Шырока і радасна жыхары і госці Мінска адзначылі дзень нараджэння сталіцы нашай рэспублікі. Старажытнаму гораду ўжо споўнілася 948 гадоў. Святочныя мерапрыемствы праходзілі на ўсіх гарадскіх сцэнічных пляцоўках.
У парку Перамогі капыляне разгарнулі сваё імправізаванае падвор’е. Яно вельмі вабіла да сябе наведвальнікаў. Вось і першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Цэнтральнага раёна горада Мінска Аляксандр Тутыкін разам са старшынёй Капыльскага райвыканкама Анатолем Жданенем не змог прайсці міма ткацкага станка.

Прадстаўнікі Капыльшчыны разам са сваімі мінскімі калегамі сталі непасрэднымі ўдзельнікамі мерапрыемства «Табе, мой горад, прысвячаем свята!». Па традыцыі гасцям падвор’я быў уручаны хлеб-соль, удзельнікі клуба нацыянальнай кухні «Лоцвінскія ўдалухі» гасцінна запрашалі паспытаць мясцовыя стравы, народны клуб майстроў «Скарбонка» знаёміў са шматлікімі вырабамі ўмельцаў Капыльшчыны. Асаблівае месца на імправізаваным падвор’і займала створаная і з густам аформленая намаганнямі супрацоўнікаў раённага Цэнтра культуры і ААТ «Старыца-Агра» цікавая кампазіцыя з дароў капыльскіх садоў і агародаў. А ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Вячаслаў Курчык, Уладзімір Дрожжа, Іна Ладнюк і Юрый Шчарбіцкі дарылі цудоўныя песні, уздымалі настрой усім прысутным.
[caption id="attachment_42351" align="aligncenter" width="580"]

Было весела на падвор’і Капыльскага раёна[/caption]
[caption id="attachment_42357" align="aligncenter" width="580"]

Пачастункі ад «Лоцвінскіх удалух»[/caption]
[caption id="attachment_42349" align="aligncenter" width="580"]

Мінчане цікавяцца вырабамі народных майстроў[/caption]
Увогуле ж у гэты дзень на беразе Камсамольскага возера адначасова працавала мноства пляцовак. Паколькі асаблівасцю Цэнтральнага раёна з’яўляецца тое, што ён размешчаны ў гістарычнай частцы горада, арганізатары свята вялікую ўвагу звярнулі на гэты аспект. Непадалёку размясціўся рыцарскі гарадок, дзе да ўвагі гасцей былі прапанаваны рыцарскія даспехі і зброя, прадметы ўжытку Сярэднявечча, паказаны элементы рыцарскага бою, старадаўнія гульні.

На адной з паркавых алей разгарнуўся «Горад майстроў» – выстава-продаж выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У «Дзіцячым гарадку» размясціліся гульнёвыя атракцыёны, там жа клоўны і роставыя лялькі ў выглядзе казачных персанажаў праводзілі гульні, конкурсы і вясёлыя спаборніцтвы для дзяцей і іх бацькоў. Увесь час з галоўнай сцэнічнай пляцоўкі даносіліся гукі музыкі: тут сваім майстэрствам мінчан радавалі спевакі, музыканты і танцоры. Таксама шырокі асартымент прадукцыі прапаноўвалі наведвальнікам гандлёвыя прадпрыемствы Цэнтральнага раёна г. Мінска.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара
Комментарии