча Барыса Канстанцінавіча было шмат новых ідэй. Назаву некалькі з іх: штодзённы ўрок фізічнай культуры, навучанне з 6-ці гадоў, школа падоўжанага дня для вучняў 1-8 класаў, урокі рытмікі ў раскладзе ўрокаў 1-4 класаў і ў рэжыме ГПД, стоячы: навучанне ў 1-м класе і абеды і г. д. Школа разрасталася – звыш 1000 вучняў, з’явілася неабходнасць будаўніцтва трэцяй спартыўнай залы, новай прыбудовы да школы. Ва ўсіх гэтых справах актыўна ўдзельнічалі і вучні, і настаўнікі. [caption id="attachment_43103" align="aligncenter" width="580"]У цэнтры – Б. К. Багдановіч Н. М. Сямёнава, П. В. Сямёнаў, Л. М. Гаўрыленка, Дз. Дз. Сапешка, М. М. Гаўрыленка і дзеці: Ігар Сямёнаў, Аксана Сямёнава (Карпяленя), Таццяна Гаўрыленка (Лазюк)[/caption] А з якім энтузіязмам успрымалі педагогі школы навінкі ў навучанні і выхаванні! І вось тут нас, намеснікаў дырэктараў, граматна і прафесіянальна накіроўвала загадчык метадычнага кабінета Ніна Фёдараўна Лепяціла. Яна мела і мае багацейшы запас ведаў, вопыт работы. Дзякуючы яе ўмеламу кіраўніцтву, педагогі школы № 2 г. Капыля і раёна ў цэлым пастаянна былі ў творчым пошуку. У выніку гэтага пасля атэстацыі ў школе з'явіліся першыя ў раёне  «настаўнікі-метадысты»:    С.  У.  Захарык, В. С. Саўчанка, Дз. Дз. Сапешка, А. М. Сікорскі, Г. А. Шкірыч, 11-ці настаўнікам было прысвоена званне «Старшы настаўнік». Іх творчыя справаздачы былі сапраўдным святам. А якія дыскусіі разгортваліся на педсаветах! Знайшлі нават магчымасць накіраваць прадстаўнікоў да педагогаў-наватараў таго часу – Шаталава (г. Данецк) і Лысенковай (г. Масква). Уявіце сабе: на школьным двары спыняецца аўтобус з педагогамі іншага раёна – прыехалі вопыт пераймаць пасля таго, як Барыс Канстанцінавіч аб’явіў на ўсю вобласць, што педагогі школы працуюць па методыках Шаталава і Лысенковай. Мне неабходна было хуценька размеркаваць гасцей па ўроках, а гэта хваляванне для вучняў і настаўнікаў. І тут нашы педагогі і вучні пераўтварыліся ў адзінае цэлае. А на самай справе нашы таленавітыя педагогі В. С. Саўчанка, С. У. Захарык, А. М. Сікорскі, Л. М. Гаўрыленка,  П.  В.  Сямёнаў, В. Ф. Шабусава, Н. У. Плашкевіч,  Т. П. Міхайлоўская, А. М. Рычык,    Г.  Д.  Казей,  Л.  М. Нікалаева,  В.  А.  Гузава, Дз. Дз. Сапешка, Н. Ф. Лепяціла, Г. А. Шкірыч (на жаль, усіх назваць немагчыма) валодалі сваімі методыкамі выкладання, якія прыносілі поспех. Вось за гэта я вельмі ўдзячна ўсім тым педагогам і вучням, з якімі працавала, за іх эрудыцыю, цярпенне, тактоўнасць, высокі прафесіяналізм! Хіба ж гэта не радасць для педагога, кіраўніка! Гэтай радасцю я часта дзялілася з чытачамі газеты «Слава працы» ў рубрыцы «Навіны педагагічнага жыцця». Вось ён – вынік педагогікі супрацоўніцтва – лідарства на прадметных алімпіядах, у спорце, розных конкурсах, спаборніцтвах, частыя семінары на базе школы. Галоўная ўзнагарода для мяне – гэта павага калег і памяць вучняў. Усякія хваробы і дрэнны настрой адступаюць на задні план, калі насустрач табе радасна бяжыць былы вучань з воклічам: «Дарагая мая настаўніца! Як жа я рады Вас бачыць!» Многа выйшла выпускнікоў са сцен школы. І з кожным з іх прыемна сустрэцца, пагутарыць, радасна ўспомніць мінулае. Пакінуўшы пасаду намесніка дырэктара (1989 г.), была выбрана васьмікласнікамі класным кіраўніком матэматычнага класа. Барыс Канстанцінавіч правёў першы і апошні эксперымент  па выбарах класнага кіраўніка: прапанаваў тры кандыдатуры настаўнікаў, выбралі мяне. Гэты матэматычны клас стаў педагагічным, яго выпуск адбыўся ў 1993 г. Ганаруся тым, што выпускнік нашага класа Дзмітрый Сяргеевіч Рамановіч узначальвае (і даволі паспяхова) родную СШ № 2 г. Капыля. У 2000 г. выпусціла яшчэ адзін педклас. Вучні такіх класаў здольныя, працаваць з імі цікава, але і вельмі адказна. У памяці ўсплываюць забаўляльныя прыгоды, якія здараліся ў час сесіі ў педуніверсітэце. Зазначу, што ўсе вучні ўсіх педкласаў (а іх было 16), за выключэннем 1-2 чалавек, адразу паступалі ў ВНУ. Большасць з іх сталі педагогамі, некаторыя вярнуліся на працу ў родную школу. А тыя, хто выбраў іншую прафесію, з’яўляюцца паспяховымі спецыялістамі. Толькі адзін прыклад. Дзіяна Ткачэнка (вядомая вам па цікавых рубрыках газеты «Слава працы») – выпускніца першага педагагічнага класа. А яшчэ ў школе адбылося некалькі выпускаў «медыцынскіх» класаў, якія рыхтавалі вучняў да паступлення ў медыцынскія ўстановы. Так, урачы ЦРБ Андрэй Балажынскі і Андрэй Тароцька з ліку іх. Жыццё падказала, што профільныя класы павінны быць! І яны ўжо ёсць. З задавальненнем наведваю родную СШ № 2. Радуюся, што больш за 30% педагогаў яе – гэта лепшыя выпускнікі школы. Яны ж і ў адміністрацыі: С. У. Калевіч (Рабцава) – баявы камсорг, Н. П. Заварзіна (Занеўская) і Д. С. Рамановіч – абодва выпускнікі педкласаў. Дзякуючы іх намаганням самая вялікая ў раёне школа па многіх паказчыках прызнана лепшай, лідарам. Значыць, падрыхтавалі дастойную змену, традыцыі прадаўжаюцца. Нядаўна, у час дэкады «Школа мая, табою ганаруся я!», была запрошана ў некалькі класаў. У адным з іх, 3 «В», дзе настаўніца А. П. Карпяленя (Сямёнава) – цікаўныя хлопчыкі і дзяўчынкі, даведаўшыся, што ў школе працавалі я, мой муж, і працуе дачка, падлічылі, што ўсе разам адпрацавалі 70 гадоў (я – 31, муж – 18, дачка – 21). Думаю, што ў гэтым плане нас апярэдзіла толькі сям’я М. М. Гаўрыленкі. Быў час, калі ў школе працавалі ўсе – Мікалай Мікалаевіч, яго жонка Людміла Мікалаеўна, дзве дачкі – Таццяна і Анжэліка (дарэчы, дочкі працуюць і цяпер). І, наогул, наша сям’я – педагагічная, і 1 верасня – свята для ўсёй сям’і. Сын Ігар – выкладчык (каля 20 гадоў) Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт. Нядаўна (май 2015 г.) давялося прысутнічаць на юбілеі – 50-годдзі медыка-прафілактычнага факультэта. Парадавалася за сына: ён (яшчэ і загадчык кафедры «Гігіена працы») быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства аховы здароўя. Вельмі цёплыя словы падзякі былі адрасаваны яму ад выпускнікоў-шасцікурснікаў. Назіраючы за працай дачкі Аксаны – настаўніцы пачатковых класаў вышэйшай катэгорыі – таксама радуюся: яе любяць дзеці, паважаюць бацькі і калегі. Радуюся, што сын і дачка правільна вызначыліся ў прафесіі. Радуюся і адначасова сумую, бо вось ужо 13 гадоў няма побач з намі нашага галоўнага дарадчыка – мужа, бацькі П. В. Сямёнава. Пакінуўшы пасаду намесніка старшыні Капыльскага райвыканкама, ён працаваў настаўнікам гісторыі ў СШ № 2. Выпусціў педагагічны клас у 1995 годзе, выпускніца якога Алена Станіславаўна Міхайлоўская – начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Капыльскага райвыканкама. Падводзячы вынікі роздуму, назіранняў, хачу адзначыць, што наша змена, наша моладзь упэўнена спраўляецца з задачамі навучання і выхавання. Ніна СЯМЁНАВА, ветэран педагагічнай працы

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей