Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

36

Любопытство журналиста

18.06.2015
сакович Жыццё журналіста, які працуе ў раёнцы, адлічваецца выхадам газетных нумароў: сёння ты яшчэ працуеш над суботнім, а заўтра ўжо трэба рыхтаваць нумар на сераду. I магчымасці неяк расслабіцца няма: падштурхоўвае думка, што твая лянота або спробы адкласці работу на заўтра, стануць прычынай затрымкі ўсяго калектыву. Мне здаецца, што галоўная якасць характару журналіста — цікаўнасць. Калі вам не ўсё роўна, то ўсё астатняе прыкладзецца: вы будзеце працаваць над сабой, над уласным стылем. Захочаце рэалізаваць сябе ў журналістыцы — знойдзеце разумныя кніжкі, адпаведную прэсу і гэтак далей. Калі ж цікаўнасці няма, то, як бы вы выдатна ні валодалі словам, гэта вам папросту не дапаможа. Менавіта раёнка, на мой погляд, выхоўвае ў характары супрацоўніка газеты здольнасць быць лёгкім на пад’ём, уменне сканцэнтравацца на пастаўленай мэце, ставіць на першы план вытворчыя задачы. Мы абавязаны быць пісьменнымі, камунікабельнымі, адказнымі і не маем права быць простымі наглядальнікамі ў любой сітуацыі. Рэдакцыя — месца публічнае. У любы час дня сюды ідуць людзі са сваімі патрэбамі і клопатамі, журботамі і радасцямі. Гэта нармальна, і гэтаму мы рады. I ўсе, хто працуе ў газеце, — людзі публічныя. Таму кожнае наша слова, наша меркаванне, выказанае на старонках раёнкі і ў прыватным жыцці, заўсёды мае вагу. I мы павінны памятаць аб адказнасці за гэта сваё слова. Калі станоўчы матэрыял — адзначаеш поспехі, дасягненні — тут усё ясна — людзям прыемна і хочацца працаваць яшчэ лепш. А калі матэрыял крытычны — тут трэба галаву ламаць, каб крытыка была канструктыўнай, каб людзям захацелася выправіць свае недахопы. Трэба аддаць належнае, што «Слава працы» ніколі не скочвалася да ўзроўню  «жоўтай  прэсы»: заўсёды спакойна, грунтоўна, з веданнем справы асвятляла падзеі і ў прамысловасці, і ў сельскай гаспадарцы, і ў грамадскім жыцці раёна. I гэта, напэўна, было закладзена яшчэ рэдактарам В. А. Семянкевічам, а затым працягнута I. I. Пракарынам, Т. М. Раіцкай, М. У. Шэінай. Бо раёнка — гэта тая ж трыбуна, толькі значна большага маштабу — раней з тыражом да 11 тысяч экзэмпляраў, цяпер — звыш 5000. Тут не толькі радок, але і кожнае слова можа мець важную ролю. I вельмі прыемна, што раённая газета з’яўляецца не толькі фіксатарам жыцця і падзей, якія адбываюцца ў раёне, вобласці, краіне, яна прымае самы непасрэдны ўдзел у тым, каб наш капыльскі край станавіўся больш прыгожым, прывабным, камфортным для жыцця. Газета — надзейны памочнік органаў улады і грамадскасці ў арганізацыі розных добрых спраў. Я прытрымліваюся думкі, што ў жыцці журналіста праца павінна быць ці ледзь не самым галоўным, што служыць трэба ёй трэба старанна, фанатычна, з поўнай самааддачай, не шкадуючы сіл, часу, здароўя. Тады і ў газеты, і ў журналістаў, якія ў ёй працуюць, будзе заслужаны аўтарытэт. Маргарыта САКОВІЧ, намеснік галоўнага рэдактара газеты "Слава працы"

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей