Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

43

Копылю - 1010 лет

20.05.2015
s_120827110942kyltyra-1-300x194 Нагадаю, што 27 жніўня 2012 года споўнілася 360 гадоў з дня атрымання Капылём прывілея на Магдэбургскае права. Гэта і стала нагодай для правядзення даследавання гісторыі горада ў мінулых стагоддзях, якія былі прадстаўлены высокакваліфікаванымі спецыялістамі на канферэнцыі ў Капылі і выліліся ў адпаведную манаграфію. Выступленні былі вельмі цікавымі, але адно з іх нават сенсацыйным. Гэта даклад Андрэя Анатольевіча Мяцельскага – старшага навуковага супрацоўніка інстытута гісторыі НАН Рэспублікі Беларусь, кандыдата гістарычных навук «Тэрыторыя  воласці  Капыля  і  Капыльскага княства ў ХІ–ХVІІ ст.». Аб тым, што Капыль упершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1274 годзе, нам вядома. «...В лето 6782 (1274) шелъ бяшэть отъ Копыля воюя по Полесью», – чытаем на старонках Галіцка-Валынскага летапісу. Наступным разам на старонках летапісу Капыль будзе ўзгадвацца толькі праз 120 гадоў, калі паводле летапісных даных у 1395 годзе вялікі князь літоўскі Вітаўт перадаў Капыль Уладзіміру Альгердавічу, які да гэтага займаў кіеўскі сталец. І вось новыя згадкі аб Капылі ў статутнай грамаце аб заснаванні Тураўскай епіскапіі, якія знайшоў А. А. Мяцельскі. Згодна з граматай, у склад новаўтворанай у 6513 (1005 г.) трэцяй епіскапіі Кіеўскай мітрапаліі Канстанцінопальскага патрыярхату ўваходзілі гарады і пагосты: «Пінск, Новгород (Навагрудак), Гародня, Слонім, Берестеі, Валкавыск..., Слуцк, Копыл, Ляхов…» Андрэй Анатольевіч лічыць: «Безумоўна, грамата, якая пералічвае крыніцы матэрыяльнага забеспячэння тураўскай кафедры і гарады, што адносяцца да епархіі, была створана ў больш позні перыяд, хутчэй за ўсё ў другой палове ХІV ст., калі ўзнік увесь комплекс тураўскіх грамат. Аднак саму дату заснавання епіскапіі нельга лічыць фантастычнай, устаўленнай у ХІV ст., і, хутчэй за ўсё, яна абапіралася на існаваўшую мясцовую традыцыю летапісання ці вядзення дакументацыі ў самой епархіі. А ўзгадванне ў ёй Капыля дазваляе аднесці яго як мінімум да катэгорыі пагостаў-цэнтраў падаткаабкладання зараджаючайся воласці». Даныя археалагічных даследаванняў, якія праводзіліся ў Капылі з 1996 па 2007 гг., сведчаць пра безумоўнае існаванне ў ХІІ–ХІІІ ст. Капыля як горада, які павінны быў мець падпарадкаваную яму акругу. Сама акруга, верагодна, пачала фарміравацца як мінімум з пачатку ХІ ст., сведчаннем чаго і з’яўляецца згадванне Капыля ў статутнай грамаце аб заснаванні Тураўскай епіскапіі. Вывучэнне старажытных курганоў Капыля, пра  якія  ўзгадваў  наш зямляк, беларускі паэт А. Астрэйка, выявіла пахаванне па абрадзе трупаспальвання і чарапкі посуду Х – пачатку  ХІ ст. Пры даследванні вакольнага горада была знойдзена фібула падковападобнай формы, якая бытавала ў канцы ІХ – пачатку ХІ ст. Гэта дае падставу меркаваць, што ўжо не пазней за пачатак ХІ ст. тут было паселішча, хутчэй за ўсё пасад старажытнага Капыля. Дык вось. Падставу меркаваць, што ўзрост Капыля на 150–250 гадоў большы, чым пра гэта  можна было ўяўляць, зыходзячы з першага паведамлення ў Галіцка-Валынскім летапісе (як мы лічылі), даюць не толькі археалагічныя даследаванні, але і новыя знойдзеныя звесткі аб Капылі ў статутнай грамаце аб заснаванні Тураўскай епіскапіі. У гэтым 2015 годзе наш горад можа адзначыць 1010 гадоў. Тое, што гэта не супярэчыць рэчаіснасці, пацвердзілі галоўны навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі НАН Рэспублікі Беларусь, доктар гістарычных навук, прафесар Пётр Фёдаравіч Лысенка і археолаг, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Леанід Уладзіміравіч Калядзінскі. Валянціна ШУРАКОВА, дырэктар ДУ «Капыльскі раённы краязнаўчы музей»

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей