Мне падабаецца ствараць праекты. Калі працуеш над кожным з іх — «Па старых вуліцах Капыля», «На прасторах выхавання», «АРТПРАСПЕКТ», «Сям’я», «Глыбінка», «Галерэя лёсаў» — спазнаеш гісторыю і звычаі роднага краю, сустракаешся з цікавымі людзьмі.
У працэсе супрацоўніцтва ты адкрываеш новы цудоўны свет — імя якому Чалавек. Ты адзначаеш найбольш цікавыя рысы характараў, якія дапамаглі дасягнуць пэўных вынікаў: разуменне і мудрасць — у айца Сергія Чарнага, мэтанакіраванасць — ва Уладзіміра Іванавіча Майсейчыка, неверагодная жыццёвая сіла — у Кацярыны Яфімаўны Дзятловіч. Гэты спіс можна працягваць. Менавіта за радасць знаёмства з цікавымі людзьмі, за магчымасць даследвання свайго роднага краю я асабліва ўдзячна прафесіі журналіста.
Аднак у кожнага з нас — свой шлях у прафесію, і не заўсёды атрымліваецца знайсці яго з першага разу. Але, лічу, усё ў жыцці здараецца своечасова…
Першыя журналісцкія крокі я пачала рабіць недзе ў 6 ці 7 класе, калі стала наведваць гурток юных радыёкарэспандэнтаў «Верасок», створаны пры раённай газеце «Слава працы». Памятаю, як упершыню разам з сяброўкай пайшлі браць інтэрв’ю да Чуеўскага Сцяпана, вялікага знатака і аматара прыроды. Паважаны чалавек расказваў нам пра галубоў, вераб’ёў і іншых птушак на працягу трох ці чатырох гадзін. За гэты час мы даведаліся не толькі пра звычкі крылатых сяброў, але і пералічылі, колькі кніжак стаіць на паліцах, якога колеру кветачкі на шпалерах і фіранках. І ўвесь гэты расказ запісваўся на бабінны магнітафон, які, дарэчы, быў даволі цяжкі і несці яго было не так і проста. Якім жа вялікім было наша расчараванне, калі на раённым радыё прагучала толькі хвіліна ці дзве з усяго інтэрв’ю! А матэрыял, размешчаны ў газеце, займаў мо ўсяго 10 ці 15 радкоў! Гэта ўжо потым, калі я пачала працаваць у рэдакцыі, зразумела, што ў артыкуле застаецца толькі самае галоўнае і цікавае.
…Далей былі вучоба ў педуніверсітэце і праца на педагагічнай ніве. У журналістыку я трапіла толькі ў кастрычніку 2012 года. Гэтыя няпоўныя тры гады сталі вельмі добрай школай. І ў адрозненні ад настаўніцкай працы, дзе адзнаку вучню ставіш ты, у газеце гэтую адзнаку ставяць чытачы табе. Таму, каб атрымаць высокія балы ад чытачоў, трэба працаваць, працаваць, працаваць...
Работа ў рэдакцыі пайшла на карысць: цяпер я шукаю памылкі не толькі ў газетах, кнігах, але і фільмах, на шыльдах і этыкетках. Адным словам, усюды.
І яшчэ. Пасля таго, як пачала працаваць у рэдакцыі, я стала больш беражліва ставіцца да ўсіх друкаваных выданняў, бо цяпер ведаю, наколькі цяжкая і карпатлівая праца стаіць за стварэннем кожнага нумара.
Дзіяна ТКАЧЭНКА,
адказны сакратар газеты "Слава працы"
Комментарии