У свой час вясковая руплівіца падняла на ногі пяцярых дзетак. А цяпер, калі настаў час вяртаць даўгі, - яна не ў страце.
…Жыццё не песціла Зінаіду Валянцінаўну Белаш (дзявочае прозвішча Шчарбінская). Расла лічы што без бацькі. Яго, Валянціна Уладзіміравіча, мясцовага ўчастковага міліцыі, падпільнавалі на лясной дарозе бандыты і паранілі, а затым са звязанымі рукамі 10 км цягнулі на вяроўцы за канём. Міліцыянер цудам выжыў, але з-за вялікага стрэсу захварэў на эпілепсію. Калі ляжаў у бальніцы, даймалі галаўныя болі і прыступы. Аднойчы выйшаў з палаты на вуліцу. Ці ад свежага паветра, ці ад хваробы раптам пахіснуўся, упаў і ўдарыўся галавою аб бетонны бардзюр. Урачы не змаглі выратаваць бацьку…
У школе Зіна вучылася добра, марыла аб далейшай вучобе. Але ў пасляваенныя гады не так лёгка было вырвацца з вёскі. Праўдамі і няпраўдамі атрымала пашпарт і паехала ажно ў Карэлію, бо туды ахвотна вербавалі хлопцаў і дзяўчат. Зіна трапіла ў Петразаводск, дзе адразу паступіла ў кулінарны тэхнікум. Два гады адпрацавала кухаркай на дрэваапрацоўчым заводзе. Тут і пазнаёмілася са сваім будучым мужам.
— Можна было б жыць і працаваць, але дужа цягнула дадому, мілыя сэрцу Комсічы часта сніліся, — расказвае Зінаіда Валянцінаўна, — а таксама матуля.
Доўга мужа не прыйшлося ўгаворваць, і неўзабаве маладая сям’я пераехала ў родныя мясціны. Хутка нарадзіўся сын Генадзь, праз тры гады другі — Саша. Цеснавата стала ў невялічкай хаціне маладым, і яны пераехалі ў Кіявічы. Тут і нарадзіліся Аксана, Наташа і Галя. Дом, які яны набылі ў вёсцы, быў не надта ўтульны і зручны, таму адразу ўзяліся за яго рамонт, які зацягнуўся на дзесяць гадоў — то грошай не хапала, то часу. Да таго ж цяжка захварэў муж: 15 гадоў змагаўся ён з каварнай немаччу, але пераадолець яе не змог.
Падрасталі дзеці, старэйшыя даглядалі малых, дапамагалі маці па хатняй гаспадарцы. Зінаіда Валянцінаўна пайшла працаваць даяркай у мясцовы калгас. Даілі тады кароў уручную, малако насілі ў вёдрах і бідонах. Стамлялася, вядома, а яшчэ ж трэба было і дома гаспадарку глядзець.
— Не ведаю, як бы справілася з усім гэтым, калі б не дапамога дзяцей. Гуляць ім не было калі, бо, вядома ж, гаспадарка, — успамінае Зінаіда Валянцінаўна.
Цяжкая праца на ферме адбілася на здароўі жанчыны, і яна перайшла на больш лёгкую: стала сацыяльным работнікам.
…Прыемна зайсці на яе падвор’е. Усюды — і ў хаце, і ў двары, і ў гаспадарчых прыбудовах — чысціня і парадак. З першых цёплых дзён да замаразкаў усё патанае ў кветках, якія растуць уздоўж плота на вуліцы, у кветніку, двары. А вось у доме квецень буяе на падаконніках круглы год. Відаў і гатункаў гэтай прыгажосці некалькі дзясяткаў.
Прыгожыя платы, пафарбаваны веснічкі і вароты, калодзеж. За загарадкай рохкае парсючок, квохчуць у вальеры хахлаткі. Агарод дае добрыя ўраджаі бульбы, агародніны. Сад адорвае крамянымі яблыкамі, салодкімі слівамі.
— У гэтым мне дапамагаюць дзеці, — з задавальненнем тлумачыць Зінаіда Валянцінаўна. — Кожныя выхадныя ў мяне яны ў гасцях: то сыны з нявесткамі, то дочкі з мужамі. Унукі таксама прыязджаюць. Я нават у магазін ці да аўталаўкі не хаджу — усё, што трэба, прывозяць дзеці.
І яшчэ хацелася б дадаць адну дэталь да характару Зінаіды Валянцінаўны. Нягледзячы на сталыя гады яна не па-старэчаму прыгожая. І гэтую прыгажосць прымнажае мяккі, прыемны голас. Ды яшчэ ўсмешка — цёплая, шчырая, сапраўды мацярынская. І мяне ўразіла яе прыроднае пачуццё гумару. Яна нават над сваімі балячкамі смяецца…
Іван СУРМАН,
няштатны карэспандэнт «СП»
Фота Дзіяны ТКАЧЭНКА
Комментарии