Экалагічнае выхаванне — адзін з прыярытэтных кірункаў у рабоце многіх дзяржаўных устаноў, якія працуюць з дзецьмі.
Бібліятэкі — не выключэнне. Ужо шмат гадоў запар капыльская дзіцячая бібліятэка выконвае функцыю літаратурна-асветніцкага цэнтра па экалогіі і ахове навакольнага асяроддзя ў дзяржаўнай установе культуры «Капыльская раённая цэнтральная бібліятэка імя Анатоля Астрэйкі».
Як паказаў час, экалагічнае выхаванне падрастаючага пакалення сродкамі бібліятэчнай работы — дзейснае і эфектыўнае. Засваенне ведаў аб прыродзе праз мастацкую і пазнавальную літаратуру, а таксама масавыя мерапрыемствы экалагічнага кірунку, якія грунтуюцца на ёй, адбываецца паступова і з вялікай цікаўнасцю.
Сярод фаварытаў дзіцячага чытання такія аўтары-прыродазнаўцы, як Біянкі, Скрабіцкі, Сладкоў, Чарушын, Жыткоў, Прышвін і Паўстоўскі. Неаспрэчнай папулярнасцю карыстаюцца і энцыклапедычныя выданні аб прыродзе для дзяцей рознага ўзросту.
[caption id="attachment_40494" align="aligncenter" width="580"]
З цікавасцю наведваюць бібліятэку юныя чытачы. Тут можна не толькі ўзяць неабходную кнігу, але і даведацца пра прыроду нашага краю[/caption]
Уся масавая работа бібліятэкі праходзіць у рамках клуба «Свирелька», які працуе пры бібліятэцы ўжо 16 гадоў. Для самых маленькіх наведвальнікаў ладзяцца фланэлеграфічныя спектаклі, праводзіцца гульнятэка «Рассказы деда Природоведа», літаратурныя гульні «Хто як зімуе», «Кто живет в высокой траве» і інш. Для дзяцей школьнага ўзросту распрацавана пяць эколага-літаратурных гадзін, якія падрабязна знаёмяць рабят з багаццямі роднай прыроды. Зацікаўленасць выклікаюць фланэлеграфічная гульня-знаёмства «Эко-Теремок», экалагічна-краязнаўчы экскурс «Ёсць на маёй радзіме дрэвы», біблія-відэазнаёмства «Жывёлы беларускага краю», забаўляльна-гульнёвая праграма «Ура! Мы на природе», віртуальнае падарожжа «Под зеленым парусом в будущее», літаратурны агляд «Книжки умные читаем и природу уважаем».
Стала ўжо традыцыяй у час веснавых канікул ладзіць для наведвальнікаў бібліятэкі «размаўляючыя» выставы. Мэта іх — звярнуць на сябе ўвагу нават тых, хто выпадкова зайшоў у бібліятэку. І задачу сваю гэткія выставы выконваюць. Акрамя таго, што яны носяць яўна выяўлены экалагічны характар, у апошні час прысвячаюцца жывёле, чый год выпадае па гараскопе. Сёлета мы парушылі традыцыю і прысвяцілі выставу саве. Як вядома, у Беларусі вушатая сава аб’яўлена птушкай 2015 года. Але выстава больш шырока расказвае аб атрадзе совападобных. На стэндах прадстаўлены матэрыялы з інфармацыяй аб гэтых прыгожых птушках, якія з’яўляюцца сімвалам мудрасці і ведаў. З інфармацыйных лісткоў і энцыклапедый можна даведацца шмат цікавага аб іх відах, чаму совы выходзяць на паляванне менавіта ноччу, якая з іх самая малая, а якая самая буйная, які ў іх сямейны ўклад, чым харчуюцца і шмат іншых цікавых фактаў.
Валянціна КАМІНСКАЯ,
намеснік дырэктара Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А. Астрэйкі
Комментарии