Падчас чарговага прыёму грамадзян старшынёй Капыльскага райвыканкама Анатолем Ліневічам два з чатырох зваротаў уздымалі праблему добраўпарадкавання прыдамавых тэрыторый у г. Капылі.
Першы — калектыўны, ад жыхароў дома № 7А па вул. Багдановіча. Пасля з’яўлення побач новага дома, па меркаванні заяўнікаў, узніклі некаторыя праблемы па размяшчэнні кантэйнераў для збору смецця, усталяванні сушылак для бялізны, лавак ля пад’ездаў для адпачынку і г.д. Пытанне будзе разгледжана з выездам на месца і прынята адпаведнае рашэнне.
Па добраўпарадкаванні тэрыторыі каля дома № 43 па вул. Пралетарскай кіраўнік раёна даў заданне жыллёва-камунальнай службе неадкладна пачаць работы. У хуткім часе там будуць высечаны непатрэбнае кустоўе, дрэвы, пашырана аўтастаянка, выкананы іншыя даручэнні.
Наконт нізкай тэмпературы паветра ў кватэрах дома № 21 па вул. 50 год БССР будзе праведзена абследаванне спецыялістамі, пасля чаго прынята адпаведнае рашэнне.
Пытанне па рамонце жылога дома ў в. Васілеўшчына, які знаходзіцца на балансе ААТ «Племзавод Дусаеўшчына», патрабуе дадатковага вывучэння, пасля чаго адказ будзе дадзены заяўніцы.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии