Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

41

Моя любовь — радио

19.06.2015
IMG_ 002 Ужо больш за пятнаццаць гадоў мой лёс звязаны з рэдакцыяй газеты «Слава працы» і амаль столькі ж з праграмай радыёвяшчання «Раніца Капыльшчыны». Любоў да радыё ў мяне, можна сказаць, з самага дзяцінства. Памятаю, як яшчэ ў школьныя гады любіў слухаць праграмы беларускага радыё, якія трансліраваліся па правадной сетцы. Быў неаднаразовым удзельнікам і пераможцам літаратурнай радыёвіктарыны «Адгадай, адкуль гэта?», за што атрымліваў прызы — кнігі з подпісам вядучага, вялікага знаўцы беларускай мовы Уладзіміра Юрэвіча. Пазней былі «Рамантыкі» — перадача для дзяцей і юнацтва, якую вяла наша зямлячка Людміла Дрожжа з Рымашоў. Яе чароўны голас і манера данесці інфармацыю  да слухача проста заварожвалі. Заўсёды з цікавасцю чакаў і праграм Капыльскага раённага радыё. Здаецца, зусім нядаўна з радыёкропкі даносіліся галасы Рыгора Швеца, Тамары Корзун, Марыі Шэінай, Мікалая Лосіка… На памяць прыходзіць адзін эпізод. Апошні званок у Пацейкаўскай СШ.   Разам  з  ганаровымі  гасцямі  з  раёна  прыехала  рабіць радыёрэпартаж журналіст Марыя Шэіна. Як зараз бачу: Марыя Уладзіміраўна з вялікім дыктафонам і мікрафонам робіць запіс, потым бярэ інтэрв’ю ў выпускнікоў, настаўнікаў, бацькоў. А як цікава было пачуць усё гэта потым у эфіры! На той час здавалася, што ўсе гэтыя людзі, якія працуюць на радыё ці тэлебачанні, нейкія недасягальныя, незямныя. І вось ужо звыш паўтара дзесяцігоддзя мне пашчасціла быць побач з імі. Не ўсё атрымлівалася, ды і зараз часам узнікаюць цяжкасці, але слушныя, мудрыя парады калег, прафесіяналаў дапамагаюць зацвердзіцца ў журналістыцы. Працаваць на Капыльскім раённым радыё пачынаў з дыктара, пазней быў прызначаны на пасаду загадчыка аддзела радыё і інфармацыі. Разам з намеснікам галоўнага рэдактара Маргарытай Саковіч мы і цяпер расказваем пра жыццё раёна, знаёмім з яго жыхарамі. На жаль, адышло ў нябыт правадное радыё. Яму на змену прыйшлі новыя тэхналогіі. Зараз нас можна пачуць на FM-хвалях і не толькі на Капыльшчыне, але і ў суседніх раёнах. Старыя «бабіннікі» і іншая гуказапісная апаратура заменены на сучасную камп’ютарную тэхніку і дыктафоны. І мы працуем для таго, каб нашы галасы разносіліся над родным краем. Сяргей КОЗЕЛ, загадчык аддзела радыё і інфармацыі газеты «Слава працы»

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей