У абласным мерапрыемстве, прысвечаным 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, прыняла ўдзел і дэлегацыя Капыльскага раёна. Урачыстасць прайшла ў горадзе Маладзечна і сабрала не адну сотню чалавек з усіх рэгіёнаў Міншчыны.
Сярод ганаровых гасцей былі, вядома ж, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, чыімі намаганнямі здабывалася Вялікая Перамога, жывыя сведкі тых жудасных падзей.
На свята былі запрошаны члены аблвыканкама, кіраўнікі структурных падраздзяленняў абласнога і раённых выканаўчых камітэтаў, абласных арганізацый, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыні райвыканкамаў і райсаветаў, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў Міншчыны.
Урачыстасць пачалася ў гарадскім Парку Перамогі, дзе перад абеліскам у гонар вызваліцеляў Маладзечна выстраіліся ўдзельнікі свята – на грудзях кожнага бутаньерка з кветачкай яблыні ў абрамленні чырвона-зялёнай стужкі. І гэта не проста ўпрыгажэнне, а сімвал непарыўнай памяці, якая звязвае пакаленні.
[caption id="attachment_40450" align="aligncenter" width="580"]
У Парку Перамогі - дэлегацыя Капыльскага раёна[/caption]
Цырымонію ўскладання кветак разам з членамі аблвыканкама распачаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі, за другой карзінай – старшыня абласной ветэранскай арганізацыі Рыгор Рылькоў і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, запрошаныя на святочнае мерапрыемства. Следам – прадстаўнікі грамадскіх арганізацый Мінскай вобласці. Чырвоныя гваздзікі і ў руках астатніх удзельнікаў цырымоніі. Усе кветкі россыпам упрыгожылі пастамент абеліска.
[caption id="attachment_40451" align="aligncenter" width="580"]
Сярод удзельнікаў свята былыя вязні Кацярына Яфімаўна Дзятловіч і Яўген Васільевіч Сівец[/caption]
Урачысты мітынг адкрыў Іван Ліпніцкі. Старшыня абласнога Савета дэпутатаў гаварыў аб велічы подзвігу савецкага народа, сыны і дочкі якога сталі пераможцамі ў самай страшнай вайне мінулага стагоддзя. Выказваў вялікую ўдзячнасць ветэранам, якія сустракаюць 70-ю гадавіну Перамогі, і тым, хто не дажыў да гэтага светлага дня. Хвілінай маўчання была ўшанавана памяць усіх загінуўшых герояў Вялікай Айчыннай. Да прысутных звярнуўся старшыня абласной ветэранскай арганізацыі Рыгор Рылькоў, пра сваё імкненне следаваць прыкладу старэйшага пакалення гаварылі і юныя піянеры.
У неба ўзняліся галубы і паветраныя чырвоныя, зялёныя, белыя шары, дабавіўшы мерапрыемству яшчэ больш святочнасці.
Глядзельная зала Палаца культуры была цалкам запоўнена. Усмешлівыя твары, золата ордэнаў і медалёў на грудзях ветэранаў, мелодыі ваенных гадоў у якасці фона, ветлівыя і ўважлівыя маладыя людзі ў ваеннай форме і дзяўчаты ў сукенках узору 40-х гадоў, якія дапамагалі гасцям вызначыцца з месцам, – усё стварала атмасферу свята і ўмацоўвала адчуванне важнасці падзеі, якая сабрала ўсіх гэтых людзей у адной зале.
[caption id="attachment_40452" align="aligncenter" width="580"]
Сямён Шапіра ўручае Ганаровыя граматы ветэранам[/caption]
Гасне святло, і на экране ўзнікаюць кадры кінахронікі: перад вачыма прысутных мільгаюць падзеі першых дзён Вялікай Айчыннай вайны, імклівыя атакі савецкіх салдат на фронце і партызанская барацьба супраць акупантаў у тыле ворага. А вось кадры з параду партызанскіх брыгад і злучэнняў ужо пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў. Фрагменты першых пасляваенных гадоў, узнаўленне разбуранай народнай гаспадаркі… Міншчына разам з усёй краінай ваявала, перамагала, працавала, каб родная зямля стала яшчэ больш прыгожай і заможнай.
Адгучалі апошнія акорды закадравай мелодыі, падымаецца занавес і на сцэне – хор ветэранаў вайны і працы. Грудзі большасці з іх упрыгожваюць урадавыя ўзнагароды. Гучыць песня «Паклонімся вялікім тым гадам», якая і дала назву ўсяму мерапрыемству.
Вядучыя запрашаюць на сцэну старшыню Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёна Шапіру. Глыбокай павагай да ветэранаў, усіх людзей, якія спаўна спазналі ўсе жахі вайны, але не зламаліся, выстаялі і здабылі такую жаданую перамогу, было прасякнута выступленне губернатара сталічнай вобласці. «Я ўпэўнены, што, колькі б гадоў ні прайшло, памяць пра суровыя гады вайны, пра загубленыя мільёны чалавечых жыццяў, сотні зніклых у агні гарадоў і вёсак, памяць аб Вялікай Перамозе будзе жыць у нашых сэрцах вечна. Мы ніколі не забудзем тых, хто цаной неймаверных страт, цаной свайго жыцця заваяваў свабоду і незалежнасць», – сказаў Сямён Шапіра.
[caption id="attachment_40453" align="aligncenter" width="580"]
На сцэне - прадстаўнікі двух пакаленняў[/caption]
Сямён Барысавіч уручыў ветэранам у гонар свята кветкі, граматы і падзякі Мінаблвыканкама.
Святочны канцэрт, падрыхтаваны лепшымі выканаўцамі і калектывамі вобласці, з запрашэннем вядучых зорак беларускага мастацтва, прадоўжыў тэму вайны і Перамогі, падарыў шмат самых лепшых эмоцый і цудоўны настрой, які застанецца надоўга.
У гэты дзень таксама адбылося ўручэнне юбілейных медалёў і ўрачысты прыём ветэранаў губернатарам Мінскай вобласці.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии