Штогод сельгаспрадпрыемствы Капыльшчыны актыўна дапамагаюць ва ўборцы ўраджаю з асабістых падсобных гаспадарак.
На дадзены момант у раёне збожжавыя на прысядзібных участках убраны амаль на 85 га, намалочана звыш 335 т зерня, сярэдняя ўраджайнасць складае 39,6 ц/га.
Хлебаробы ААТ «Ціміразеўскі» адразу пасля таго, як закончылі ўбіраць збожжавы клін у сельгаспрадпрыемстве, прыступілі да жніва на прысядзібных участках.

— На тэрыторыі Блеўчыцкага сельсавета была праведзена папярэдняя работа, па кожнай вёсцы складзены спісы людзей, якія маюць патрэбу ва ўборцы асабістых падсобных гаспадарак, — расказаў старшыня сельвыканкама Леанід Чарніковіч. — Уборка вядзецца паспяхова ў адпаведнасці з планам работы, надвор’е спрыяе, ды і тэхніка не падводзіць.
За кожным населеным пунктам замацаваны камбайнавы экіпаж і адказны спецыяліст. Напрыклад, на палетках жыхароў в. Блеўчыцы на «Лексіёне» працаваў малады камбайнер Сяргей Сямашка з бухгалтарам Кацярынай Якімовіч. Як падзяліўся з намі Сяргей, ён на камбайне працуе ўжо не першы год, тэхніку добра ведае, агульную мову з людзьмі знайсці можа.
На ўчастку ветэрана працы, былога жывёлавода Вольгі Пуцэйкі, камбайнер убіраў пшаніцу. Цікавімся ў гаспадыні, які ўраджай сёлета атрымалі. Чуем у адказ: «Трохі слабаваты, бо прысушыла. Але нічога, хопіць… Дзякуй, што пра нас не забываюць. Вельмі добра, што камбайн далі. Зерне якраз паспела».
— Усё добра арганізавана, — падтрымлівае сваю цётку Ганна Сыман з Быстрыцы. — Учора ў нас зжалі, сёння вось прыйшла сюды на дапамогу. Добра, што ў кожнай вёсцы свой камбайн убірае. Адразу за работу можна на месцы разлічыцца. Сажнеш, змалоціш — ды і душа будзе спакойная.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара
Комментарии