15 красавіка 1965 года ў сям’і Шынгірэй у в. Нізкавічы нарадзілася дачушка Таццяна. Яна была самая малодшая. Усе яе любілі, песцілі. А яна ў свой час вельмі ласкава адносілася да ўсяго жывога. Напрыклад, кацянятак яна спавівала, закалыхвала.
У сем гадоў Таццяна пайшла ў першы клас Нізкавіцкай школы. Вучыцца ёй вельмі падабалася. Па дарозе дзяўчынка збірала кветачкі, пляла вяночкі. У другі клас яна ўжо пайшла ў капыльскую СШ №2. Была выдатніцай, кожны год яе імя заносілася на Дошку гонару. Закончыла школу з залатым медалём.
Таццяна марыла паступіць у медыцынскі інстытут, але з першага разу ў яе гэта не атрымалася. Каб не траціць дарэмна час, яна паехала да сваёй сястры Валянціны ў Гродна. Там дапамагала даглядаць пляменніка Сашку і адначасова працавала санітаркай у радзільным аддзяленні. Гэта дапамагло ёй канчаткова вызначыцца з будучай прафесіяй: стаць акушэрам-гінеколагам, каб дапамагаць дзеткам з’яўляцца на свет.
Пасля заканчэння на «выдатна» Гродзенскага медінстытута працавала ўрачом акушэрам-гінеколагам, у 1997 годзе была прызначана на пасаду намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай часці капыльскай бальніцы. З 2012 года Таццяна Аляксандраўна — загадчык кабінета трансфузіялагічнай дапамогі. За добрасумленную працу, шчырае сэрца, уважлівыя і чулыя адносіны да людзей і калег яна неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі райвыканкама, упраўлення аховы здароўя аблвыканкама, мела шматлікія падзякі ад кіраўніцтва бальніцы. А ў 1998 годзе атрымала знак «Выдатнік аховы здароўя».
Сёння Таццяна Аляксандраўна адзначае юбілей. 50 гадоў — важная вяха ў жыцці кожнага чалавека. Няўмольна бяжыць час, вось і надышоў узрост мудрай сталасці. Няхай жа пастаянна будзе вера ў сілы, здольнасці, веды, вопыт. Няхай спадарож- нікамі назаўсёды стануць моцнае здароўе, станоўчая аўра, а навокал будуць родныя, сябры і проста добрыя людзі.
Ліна ПУСТАВАЯ,
урач УАЗ «Капыльская ЦРБ»
Комментарии