Калі ападала апошняе лісце з дрэў, у сярэдзіне кастрычніка 1900 года, у сям’і капыльскага краўца Хведара Чарнушэвіча нарадзіўся першынец, якога назвалі ў гонар роднага дзядзькі Нічыпарам. З таго часу прайшло 110 гадоў, і сёлета мы адзначаем юбілей песняра Савецкай Беларусі, так назваў яго вядомы гісторык, літаратуразнавец Э. Іофе.
Хлопчыку давялося перажыць два пажары, у адным з іх ледзь не згарэў яго брат Міколка, які ў будучым стане таксама вядомым паэтам і публіцыстам – Міколам Хведаровічам. Хату з горам папалам Чарнушэвічы адбудавалі, яна і сёння стаіць на вуліцы Камсамольскай за гарадской пажарнай.
Нічыпар вучыўся ў Капыльскім народным вучылішчы. У гэты час у сям’і нарадзіўся трэці хлопчык Алесь, нянькай яму стаў Міколка, бо маці трэба было прасці тальку для гандляра Янкеля. Часта за працай пры газоўцы яна спявала. Прыдуманыя ёю тэксты і мелодыі краналі сэрцы дзяцей, бо многія песні былі прысвечаны Нічыпару, Міколку і Алесю. А калі зачараваныя спевамі хлопчыкі туліліся да маці, яна ад песень пераходзіла да аповедаў: артыстычна расказвала розныя казкі пра ваўкоў і лісіц ці прыгажунь-русалак. Гэта заклала ў душы хлопчыкаў любоў да песень і казак, ды і мацярынскія гены паўплывалі, каб Нічыпар і Мікола сталі пісьменнікамі. Маці, як бачна, мела паэтычны дар, але ўмовы таго часу не садзейнічалі развіццю таленту, затое яна змагла ўвасобіць яго ў сваіх дзецях.
Першая сусветная вайна сарвала са сваіх мясцін мільёны беларусаў. Спачатку ў Калугу закінула ў прытулак для бежанцаў Нічыпара, а затым і Міколу. Там Нічыпар будзе вучыцца і закончыць настаўніцкую семінарыю, а Мікола з дапамогай старэйшага брата падрыхтуецца і здасць экзамены ў гарадское вучылішча. Там Чарнушэвічы пазнаёмяцца і будуць сябраваць з пачынальнікам касманаўтыкі Цыялкоўскім, а Мікола нават вывучыць пад яго кіраўніцтвам фізіку на “выдатна”.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі былы семінарыст Нічыпар Хведаравіч (Тодаравіч) Чарнушэвіч прыедзе ў родны Капыль, але вакансій у гарадку не было, таму стане настаўнічаць да 1922 года ў Траянаўскім народным вучылішчы. Пасля паступіць на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У гэты час з’яўляюцца яго вершы на старонках часопісаў “Маладняк”, “Полымя”. З 1924 па 1929 гады Нічыпар Тодаравіч загадваў аддзелам газеты “Савецкая Беларусь” і адначасова з Міхасём Модалем выпускаў друкаваны орган беларускага студэнцтва “Голас студэнта”.
Як успамінаў пісьменнік Аляксей Зарыцкі, ён у юнацкія гады жыў на ўскраіне Бабруйска. Часта ў хаце Барыса Мікуліча збіраліся юныя аматары паэзіі і абмяркоўвалі літаратурныя навіны. Барыс Мікуліч хоць акцэнтаваўся на прозе, але з запоем чытаў паэзію, асабліва артыстычна дэкламаваў вершы Нічыпара Чарнушэвіча “Заціхаюць бубны”, “Бацьку” і іншыя. “Вельмі парадаваў нас Барыс, калі прынёс кніжачку вершаў капыляніна “Дзіва”. На вокладцы намаляваны чалавек з ускінутай рукою перад высачэзнаю гарою. Выдадзена яна была ў 1927 годзе. Мікуліч з пафасам прачытаў нам усё “Дзіва”.
Нічапару ўдалося ўкласці пачуццяў і зместу ў адзін верш “Заціхаюць бубны” больш чым іншаму адоранаму паэту ў цэлую паэму. А колькі свежасці і захаплення хараством роднай зямлі і лірыкі ў вершах “Сёння іскра – заўтра полымя”, “Аэліта”, “Над сінімі хвалямі”.
У 1928 годзе выкладчык беларускай мовы і літаратуры Чашніцкай школы Хвядос Рыгоравіч Іваноў апавядаў: “У сіняй вокладцы кніжачка з назвай “Дзіва” прыцягнула і зачаравала маіх вучняў”. І такіх дарагіх успамінаў пра нашага земляка было шмат.
Пасля “Дзіва” ўсе прыхільнікі яго цудоўнай паэзіі здзіўляліся, чаму паэт на доўгія гады замоўк. А было ад чаго. Слухача Вышэйшых навукова-педагагічных курсаў пры 2-м Маскоўскім універсітэце абвінавацілі ў шпіянажы і тэроры і арыштавалі ў 1930 годзе, у 1931 годзе ён быў сасланы на 5 гадоў у Вятку (У 1935 годзе абвінавачванні зняты, рэабілітаваны ў 1960 –
І. І.). Там ён працуе ў газеце “Вятская правда”, а потым выкладае гісторыю ў маскоўскіх школах. Пачнецца вайна, і ён апынецца ў Цюмені. Там будзе загадваць аддзелам газеты “Тюменская правда”. Пасля творчага застою ад прыніжанасці, ён менавіта тут друкуе свае вершы і нарысы. Лёс пакрыўдзіў і яго брата-паэта Міколу Хведаровіча (псеўданім Хведаровіч ад імя бацькі –
І. І.). Ён таксама не пазбегне рэпрэсій.
Давялося Нічыпару Чарнушэвічу папрацаваць рэдактарам у вучэбна-педагагічным выдавецтве. У 1947 годзе ён вяртаецца ў Мінск і працуе на розных пасадах: інжынерам “Белсельгастэхнікі”, выкладчыкам гісторыі Мінскай афіцэрскай школы, рэдактарам на Беларускім тэлебачанні. Тут у яго назіраецца ўсплеск творчасці: піша тэле- і кінасцэнарыі, п’есы, артыкулы па пытаннях літаратуры і культуры, перакладае класікаў рускай і замежнай літаратуры.
Напісаны ім сцэнарый “Арсенал пачуццяў” атрымлівае першую прэмію на ўсесаюзным конкурсе. Таксама ён атрымае рэспуб- ліканскую прэмію за п’есу “Шарашкіна кантора”.
У 1962 годзе выходзіць кніга вершаў паэта “Нясу надзею”, а ў 1966-ым, за год да смерці, апошняя прыжыццёвая — “Гаворка дум”. У гэтых творах роздум над месцам чалавека на зямлі, тэма прыроды.
У свае новыя зборнікі Нічыпар Чарнушэвіч уключыў некалькі перапрацаваных вершаў, але пераробка верша “Заціхаюць бубны” не мае той першай выразнасці. Чытач гэта можа параўнаць. Памёр паэт 18 лютага 1967 года.
У 1975 годзе быў надрукаваны зборнік Чарнушэвіча “Выбраныя вершы”. З таго часу новага перавыдання не было, але трэба спадзявацца, што яго лепшыя вершы і п’есы яшчэ парадуюць нас у новых вокладках.
Іван ІГНАТЧЫК
Комментарии