У ДУА «Слабадакучынская СШ» новы навучальны год пачаўся з урока на тэму: «На цябе, наша моладзь, надзея!». У мерапрыемстве прынялі ўдзел не толькі педагогі і навучэнцы школы, але і прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый раёна і рэспублікі.
Спачатку прайшоў прагляд мультымедыйнай прэзентацыі «Памяць» і відэафільма аб патрыятычных справах школы да 70-годдзя Перамогі. Ульяна Кунцэвіч прачытала верш Уладзіміра Высоцкага «Он не вернулся из боя», Наталля Леус ― верш самабытнага паэта з г. Ліпецка (Расія) Лявонція Бесарабава, прысвечанага жыхарам в. Слабада-Кучынка.
Пра сваю маладосць успамінаў ветэран педагагічнай працы Аляксандр Кандыбовіч, які стаў членам ВЛКСМ у далёкім 1949 годзе. І вельмі ганарыўся, што камсамольскі білет яму ўручаў былы сакратар падпольнага РК ЛСМБ Віктар Сергіеня.

Затым слова ўзяў палкоўнік Васіль Скрыннікаў, намеснік старшыні Рэспубліканскага савета ГА «Беларускі саюз афіцэраў». Урок праходзіў у форме дыскусіі. Ішла размова аб дасягненнях краіны за гады незалежнасці, аб маючых адбыцца выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ролі маладога пакалення ў развіцці краіны. Былі адзначаны і дасягненні знакамітых выпускнікоў установы адукацыі.
― Школа ― справа ўсяго жыцця. А трывалыя веды ― аснова для працоўных і творчых поспехаў у будучым і ў выхаванні дастойнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, ― адзначыў Васіль Савельевіч.
Напрыканцы ўрока палкоўнік Скрыннікаў зрабіў падарункі школьнаму музею імя І. С. Трацэўскага: кнігі, дыскі з відэафільмамі аб Вялікай Айчыннай вайне. Самыя актыўныя члены клуба «Патрыёты Радзімы» атрымалі памятныя значкі ад ГА «Беларускі саюз афіцэраў». Сярод іх: Крысціна Астрэйка, Сяргей Бойка, Яна Коршук, Ульяна Кунцэвіч, Андрэй Сенькевіч і Крысціна Францкевіч. Усім прысутным былі ўручаны часопісы «Армія», «Армія і культура» з аўтографам.
Барыс ДЗЕНІСЮК,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»
Фота аўтара
Комментарии