Сапраўдным аазісам прыгажосці можна назваць дачную сядзібу Таццяны і Аляксандра Бабарэкаў, што размясцілася ў в. Кацельнікі.
Гэты населены пункт прывабіў капылян, па-першае, сваім месцазнаходжаннем, па-другое, тым, што ён газіфікаваны. Хаця газ яны падвялі пакуль што да дома, аднак у перспектыве можна будзе без праблем падключыцца. Тут жа, у Кацельніках, жывуць калегі Таццяны Васільеўны (медыкі), ёсць і шырокае поле для дзейнасці Аляксандра Уладзіміравіча, дзяцей і ўнукаў.
Раней на гэтым месцы стаяла закінутая сялянская хатка. Уклаўшы ў яе сродкі і сілы, гаспадары ператварылі яе ва ўзорную сядзібу.
— Домік свой мы набылі ў 2000 годзе, — гаворыць Таццяна Бабарэка. — З той пары паціху і абустройваем. У горадзе ёсць кватэра, але ведаеце, як летам ці ў выхадны хочацца наведацца на прыроду, бо самі родам мы з вёскі, таму вельмі цягне да зямлі. Прыедзеш, паглядзіш, што нешта ўзышло ці зацвіло, ды і на душы становіцца лягчэй.
Участак у Бабарэкаў займае 47 сотак. Калі выйдуць на заслужаны адпачынак, плануюць сюды пераехаць на пастаяннае жыхарства. Для будучай жыўнасці мяркуюць пабудаваць хлевушок (між іншым, фундамент пад яго ўжо заліты). А пакуль жа тут вырошчваюць бульбу, іншую агародніну для сям’і. Размясціўся і сад, у якім растуць яблыні, грушы, абрыкосы, са Стаўраполля прывезены саджанец шаўкоўніцы. Увогуле на гэтым падвор’і любяць разводзіць разнастайныя экзоты. Напрыклад, калі цюльпаны ці туі, то абавязкова рэдкіх сартоў. Тут жа сустрэнеш дэкаратыўнае проса, воцатнае дрэва, вулічную юку, кучаравую іву, дэкаратыўныя суніцы (якія вельмі апетытна выглядаюць, але, на жаль, іх нельга есці) і многае іншае. А яшчэ на падвор’і — пчальнік, лазня, самаробная сажалка з рыбай і шмат чаго іншага для прыемнага адпачынку.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА
Комментарии