Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

20

15 сентября - День библиотек

15.09.2015
Разам з прафесійным святам загадчыца Канюхоўскай  бібліятэкі-клуба Валянціна Берасневіч адсвяткуе і асабісты юбілей: ёй спаўняецца 50 гадоў. Павіншаваць з гэтай нагоды Валянціну Георгіеўну змогуць не толькі сваякі і сябры, але і яе чытачы. Яна абслугоўвае сем вёсак: Грывень, Канюхі, Загараўшчыну, Жукі, Праснакі, Дубейкі, Стараселле. І для кожнага чытача бібліятэкар заўсёды знойдзе добрае слова, параіць кнігу або часопіс. Але жыццёвы шлях Валянціны Георгіеўны зусім выпадкова звярнуў у кніжны бок. Нарадзілася і вырасла яна на Нясвіжчыне, у вёсцы Друцкаўшчызна, у сям’і сялян. Пасля заканчэння 8 класаў Пагарэльцаўскай СШ паступіла ў Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе атрымала спецыяльнасць агранома. У 1985 годзе па размеркаванні трапіла  на Капыльшчыну і ў хуткім часе тут жа выйшла замуж. Дарэчы, са сваім мужам Сяргеем у гэтым годзе адзначаць 30-годдзе сумеснага жыцця. Праз пэўны час нарадзіліся дзве дачушкі: Кацярына і Дар’я. Калі ў 1992 годзе пасля водпуску па доглядзе за дзіцем прыйшлося выходзіць на работу, Валянціна Георгіеўна даведалася, што мясцовая бібліятэкар хутка таксама стане мамай. Месца ў бібліятэцы было вакантным. Вырашыла паспрабаваць. Ды з той пары так і засталася гаспадыняй кніжнага свету. Бересневич В Работу сваю Валянціна Георгіеўна любіць. Калі бібліятэчную цішыню прарывае тэлефонны званок і гучыць: «Валянціна, я ўжо прачытала ўсе кнігі, калі ласка, дапамажыце абнавіць!» — бібліятэкар збірае запатрабаваную літаратуру і, калі па нейкіх прычынах чытач сам не можа наведаць установу, выконвае заказ. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца так званыя жаночыя раманы, дэтэктывы, перыядычныя выданні. Вядома ж, падарожжа ў яскравы свет кніг для кожнага чалавека пачынаецца ў дзяцінстве. Таму, каб яно адбылося цікавым і запамінальным, бібліятэкар Валянціна Берасневіч выкарыстоўвае розныя формы. Напрыклад, такі варыянт лялечнага тэатра, як фланелеграф. Ці чулі вы пра такі? А гэта сапраўды вельмі проста. Сваю назву тэатр атрымаў з-за незвычайнай «шырмы», на якой разгортваюцца ўсе падзеі: яна зроблена з фланелевай тканіны, да якой пры дапамозе аксамітнай паперы або ліпучкі прымацаваны фігуркі казачных герояў. Такі тэатр ёсць у Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэцы імя А. Астрэйкі і пры неабходнасці яго можна выкарыстоўваць. Валянціна Георгіеўна спачатку паказвае прадстаўленне, напрыклад, у Праснакоўскім дзіцячым садзе, а потым расказвае пра твор і аўтара, раіць выхавальніку пачытаць яго  дзеткам яшчэ раз. Валянціна Георгіеўна працуе з чытачамі самых розных інтарэсаў і ўзростаў. Найбольш актыўным чытачом з’яўляецца Галіна Якаўлеўна Дзямідчык з Праснакоў. Цікава, што жанчына нарадзілася ў Ленінградзе ў 1948 годзе, з адзнакай скончыла школу. На Капыльшчыну трапіла ўслед за мужам ды так і засталася. А вось Марыя Кучынская яшчэ вучыцца ў Грозаўскай СШ. Яна з задавальненнем чытае розныя часопісы, цікавіцца новымі кнігамі. Калі з роднага Слуцка да сваякоў прыязджае школьніца Марыя Храмцэвіч, яна таксама заўсёды наведвае бібліятэку. Каб чытачы не разгубіліся на бяскрайніх прасторах кніжнага свету, Валянціна Георгіеўна рэгулярна афармляе тэматычныя выставы: тут і кнігі-юбіляры, і літаратура, прысвечаная 70-годдзю Вялікай Перамогі, і кнігі для моладзі, і цікавыя навінкі. Да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аформлены Куток выбаршчыка. Бібліятэкар вельмі ўдзячна чытачам, якія дораць бібліятэцы свае асабістыя кнігі. Таму гэтае свята — і іх таксама! Але дзейнасць Валянціны Берасневіч не абмяжоўваецца толькі работай з літаратурай: яна з задавальненнем прымае ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах і ў мастацкай самадзейнасці. Трэба арганізаваць і выступіць у канцэрце да 70-годдзя Перамогі? Калі ласка! Падрыхтаваць цікавае мерапрыемства да Дня моладзі або свята вёскі? З задавальненнем! Але хіба ж адной справіцца? Тут на дапамогу заўсёды прыходзяць калегі-аднадумцы: бібліятэкар Грозаўскай сельскай бібліятэкі Марына Ярмаліцкая, бібліятэкар Лясноўскай сельскай бібліятэкі Святлана Лазарава. А хатняя гаспадыня Ксенія Ганчарык піша вершы і нават словы да песень. Да таго ж, Валянціна Берасневіч — чалавек розных захапленняў: яна вяжа кручком і пруткамі, вышывае гладдзю і крыжыкам. А яшчэ не так даўно яна асвоіла новы від рукадзелля: навучылася плесці цудоўныя кошыкі, вазачкі, шкатулкі са… старых газетных лістоў. Атрымліваецца проста і, што называецца, з густам. Для такіх жа аматараў прыгажосці бібліятэкар стварыла клуб «Дэбют», прэзентацыя якога адбылася ў Капылі. Зацікавіліся? Тады схадзіце  ў   раённую   цэнтральную   бібліятэку   імя А. Астрэйкі: там працуе выстава, на якой прадстаўлены вырабы Валянціны Берасневіч. Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей