У чацвер, 20 сакавіка, песачанская зямля сустракала знакаміты акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам магістра мастацтваў Уладзіміра Варапаева.
За доўгія гады свайго існавання (гісторыя калектыву пачалася ў далёкім 1938 годзе) ансамбль дасягнуў значных поспехаў у рабоце па выхаванні ваеннаслужачых, падрастаючага пакалення. Калектыў з’яўляецца своеасаблівай школай, якая дазваляе рыхтаваць артыстаў самага высокага ўзроўню. Яго выступленне — заўсёды цікавая і багатая праграма, якая спалучае як класіку, так і сучасныя матывы.
Поспеху акадэмічнага ансамбля песні і танца спадарожнічае творчае супрацоўніцтва з вядомымі кампазітарамі – народнымі артыстамі Ігарам Лучанком, Давідам Тухманавым, Аляксандрай Пахмутавай, Леанідам Захлеўным і многімі іншымі.
У тандэме з вядомымі спевакамі (Іосіфам Кабзонам, Алегам Газманавым, Львом Лешчанкам, Анатолем Ярмоленкам, Ядвігай Паплаўскай і Аляксандрам Ціхановічам) не аднойчы зрываў апладысменты глядзельнай залы. Але гастрольная дзейнасць беларускага калектыву не абмяжоўваецца толькі краінамі былога Савецкага Саюза. Акадэмічны ансамбль – часты ўдзельнік прэстыжных міжнародных фестываляў у Германіі, Францыі, Англіі, Італіі і інш.
За гадзіну да канцэрта ўдалося сустрэцца з мастацкім кіраўніком і задаць некалькі пытанняў.
— Уладзімір Сяргеевіч, як здарылася, што ваш знакаміты ансамбль завітаў на Капыльшчыну?
— Наш тур пад назвай “Паклонімся вялікім тым гадам” праходзіць пры падтрымцы Міністэрства абороны і Міністэрства інфармацыі і прысвечаны 65-годдзю Вялікай Перамогі. Стартаваў ён 23 лютага ў Наваполацку. Пасля быў Брэст, учора давалі канцэрт у Смалявічах і сёння ўжо прыехалі да вас. Мы проста не маглі не заехаць сюды: гэта зямля, багатая талентамі. Дастаткова ўзгадаць толькі імя Адама Русака. У нашым рэпертуары шмат яго песень. Калектыў вельмі шчаслівы тым, што можа дакрануцца да гэтай часцінкі нашай Радзімы. Пасля сённяшняга канцэрта за-вітаем яшчэ ў Любань, Магілёў, Полацк, Віцебск, Оршу, Браслаў… Увогуле, штомесяц мы даём каля 15- 17 канцэртаў. Мэта гэтага тура, каб не толькі нашы ветэраны пачулі тыя песні, якія дапамагалі ім у гады ваеннага ліхалецця. Наша задача таксама – патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Сваім мастацтвам праз песні ваенных часоў мы паказваем подзвіг народа, пра які нельга забываць, словы гэтых песень – гэта жыццёвая праўда.
У нашай праграме і шмат сучасных кампазіцый, пранікнутых духам патрыятызму. Мы не стаім на месцы, з’яўляюцца новыя ідэі, праекты, якія стараемся паступова рэалізаваць.
— Раскажыце, калі ласка, пра ваш калектыў.
— Усяго ў калектыве 76 чалавек. Сюды мы, канечне, прыехалі не ў поўным складзе, аўтобус проста не ўмяшчаў усіх, але іх дастаткова, каб сёння правесці канцэрт на высокім узроўні. Акадэмічны ансамбль складаецца з трох, так бы мовіць, творчых падраздзяленняў: аркестр, хор і балет, якія могуць працаваць адасоблена адзін ад аднаго. Нядаўна мы стварылі “армейскі голас”: пяць таленавітых маладых вакалістаў, якія могуць працаваць аўтаномна. Таксама ў нас ёсць “траекторыя руху” – сучасны эстрадны танцавальны напрамак. Да нас прыходзяць артысты з розных калектываў. А каб трапіць у наш, неабходна прайсці даволі сур’ёзны адбор: у нас існуе атэстацыйная камісія, мастацкі савет.
У свой час у акадэмічным ансамблі працавалі народны артыст Савецкага Саюза, Беларусі Уладзімір Мулявін, Яраслаў Еўдакімаў і шмат іншых вядомых і паважаных артыстаў. У штаце калісьці значыўся пераможца тэлепраекта “Народны артыст” Руслан Аляхно. Увогуле мы багаты добрымі традыцыямі і стараемся іх захоўваць.
— Пытанне асабіста да Вас. Вы адчуваеце сябе больш ваеннаслужачым або служыцелем мастацтва?
— Ведаеце, тут усё ў адным. Я з дзяцінства марыў стаць і ваенным, і дырыжорам. Таму паралельна скончыў музычнае вучылішча ў Магілёве, пасля факультэт пры Маскоўскай кансерваторыі. А пачалося з таго, што ў адным з фільмаў убачыў эпізод, дзе на ваенным караблі іграў аркестр пад кіраўніцтвам дырыжора. Мяне гэта настолькі ўразіла, што жаданне перарасло ў мару, якую я паступова здзейсніў. Хаця рэалізаваць усё гэта было вельмі цяжка.
— Вы заняты чалавек. Калі выдаецца вольная хвіліна, чым любіце займацца?
— На самай справе, вольнага часу вельмі мала. На службе я ўжо без пятнаццаці восем раніцы і дамоў іду не раней, чым у 19 гадзін. Акрамя таго, што прыходзіцца праглядзець партытуры, канцэртныя праграмы, яшчэ стараюся самаўдасканальвацца. Пры стварэнні канцэртных праграм часта даводзіцца бываць у бібліятэцы, дзе слухаю шмат музычных твораў.
Я нарадзіўся ў сельскай мясцовасці, у райцэнтры Круглае. Там у мяне засталася матуля, таму стараюся прыехаць да яе. І самі разумееце, што такое вёска: прыходзіцца і ў зямельцы пакапацца, і прышчапіць вясной дрэвы ў садзе. Люблю прыроду, нашых шчырых людзей. І калі я выйду ў адстаўку, думаю вярнуцца ў той куточак, дзе нарадзіўся, і спакойна працаваць на нашай шчодрай зямельцы.
У рэшце рэшт, ёсць сям’я: сын, якому 12 гадоў, і дачка, студэнтка Акадэміі музыкі. Бясспрэчна, стараюся ўдзяліць ім максімум увагі.
— Дзякуй за гутарку і шчырых вам слухачоў.
У зале Песачанскага сельскага Дома культуры на канцэрт акадэмічнага ансамбля сабраліся не толькі мясцовыя жыхары. Былі тут людзі з усёй акругі, у тым ліку і капыляне. Кожны нумар служыцеляў мастацтва яны сустракалі шчодрымі апладысментамі. А інакш і быць не магло: віртуознае выкананне музычных, танцавальных кампазіцый, ашаламляльныя вакальныя даныя мужчынскага хору. У гэтай атмасферы высокага мастацтва крыху больш за паўтары гадзіны праляцелі, як адно імгненне, і гледачы пакідалі залу з прыкметна прыўзнятым настроем.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии