Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

29

К зимовке готовы?

08.10.2015
1075559 Зімоўка на ферме — гэта своеасаблівая праверка для сельгаспрадпрыемстваў. І каб яна была паспяховай, неабходна старанна падрыхтавацца. Што зроблена ў раёне, каб зімова-стойлавы перыяд прайшоў без асаблівых праблем? Якія недапрацоўкі яшчэ існуюць? Адказ на гэтыя і іншыя пытанні даў першы намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Віталь РАКЕВІЧ. — Віталь Аляксандравіч, пра якія сельгаспрадпрыемствы нашага раёна можна сказаць, што да будучай зімы яны ўжо цалкам падрыхтаваліся? — Перш за ўсё хацелася б назваць адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Піянер-Агра», «Старыца-Агра», «Семежава», ЗАТ «Жыліхава», КСУП «Грозава-агра» — тут усе жывёлагадоўчыя памяшканні гатовы да работы ў зімовы перыяд. Што да астатніх гаспадарак, то там не ўсё так добра, як хацелася б. Дарэчы, усяго ў раёне маецца 100 жывёлагадоўчых ферм, у тым ліку 70 малочнатаварных, жывёла будзе ўтрымлівацца ў 350 памяшканнях. І ўсюды неабходна стварыць такія ўмовы, каб жывёла і людзі, якія яе абслугоўваюць, адчувалі сябе камфортна, выконваліся ветэрынарна-санітарныя правілы. З гэтым неабходна было справіцца да 1 кастрычніка — менавіта такая задача ставілася перад кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў. — Мы ўспомнілі гаспадаркі, якія поўнасцю гатовы да зімова-стойлавага перыяду. А як ідуць справы ў іншых? Ці шмат работы яшчэ засталося, каб справіцца з пастаўленай задачай? — Сапраўды, ёсць сельгаспрадпрыемствы, дзе непадрыхтаванымі застаюцца па адной-дзве фермы. Да прыкладу, у ААТ «Душава» на МТФ «Навасёлкі» сёлета выдалены кармушкі і абсталяваны кармавы стол, але не закончаны работы па наладжванні водапаення. У ААТ «Суворава-Агра» на МТФ «Падлужжа» ў памяшканні для ўтрымання дойнага статка неабходна ўставіць вокны — летась аконныя праёмы былі зацягнуты плёнкай. Маюцца недапрацоўкі і ў ААТ «Ціміразеўскі»: калі МТФ там практычна гатовы, то памяшканні для цялушак неабходна давесці да ладу. Так, на ферме ў Заняведамцы неабходна забетаніраваць стойлы, у Вераб’евічах — завяршыць абустройства кармавых сталоў. І гэтыя работы трэба тэрмінова заканчваць, паколькі цялушкі яшчэ знаходзяцца ў лагеры, што адмоўна адбіваецца на сярэднясутачных прывагах і ўвогуле фізіялагічным стане жывёлы. Не завершана пакуль замена сістэмы гноевыдалення і на МТФ «Сцяпуры» і «Прусы» (СГФ «Руднае»). — Нагадайце, калі ласка, асноўныя патрабаванні, і як яны выконваюцца. — Адной з задач, якая ставілася перад гаспадаркамі, з’яўляецца правядзенне пабелкі жывёлагадоўчых памяшканняў. Аднак з ёй справіліся далёка не ўсе. Напрыклад, у ААТ «Праснакі» і «Суворава-Агра» да гэтай справы нават не прыступалі, у ф-ле «В. Раёўка» пабелена толькі МТФ «В. Раёўка» (засталіся некранутымі фермы ў вв. М. Раёўка і Куцаўшчына). Не поўнасцю выканалі даручэнне ў ААТ «Ціміразеўскі» (работы вяліся толькі на малочнатаварных фермах) і ў КСУП «С «Лясное». Ёсць пытанні і па пафарбоўцы металічных канструкцый. — У адной з нашых мінулых размоў Вы расказвалі пра абсталяванне кармавых сталоў кіслотаўстойлівым пакрыццём. Ці ўдалося гаспадаркам справіцца з пастаўленай задачай? — На жаль, за летні перыяд гэта зроблена не было. Можна назваць толькі некалькі гаспадарак, дзе добрасумленна аднесліся да выканання такой важнай задачы. Так, на ўсіх фермах на кармавыя сталы нанесена клеявае пакрыццё ў ААТ «Скабін», у ААТ «Мажа-Агра» неабходна правесці такую работу на адным кароўніку МТФ «Мажа» і на МТФ «Чырвоны Партызан». У ААТ «Душава» згодна з новым патрабаваннем прайшлі апрацоўку кармавыя сталы толькі на малочнатаварнай ферме, што размешчана на цэнтральнай сядзібе. У КСУП «Грозава-агра» зусім да гэтай справы не прыступалі. Можна пералічваць і далей, але ясна адно: з задачай гаспадаркі не справілі- ся і атрымалі яшчэ месяц для заканчэння работы. — Напэўна, пастараліся закончыць да новага зімова-стойлавага перыяду і будаўніцтва новых жывёлагадоўчых аб’ектаў? — Можна сказаць, што і так. Сёлета ў раёне ішло будаўніцтва двух малочна-даільных блокаў: у чэрвені здадзены МДБ на МТФ «Асавец» ААТ «Суворава-Агра», дзе ўжо дояцца 300 кароў, заканчваецца наладка даільнага абсталявання на малочна-даільным блоку МТФ «Рымашы» РСУП «Бабоўня». Акрамя таго вяліся работы па ўзвя- дзенні так званых клюшачнікаў — памяшканняў для ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Усяго іх было шэсць. На будаўніцтва пяці з іх дзяржавай былі выдзелены грошы — па 1 млрд рублёў, шосты (у ф-ле «Лакнея») узводзіцца за кошт уласных сродкаў і з дапамогай інвестара (УП «ПрыортрансАгра»). У ААТ «Піянер-Агра» і СГФ «Руднае» эксплуатацыя клюшачнікаў ужо распачалася — там утрымліваюцца цяляты (па 250 галоў у кожным), практычна на 100% гатовы памяшканні для ўтрымання дойнага статку ў ААТ «Душава» (на МТФ «Кацельнікі») і ў ААТ «Прагрэс 2010» — для сухастойных кароў. На астатніх двух яшчэ ідуць работы: у ф-ле «В. Раёўка» кароўнік на 320 галоў па- вінны ўвесці ў строй у кастрычніку, а ў ф-ле «Лакнея», дзе работы пачаліся толькі ў жніўні, ёсць каркас будынка і ідуць усе неабходныя работы. — Згадзіцеся, што размова пра гатоўнасць да зімова-стойлавага перыяду будзе няпоўнай, калі не ўзгадаць пра нарыхтоўку кармоў. Як складваецца гэта пазіцыя? — На жаль, і тут усё не вельмі проста. Гэты год можна назваць неардынарным: ужо з 26-27 жніўня практычна ўсю жывёлу былі вымушаны перавесці на зімова-стойлавае ўтрыманне. У рацыён былі ўведзены і сянаж, і сілас (дзе ён быў). Таму паказчык — 20 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы — гэта таксама вынік такой ранняй «зімоўкі». Аднак нарыхтоўка кармоў яшчэ працягваецца. Яшчэ не ўбрана з палеткаў уся кукуруза, таму спадзяёмся, што будзе нейкая дабаўка. — А ў якіх гаспадарках найбольш складаная сітуацыя з кармамі? — Я бачу праблему ў ААТ «Праснакі» — назапашана 11,6 ц к. адз. (–6,4 ц к. адз.), але тут яшчэ плануюць закласці 1000 тон кукурузнага сіласу. Не намнога лепш адчувае сябе і КСУП «Грозава-агра» — 12,2 ц к. адз. (-5,3 ц к. адз.), ёсць дамоўленасць, што для гэтага сельгаспрадпрыемства з траў трэцім укосам будуць нарыхтоўваць сянаж у палімернай плёнцы ў ААТ «Ціміразеўскі». Астатнія гаспадаркі, думаю, правядуць зімоўку як след. Гутарыла Маргарыта САКОВІЧ P.S. Пытанне гатоўнасці сельгаспрадпрыемстваў да работы ў зімовых умовах знаходзіцца пад кантролем раённага кіраўніцтва. Напрыканцы верасня яно было разгледжана на пасяджэнні райвыканкама. Справаздачу трымалі спецыялісты ўпраўлення райсельгасхарчу і асобныя кіраўнікі гаспадарак.  

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей