Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

59

Не алкагалізму ў спадчыну!

30.03.2010
У рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў па папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізму на 2006-2010 гады нядаўна ў Быстрыцкім СДК адбылася чарговая сустрэча членаў раённага каардынацыйнага Цэнтра прафілактыкі сацыяльнага недабрабыту, удзельнікамі якога сталі вучні Доктаравіцкай, Ванелевіцкай і Быстрыцкай сярэдніх школ.

Пасля прагляду фільма “Зона: асцярожна, дзеці!” перад аўдыторыяй выступілі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Зоя Дайняк, намеснік пракурора раёна Уладзімір Непакупны, фельчар наркалагічнага кабінета цэнтральнай раённай бальніцы Міхаіл Крыцкі, інспектар ДПС Капыльскага РАУС Юрый Кіш.

Школьнікі актыўна ўключыліся ў размову і выказалі свае меркаванні наконт таго, як важна быць дысцыплінаваным, умець прыняць правільнае рашэнне, калі табе трэба здзейсніць той ці іншы ўчынак. Прадэманстраваны фільм стаў таму пацвярджэннем. Перад дзіцячымі вачыма прайшлі кадры, у якіх адлюстроўвалася жыццё падлеткаў, пазбаўленых волі. Гэта дазволіла параўнаць, што лепш: быць побач з бацькамі ў цёплым і ўтульным доме, за сямейным сталом, ці там, дзе даводзіцца спаць на жалезных ложках, есці з алюмініевага посуду і пастаянна знаходзіцца пад наглядам выхавацеля. Кранулі гледачоў прызнанні асуджаных: падлеткі з горыччу гаварылі пра свае паводзіны і неабдуманыя ўчынкі, што прывялі іх на зону. У сваіх сачыненнях на тэму “Адзін дзень на свабодзе: што б я зрабіў” многія пісалі, што ў першую чаргу папрасілі б прабачэння ў бацькоў і пастараліся б ніколі не паўтарыць сваіх памылак.

— Усё пазнаецца ў параўнанні, але не дай Бог, каб яно, такое параўнанне, адбывалася ў дзіцячым узросце, — заўважыла Зоя Дайняк. – Вам даравана шчаслівае, мірнае жыццё, дык выкарыстоўвайце яго на карысць сабе і грамадству. Часам здараецца, што з якой-небудзь неабдуманай выхадкі пачынаецца шлях у бездань. Таму хачу папярэдзіць вас не ўжываць з маладосці спіртныя напіткі, якія дурманяць галаву і падштурхоўваюць на дрэнныя ўчынкі.

Уладзімір Непакупны расказаў, што на фоне п’янства ў большасці гінуць маладыя людзі працаздольнага ўзросту, адбываюцца бытавыя злачынствы, няшчасныя выпадкі на вадзе, на дарогах, суіцыды. “Сёння ў нашай рэспубліцы прыпадае на чалавека звыш 15 літраў алкагольнай прадукцыі. Разам з алкагалізацыяй насельніцтва паступова ідзе яго дэградацыя. Велізарныя грошы траціць дзяржава на лячэнне алкаголікаў”, — падкрэсліў намеснік пракурора і прывёў прыклады з практыкі сваёй работы.

Продаж алкагольных напояў многія лічаць прыбытковай справай, але ж  якімі грашыма вымераць гора разбітых сем’яў і дзяцей-сірот?

Фельчар Міхаіл Крыцкі прывёў такую статыстыку: калі адзін з бацькоў злоўжывае алкаголем, у дзіцяці верагоднасць стаць алкаголікам складае 45%, калі ж і бацька, і маці ў палоне “зялёнага змія”, такая верагоднасць павышаецца амаль удвая. Усё гэта пацвярджае ісціна, што яблыка ад яблыні недалёка падае.

Барацьбу з п’янствам шырокамаштабна праводзяць органы правапарадку. Асноўныя моманты работы з парушальнікамі на дарогах асвяціў інспектар ДПС Юрый Кіш. Вучні ўважліва слухалі выступоўцу, які пазнаёміў іх са змяненнямі ў заканадаўстве, што ўступілі ў сілу 23 лютага бягучага года, спыніўся на адказнасці за яго парушэнне, што выліваецца ў значна павялічаныя штрафы. “Не трэба адносіцца абыякава да нашэння флікераў ці распіцця слабаалкагольных напіткаў”, — папярэдзіў інспектар ДПС.

Сустрэча, мяркую, дасць пэўны рэзультат, бо адчувалася, што яна ўзрушыла падлеткаў. Было б добра, каб атрыманай інфармацыяй удзельнікі сустрэчы падзяліліся з іншымі вучнямі сваіх школ, а настаўнікі правялі на гэту тэму класныя гадзіны.

Любоў ПЯТРОВА


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей