Цяжка знайсці на Капыльшчыне чалавека, які б меў адносіны да сферы адукацыі і не ведаў Людмілу Міхайлаўну Камёнку. І гэта не дзіўна: ужо больш за 35 гадоў яна ўзначальвае райкам галіновага прафсаюза.
Аўтарытэтная і кампетэнтная, здольная знайсці выйсце з самага, здавалася б, складанага становішча, цікавы суразмоўца і проста абаяльная жанчына, якая ў любым узросце прымушае звярнуць на сябе ўвагу — усе гэтыя словы як нельга лепш характарызуюць асобу прафсаюзнага лідара.
[caption id="attachment_40316" align="alignnone" width="570"]
Камёнка Л. М.[/caption]
І такой яна была з самага дзяцінства. Нездарма камсамольцы СШ №2 г. Капыля аднагалосна абралі васьмікласніцу Люду Валністую сакратаром школьнай камсамольскай арганізацыі, бо адчувалі яе напорысты характар, уменне дабівацца намечанай мэты і весці за сабой. А дзяўчынка марыла стаць настаўніцай. Ёй вельмі падабаліся дакладныя навукі: фізіка, матэматыка. А яшчэ — была добрай спартсменкай, не аднойчы заваёўвала ўзнагароды на раённых і абласных лыжных гонках. І тут спрацоўвала ўменне сканцэнтравацца на галоўнай задачы, выкладвацца, як кажуць, на поўную моц.
Пасля заканчэння школы пытання, куды пайсці вучыцца, не паўставала. Людміла ведала, што будзе паступаць у педагагічны. Праўда, першая спроба аказалася не вельмі паспяховай, што яе не засмуціла. У Старыцкай СШ была вакансія настаўніка фізічнай культуры, якую і прапанавалі нядаўняй выпускніцы. А яшчэ даверылі выкладаць матэматыку, працаваць у школьнай бібліятэцы.
«Мне заўсёды было лёгка знаходзіць агульную мову з людзьмі розных узростаў, — дзеліцца Людміла Міхайлаўна. — Магчыма таму, нават нягледзячы на адсутнасць педагагічнага вопыту, я даволі хутка заваявала аўтарытэт сярод сваіх вучняў. А калектыў, у які я па волі лёсу трапіла, назаўсёды застаўся эталонам адносін, якія могуць складвацца паміж калегамі па працы».
Затым была вучоба ў ВНУ, пасля заканчэння якой маладая настаўніца фізікі вярнулася на Капыльшчыну і была прызначана завучам у Камсамольскую СШ, пазней — дырэктарам Шастакоўскай школы, намеснікам дырэктара СШ № 3 г. Капыля.
«Прапанова ўзначаліць райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі была нечаканай, — успамінае Людміла Камёнка. — Мяне выклікалі ў райкам партыі (я тады ўжо была членам КПСС) і паведамілі аб такім рашэнні. Вядома ж, я не магла адмовіцца. Але ж было крыху страшна. Адна справа займацца адміністрацыйнымі клопатамі, і зусім іншае — грамадскімі».
Сёння Капыльская арганізацыя галіновага прафсаюза — адна з лепшых у вобласці, на працягу апошняга дзесяцігоддзя яна стабільна ўваходзіць у тройку прызёраў. Пра гэта сведчыць мноства дыпломаў, якія ўпрыгожваюць кабінет прафсаюзнага лідара. На 8-м з’ездзе Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Камёнка была ўзнагароджана медалём «110 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі».
«У жыцці нашай арганізацыі былі і белыя, і чорныя палосы, — дзеліцца Людміла Міхайлаўна. — Але мы змаглі даказаць сваю згуртаванасць, захаваць адзінства і давер людзей. Цяпер на першы план выходзіць абарона сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў нашых членаў. Шмат увагі надаём аздараўленню, ахове працы, атэстацыі педагагічных работнікаў. Мне пашчасціла, што на жыццёвым шляху заўсёды сустракаліся вельмі добрыя людзі. Так было ў школьныя гады (з вялікай удзячнасцю ўспамінаю сваіх настаўнікаў) і пазней, падчас маёй педагагічнай дзейнасці. Сапраўдныя аднадумцы акружаюць і цяпер. Лічу, што ў нашай арганізацыі працуюць вельмі адданыя сваёй справе прафсаюзныя лідары. І тыя поспехі, якіх мы дасягнулі, у многім іх заслуга».
Ёсць яшчэ адна вельмі шчымлівая тэма, пра якую Людміла Міхайлаўна ўзгадала са слязьмі на вачах. Гэта Вялікая Айчынная вайна, якая закранула сваім чорным крылом і сям’ю нашай гераіні. Яе бацька, Валністы Міхаіл Уладзіміравіч, быў прызваны на фронт у 1944 годзе 19-гадовым юнаком. У баі пад Кёнігсбергам ён быў цяжка паранены, вярнуўся дамоў інвалідам. Таму расказы пра вайну былі заўсёды ў іх сям’і. «Я з вялікай павагай, удзячнасцю і душэўным хваляваннем адношуся да ветэранаў, — гаворыць Людміла Камёнка. — На жаль, з кожным годам іх становіцца ўсё менш і менш. 70-ю гадавіну Вялікай Перамогі, відаць, сустрэнуць толькі чатыры нашы былыя калегі».
Маргарыта САКОВІЧ
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА
Комментарии