Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

69

Рассмяшы мяне, інспектар

27.03.2010

[caption id="attachment_357" align="alignleft" width="300" caption="Віншаванні Юрыя Кіша прымае капітан каманды Доктаравіцкай СШ Іван Філіпенка"][/caption] Дзесятая гульня КВЗ, што прайшла 17 сакавіка ў сярэдняй школе №2, сабрала прадстаўнікоў толькі чатырох навучальных устаноў – каманды гаспадароў (“Фурдыбкі”), гімназіі №1 (“Без здарэнняў”), Доктаравіцкай (“Светлафор”) і Цімкавіцкай  (“Стоп”) школ.

Бяспека на дарогах – прыярытэтны напрамак дзейнасці  работнікаў дзяржаўтаінспекцыі. Асаблівая ўвага надаецца прадухіленню дзіцячага дарожна-траспартнага траўматызму. З гэтай мэтай службай ДАІ распрацаваны шэраг праграм, праводзяцца адпаведныя мерапрыемствы,  адным з якіх з’яўляецца сустрэча каманд вясёлых і знаходлівых юных інспектараў дарожнага руху.

“Ведаць ПДР (правілы дарожнага руху) – пазбегнуць ДТЗ” – так гучала назва першага конкурсу. У клубе вясёлых і знаходлівых ён традыцыйна значыцца як прывітанне. А паколькі каманды разагрэцца яшчэ не паспелі, то і жартаў было не надта многа. Усе выступілі прыкладна на адным узроўні, і адзнакі журы выставіла амаль аднолькавыя.

Зусім невідовішчным і нават сумным атрымаўся другі конкурс “Вясёлы рэгуліроўшчык”, дзе павінны былі спалучыцца музыка, танец і рэгуліроўка інспектара на “ажыўленым перакрыжаванні дарог”. На жаль, спалучыць удалося максімум толькі першыя дзве рэчы. У доктаравіцкага “Светлафора” атрымалася паказаць і некаторыя элементы рэгуліравання. Таму больш высокія балы ў гэтым конкурсе сабралі менавіта яны. Праўду кажучы, заданне гэта было самым складаным, калі меркаваць па ўсёй гульні.

Вось дзе магла разгуляцца фантазія юных інспектараў, дык гэта ў выпрабаванні з кароткай назвай “Агучка” (па-руску – озвучка). Умовы былі даволі простымі: выбраць фрагмент сітуацыі на дарозе з любой кінастужкі і агучыць яго ў стылі клуба вясёлых і знаходлівых. Надзвычай гумарыстычна (асабіста я смяяўся да слёз – Аўт.) выступілі “Фурдыбкі”, якім усе суддзі паставілі вышэйшыя адзнакі.

Заключным конкурсам стала дамашняе заданне “Музыка дарог павінна быць без сірэн”. І тут каманды парадавалі членаў журы іскрамётным гумарам і вясёлымі песнямі, у якіх зноў жа гучала тэма бяспекі на дарозе. Па меркаванні журы, лепшая “музыка дарог” атрымалася ў юідаўцаў сярэдняй школы №2.

Падчас падліку балаў за ўсю гульню выявілася, што ад каманды, якая заняла другое месца, пераможцу аддзяліў усяго адзін бал. Чэмпіёнам КВЗ сярод юных інспектараў дарожнага руху сталі “Фурдыбкі”, далей – “Без здарэнняў”, трэцяя сума – у “Светлафора” і чацвёртая – у каманды “Стоп”.

Старшыня журы інспектар дарожна-патрульнай службы АДАІ Капыльскага РАУС Юрый Кіш выказаў удзячнасць за гульню камандам, а пераможцы і прызёрам уручыў граматы і торты.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей