Чарговая выязная прэс-канферэнцыя старшыні Мінаблвыканкама Сямёна Шапіры для рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі адбылася 12 чэрвеня ў Крупскім раёне. Журналістаў цікавіла развіццё прамысловасці, сельскай гаспадаркі, турызму ў сталічнай вобласці, іншыя надзённыя пытанні.
Гутарка праходзіла ў добразычлівай атмасферы. Губернатар адказваў на пытанні, як звычайна, шчыра, не абыходзячы вострых вуглоў, прыводзячы мноства лічбаў і фактаў.
Усё вырашаюць кадры
Перад пачаткам прэс-канферэнцыі Сямён Шапіра сустракаўся з калектывам і кіраўніцтвам Маладзечанскага завода металаканструкцый, дзе існуюць праблемы з выплатай заработнай платы. «Я яшчэ раз упэўніўся ў тым, што мы не ўмеем размаўляць з людзьмі, — адзначыў Сямён Барысавіч. — На жаль, у нас ёсць некалькі такіх прадпрыемстваў, дзе сітуацыя патрабуе вырашэння». Губернатар расказаў, што паўгода таму нешта падобнае было з будаўнічым трэстам у Салігорску, дзе тэрмінова трэба было мяняць кіраўніка. Паставілі іншага чалавека, і работа пайшла. І хаця за мінулы год звольнілася 800 чалавек, цяпер трэст выйшаў на аб’ёмы. Што тычыцца сітуацыі ў Маладзечна, там патрабуецца загрузіць прадпрыемства работай. Будуць аб’ёмы — будуць і заробленыя грошы. «Кіраўніку завода металаканструкцый трэба было не спаць, а 2-3 гады назад думаць, як быць канкурэнтаздольным на рынку, — упэўнены губернатар. — А там лічылі, што заўсёды будзе дзяржзаказ». Днямі на прадпрыемстве з’явіцца новы кіраўнік.
[caption id="attachment_41116" align="aligncenter" width="580"]
Старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра (справа) і старшыня Крупскага райвыканкама Ігар Часнок[/caption]
«Наша бяда ў тым, што мы няправільна падбіраем кадры, — адзначыў старшыня аблвыканкама. — Усё вырашаюць людзі. І нават сёння ёсць прадпрыемствы, з якіх можна браць прыклад, якія эфектыўна развіваюцца. Чаму я так упэўнена пра гэта кажу: Мінская вобласць па-ранейшаму выконвае прагнозныя паказчыкі. Адзіная ў краіне. Выконвае больш, чым на 100% аб’ём вытворчасці. Паўтаруся: усё вырашаюць кадры!»
Гарады-спадарожнікі
Жыллё для мінчан у Дзяржынску, Фаніпалі і Заслаўі будаваць не будуць. Пра гэта заявіў старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра. «Раней планавалася, што гарадамі-спадарожнікамі Мінска стануць шэсць населеных пунктаў (Дзяржынск, Заслаўе, Лагойск, Рудзенск, Смалявічы, Фаніпаль). Але жыллёвае будаўніцтва прадугледжвае і прадастаўленне мінчанам працоўных месцаў, развіццё інфраструктуры, правядзенне камунікацый, будаўніцтва бальніц, школ, дзіцячых садоў і многае іншае. Аднак ні ў Дзяржынску, ні ў Фаніпалі, ні ў Заслаўі магчымасцей для гэтага ў такіх аб’ёмах няма», — адзначыў губернатар.
Паводле слоў Сямёна Шапіры, пасля дэталёвага вывучэння ўсіх участкаў, якія планаваліся пад будаўніцтва жылля для мінчан, было вырашана асвоіць 73 га ў Смалявічах, дзе ўжо пабудаваны першы жылы дом. Галоўным горадам-спадарожнікам сталіцы, згодна з новым планам, будзе Рудзенск Пухавіцкага раёна. «Каля Рудзенска знаходзіцца Мінская ЦЭЦ-5, якая можа забяспечыць электра- і цеплавой энергіяй статысячны горад. Акрамя таго, у Пухавіцкім раёне — вялізныя тэрыторыі зямель, прыдатных для развіцця сельскай гаспадаркі, што дасць магчымасць стварыць дадатковыя працоўныя месцы», — падкрэсліў Сямён Шапіра.
Дзецьмі трэба займацца
Цікавіла журналістаў занятасць дзяцей і падлеткаў у вячэрні час, асабліва летам, а таксама адносіны губернатара да правядзення Дзён цвярозасці.
«Даўно вядома, што толькі забаронай праблему вырашыць немагчыма, — адзначыў Сямён Шапіра. — Мне здаецца, што многія нашы маці перасталі займацца сваімі дзецьмі: нарадзіла, накарміла, выпусціла, а там далей вуліца фарміруе. Правілы нейкія павінны быць. Давайце гаварыць шчыра: сёння самай бяскрыўднай звычкай ужо стала цыгарэта».
Сямён Барысавіч прывёў прыклады, калі ў некаторых раёнах увогуле адмаўляліся ад продажу пладова-ягадных вінаў. Але, па яго меркаванні, такім чынам перамагчы п’янства немагчыма.
Новы аўтамабільны завод
Задавалася пытанне і аб тэрмінах уводу ў дзеянне новай чаргі беларуска-кітайскага аўтамабільнага завода СЗАТ «Белджы». Паводле слоў губернатара, у будаўніцтва трэба ўкласці каля 120 млн долараў. Пасля візіту кіраўніка КНР быў падпісаны дагавор паміж Мінскай вобласцю і правінцыяй Чжэцзян, дзе і размешчаны завод па вытворчасці аўтамабіляў «Джылі». Чакаецца візіт кіраўніка нашай дзяржавы ў Кітай, у скла-дзе дэлегацыі будуць і прадстаўнікі сталічнай вобласці. «Спадзяёмся, што гэты візіт дазволіць паскорыць тэмпы работ. Зямля паміж Барысавам і Жодзіна выдзелена, будаўнічая пляцоўка расчышчана. Думаем, 2-3 гады — і завод пачне працаваць. Яго магутнасць — 120 тыс. аўтамабіляў у год».
Пра інвестыцыі ў турызм і не толькі
«Ці будуць на Міншчыне адкрывацца новыя турыстычныя аб’екты?» — адказам на гэта пытанне распачалася размова пра інвестыцыі. «Мы адкрыты для інвестыцый, і да нас прыйшло ўжо нямала інвестараў, — адзначыў старшыня аблвыканкама. — Такіх аб’ектаў шмат на во-зеры Нарач, у Мядзельскім раёне адкрываецца шмат аграсядзіб. А ўсяго іх у вобласці звыш 500. Многія інвестары цяпер адчуваюць цяжкасці, стала менш грошай, зменшылася і колькасць крэдытаў, якія выдаюцца банкамі для развіцця галіны. Аднак, нягледзячы на гэта, працэс ідзе. І сёння я патрабую ад кожнага старшыні райвыканкама, каб неэфектыўна выкарыстоўваемыя землі ў рэгіёнах былі аддадзены пад турыстычныя аб’екты», — распавёў старшыня аблвыканкама. Сямён Барысавіч паведаміў, што старшыням райвыканкамаў дадзена даручэнне фарміраваць участкі, прыдатныя для арганізацыі фермерскіх гаспадарак, і шукаць патэнцыяльных фермераў. «Хаця і фермеры па-рознаму адносяцца да зямлі. Часам яе даводзіцца забіраць».
Усяго ж на тэрыторыі Мінскай вобласці тры гады таму было заключана 600 інвестпраектаў, сёння палова з іх скасавана, паколькі там ніякага будаўніцтва не вялося. Аднак ёсць і станоўчыя прыклады. «Толькі ў мінулым годзе ў Мінскім раёне ўведзена 10 тыс. новых працоўных месцаў, — паведаміў губернатар. — І ўведзены яны ў большай ступені дзякуючы інвестарам».
Пра пустуючыя сядзібы
Была абмеркавана і праблема пустуючых сядзіб у сельскіх населеных пунктах. «У кожным раёне Мінскай вобласці праводзіцца актыўная работа па скарачэнні пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці. Па выніках мінулага года лепш за ўсіх спрацаваў у гэтым кірунку Клецкі раён, дзе было знесена больш за 120 невыкарыстоўваемых жылых памяшканняў», — адзначыў Сямён Шапіра.
Паводле слоў губернатара, працэдура гэта вельмі складаная. На пошукі гаспадароў пустых дамоў часам траціцца шмат часу. Здараецца, ужо пасля зносу дома раптам аб’яўляецца яго гаспадар і падае ў суд на сельвыканкам. Такі выпадак, напрыклад, адбыўся нядаўна ў Салігорскім раёне — штраф, які прыйшлося выплачваць уладальніку дома, склаў Br65 млн.
На жаль, участкаў з невыкарыстоўваемымі жылымі памяшканнямі сёння шмат, канстатаваў Сямён Шапіра.
«Мінскі аблвыканкам прапанаваў ураду вырашыць гэтую праблему шляхам эканамічнага прымусу, г. зн. павелічэннем падатковых ставак у выпадку неэфектыўнага выкарыстання або невыкарыстання аб’ектаў нерухомасці і зямельных участкаў. Калі кошт падатку перавысіць ацэначны кошт дома, трэба прымаць рашэнне аб яго далейшым зносе».
Падчас прэс-канферэнцыі ўздымаліся пытанні замацавання маладых спецыялістаў, будаўніцтва дзіцячых садоў і іншых сацыяльных аб’ектаў.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии