Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

36

Золотая свадьба на Солнечной улице

28.07.2015
— Глядзіце, у акенца заглянула сонейка! — радасна гаворыць унучка Таццяна. — Бабуля і дзядуля, яно таксама вас павіншаваць хоча! І не дзіва: павіншаваць Антона Мікалаевіча і Сафію Раманаўну Мялешка з в. Душава на самай справе ёсць з чым. Гэтымі ліпеньскімі днямі яны адзначаюць залатое вяселле. Таму і сонечны праменьчык, які праз не па-летняму шэрае неба ўсё ж такі трапіў у акенца дома па вуліцы Сонечнай, можна лічыць шчырым і сціплым падарункам прыроды. DSCN0641 …Сустрэліся Сафія Раманаўна і Антон Мікалаевіч улетку 1965 года. Яна — загадчык бібліятэкі ў в. Душава. Ён — шафёр у калгасе «Пралетарый». Спадабаліся адзін аднаму, як кажуць, з першага погляду. Побач з клубам, дзе месцілася бібліятэка, знаходзіўся і вясковы стадыён. Антон быў, па-сучаснаму кажучы, старшынёй калгаснага спартыўнага клуба. Каб пагля-дзець, як маладыя хлопцы гуляюць у футбол ці валейбол, дзяўчаты часта выходзілі з бібліятэкі. Ці магла ж Сафія не звярнуць увагу на высокага і прыгожага Антона? Але Антону прыйшлося «пазмагацца» за тое, каб перавагу сярод іншых прэтэндэнтаў на руку і сэрца, дзяўчына аддала менавіта яму. Мабыць, таму доўга і не чакалі. 27 ліпеня малады і актыўны Антон назначыў сваёй абранніцы спатканне каля магазіна, а потым, калі дзяўчына прыйшла, пасадзіў яе на матацыкл і павёз… у Пацейкаўскі сельсавет рэгістраваць шлюб. Вось так. І нават ніякага вяселля згуляць не паспелі — адразу пачалося самае сапраўднае сямейнае жыццё. Цікава, але нарадзіліся Антон Мікалаевіч і Сафія Раманаўна амаль адначасова: у жніўні 1943 года. Толькі ён 10-га, а яна 19-га. І знешне яны вельмі падобныя: чарнявыя, з карымі вачыма, прыгожыя. Антон Мікалаевіч за якую б работу не браўся, заўсёды выконваў яе добрасумленна і з агеньчыкам. Ёсць  у яго паслужным спісе і такая прафесія, як «кіншчык»: два гады Мялешка круціў кіно ў мясцовым клубе. З той пары мінула 50 гадоў, але актыўнасць і ўменне прымаць рашэнні па-ранейшаму ўласцівы гаспадару... [caption id="attachment_41627" align="aligncenter" width="400"]Спявае Антон Мікалаевіч Спявае Антон Мікалаевіч[/caption] Спачатку жылі ў свекрыві. Мялешка Юстыня Рыгораўна заслугоўвае асобных слоў. Усё жыццё яна пражыла побач, у Крывым Сяле. Нарадзіла і выхавала пяцёра дзяцей: чатырох дачок і сына. У 1943 годзе на вайну пайшоў муж, Мікалай Антонавіч, дзе і загінуў у  лютым 1945 года. Таму ёй адной прыйшлося падымаць дзяцей. Але ніякія жыццёвыя нягоды не перашкаджалі жанчыне спяваць. «Калі я заспяваю, то ажно ў Какорычах чуваць», — гаварыла пра сябе Юстыня Рыгораўна. Ніводнае сямейнае свята на пачыналася без яе спеваў. «Чырвоная вішня З-пад кораня выйшла. Аддала мяне маці, Дзе я непрывычна…» — словы гэтай бабулінай песні памятаюць і сёння ў доме Мялешкаў. Такім жа добрым голасам валодае і Антон Мікалаевіч. У свой час ён разам з аднавяскоўцам Оттанам Шыманскім прымаў удзел у мастацкай самадзейнасці. — Завязу артыстаў на свята як шафёр, — з усмешкай расказвае Антон Мікалаевіч, — а тады іду на сцэну і спяваю. Аднойчы нават пашчасціла пазнаёміцца з народнай любіміцай Валянцінай Талкуновай. [caption id="attachment_41628" align="aligncenter" width="400"]Сафія Раманаўна за працай Сафія Раманаўна за працай[/caption] Нявестка са свякроўю жылі добра: калі трэба, старая жанчына заўсёды дапамагала даглядаць дзяцей. Дачка Ірына нарадзілася ў 1966 годзе, а сын Мікалай з’явіўся на свет ужо ў 1971 годзе, у новай хаце, якую, дарэчы, Мялешкі пабудавалі самі. Дапамагалі толькі браты жонкі. Антон Мікалаевіч і Сафія Раманаўна заўсёды разам. І нават нягледзячы на тое, што ён працаваў шафёрам, а яна — бібліятэкарам, разам выконвалі разнастайную грамадскую работу. Неаднойчы для вясковага клуба выпускалі насценгазету «Маланка»: артыкулы пісала Сафія Раманаўна, а маляваў ужо Антон Мікалаевіч. У сямейным альбоме захоўваецца цікавы фотаздымак. На ім — калегі Сафіі Раманаўны, а на заднім плане відаць тую самую «Маланку». Сваю працу Сафія Антонаўна заўсёды любіла і ставілася да яе з вялікай адказнасцю. Душаўская бібліятэка лічылася ўзорнай. Таму і мае жанчына шмат узнагарод, сярод якіх медалі «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра  Ільіча  Леніна» (1970 г.), «Ветэран працы» (1998 г.). А ці магла б яна атрымаць такія высокія адзнакі, калі б не падтрымка мужа? Упершыню дачка Ірына трапіла ў бібліятэку ў… трохмесячным узросце. І не дзіва! Так званага дэкрэтнага водпуску тады не існавала. Таму Сафія Раманаўна часта брала дачушку з сабой. Такое «кніжнае» дзяцінства аказала ўплыў на прафесійны выбар Ірыны: яна таксама стала бібліятэкарам і зараз працуе ў Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэцы імя А. Астрэйкі. Сына Мікалая добра ведаюць у нашым гарадку: ён працуе на раённым вузле электрасувязі інжэнерам-сістэматэхнікам, дзе забяспечвае тэхнічнае аб-слугоўванне інфармацыйнай камп’ютарнай сістэмы. Заўсёды Мялешкі ўмелі весяліцца. Калі яшчэ была жывая бабуля Юстыня, яна выходзіла на вуліцу і спявала. Збіраліся суседзі, моладзь нават танцавала. Пасля таго, як бабулі не стала, на акно ставілі музычны прайгравальнік  — і па вёсцы зноў-такі разносіліся песні. На такія імправізаваныя танцы збіралася каля 20 чалавек. Так і жылі. Гадавалі спачатку дзетак, потым — унукаў, даглядалі гаспадарку, рабілі ўтульнай родную хату. Калі ж тут было сварыцца? Не, зусім без «перастрэлак», як кажа Антон Мікалаевіч, не абыходзілася. Але сур’ёзна пасварыцца так і не атрымалася. І сёння, за святочным сямейным сталом, прагучаць добрыя пажаданні Антону Мікалаевічу і Сафіі Раманаўне. Паднімуць тосты дзеці і суседзі, уручаць свае падарункі пяцёра ўнукаў. А потым Антон Мікалаевіч заспявае. І зноў на вуліцы Сонечнай музычнымі промнямі зазіхацяць песні… Дзіяна ТКАЧЭНКА Фота аўтара і з сямейнага архіву

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей