Сёлета па традыцыі капыльская раённая газета «Слава працы» прэзентавала сябе на ХІХ Міжнароднай спецыялізаванай выставе «СМІ ў Беларусі».
Прысвячалася яна 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і прайшла пад дэвізам: «Слова на службе міру».
У юбілейны год Вялікай Перамогі нельга было не ўзгадаць пра тое, які ўклад зрабіла наша газета ў набліжэнне гэтай падзеі.
Раёнка-баец, раёнка-партызанка. Так па праве называлі ў цяжкія гады Вялікай Айчыннай газету. Выдавалася яна са жніўня 1943-га і да вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да гэтага больш за паўгода выходзіла міжраённая газета «Патрыёт Радзімы». Усяго выпушчана ва ўмовах акупацыі 63 нумары «Калгасніка Капыльшчыны», 34 тысячы экзэмпляраў. У партызанскай друкарні надрукавана каля 100 розных лістовак, якія даводзілі да насельніцтва паведамленні Саўінфармбюро, звароты падпольных райкамаў партыі і камсамола да жыхароў раёна. Газеты і лістоўкі сувязныя разносілі па вёсках і скрытна раздавалі іх жыхарам. Кожнае друкаванае слова абуджала веру людзей у перамогу над заклятым ворагам, уздымала іх на актыўную барацьбу з фашыстамі. Партызанскую газету як у атрадах народных мсціўцаў, так і ў вёсках чакалі з нецярпеннем і цікавасцю, бо яна несла людзям праўду.
[caption id="attachment_41058" align="aligncenter" width="580"]

Начальнік аддзела па рабоце са СМІ Ніна Грамузава з капылянамі — удзельнікамі прэзентацыі[/caption]
Асаблівым гонарам рэдакцыі газеты «Слава працы» з’яўляецца яе былы рэдактар Віктар Адамавіч Семянкевіч, якому таксама давялося прайсці слаўны шлях праз Вялікую Айчынную вайну. Менавіта ў яго гонар была падрыхтавана адна са старонак прэзентацыі.
Акунуцца ў атмасферу тых гераічных ваенных падзей гледачам — наведвальнікам выставы — дапамагалі юныя артысты. Нікога не пакінулі раўнадушнымі песні ў выкананні выхаванак гурткоў эстраднага вакалу пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна і СШ №2 г. Капыля Ганны Засімовіч, Марыі Брылеўскай, Віялеты Туравец, Дзіяны Зіновенка. З захапленнем усе слухалі і самую юную «зорачку», чатырохгадовую Вікторыю Жогаль (дарэчы, мама Вікі працуе загадчыкам аграпрамысловага аддзела нашай газеты). Кіруе гурткамі юных вакалістаў педагог Таццяна Ермаловіч. А вось весці прэзентацыйную праграму дапамагала мне член гуртка «Проба пяра» пры рэдакцыі газеты «Слава працы», дэпутат Маладзёжнага парламента пры Мінскім абласным Савеце дэпутатаў Настасся Гардзіевіч.
Увогуле ж, прафесійная выстава «СМІ ў Беларусі» за гады сваёй работы стала не толькі неад’емнай часткай жыцця медыясупольнасці Беларусі, але і набыла статус форуму электронных і друкаваных СМІ міжнароднага ўзроўню. Традыцыйна ў выставе акрамя беларускіх СМІ прымалі ўдзел сродкі масавай інфармацыі Расійскай Федэрацыі, іншых краін СНД, Саюзнай дзяржавы, Кітая, Венесуэлы, Кубы і інш.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Крысціны ЖОГАЛЬ
Комментарии