На прошлым тыдні ў нашай краіне некалькі разоў аб’яўляўся аранжавы ўзровень небяспекі. Над большасцю раёнаў праносіўся моцны вецер з парывамі да 15-18 м/с, месцамі — да 20 і больш.
Людзі падчас стыхіі не пацярпелі, але напалохаць яна змагла многіх. Чаго толькі варта бура ў Салігорску, якую назвалі чорнай: дзень раптоўна стаў ноччу, штармавы вецер прынёс у горад клубы пылу, пяску, смецця, а потым паліўся брудны дождж.
На шчасце, капылянам перажыць такія жахі не давялося, аднак стыхія захапіла сваім крылом і наш раён. Паводле інфармацыі, атрыманай РАНС з раёна электрасетак, у выніку моцнага ветру 13 красавіка ўзнікалі праблемы з забеспячэннем электраэнергіяй у вв. Вялешына, Вошкаты, Аргелаўшчына і Каменка Капыльскага, а таксама ў вв. Страхіні і Талмачава Бучацінскага сельсаветаў. Рамонтна-аднаўленчыя работы праведзены брыгадай Капыльскага РЭС. Закранула стыхія і сельскагаспадарчыя аб’екты. Так, пашкоджаны дахі на МТК «Быстрыца» і агароднінасховішчы ў в. Блеўчыцы ААТ «Ціміразеўскі», на МТФ «Рымашы» і «Лоцвіны», на сенасховішчы і цялятніку ў в. Лоцвіны РСУП «Бабоўня». Аднаўленне аб’ектаў запланавана на бліжэйшы час.
У сувязі з такімі ўмовамі надвор’я Міністэрства па надзвычайных сітуацыях заклікае прыбраць з балконаў рэчы, якія можа здуць, шчыльна зачыніць вокны і форткі, не стаяць пад дрэвамі і не паркаваць пад імі машыны, а таксама ні ў якім выпадку не падыходзіць да абарваных правадоў, паваленых дрэў і іншых небяспечных прадметаў.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии