Надвор’е, якое стаіць у гэтыя сакавіцкія дні, дазваляе актывізаваць работы па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый.
Практычна штодня працоўныя дэсанты з ліку работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў горада і раёна, жыхары населеных пунктаў накіроўваюцца на аб’екты, якія патрабуюць самай пільнай увагі, наводзяць парадак на падведамасных і замацаваных тэрыторыях, на вуліцах і ля ўласных сядзіб. Днямі разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ірынай Кісляк, якая трымае на сваім кантролі работы па добраўпарадкаванні, давялося наведацца ў Грозаўскі сельсавет.
[caption id="attachment_39739" align="aligncenter" width="580"]
На грамадзянскіх могілках наводзяць парадак[/caption]
Нягледзячы на тое, што працоўны дзень набліжаўся да завяршэння, на грамадзянскіх могілках у аграгарадку Камень кіпела работа. Як паведаміла старшыня сельвыканкама Жанна Скрыган, у гэты дзень асноўная працоўная сіла паступіла з ААТ «Суворава-Агра». Мужчыны з сякерамі высякалі хмызняк на месцы старых пахаванняў, выносілі галіны за агаро- джу могілак. Даносіўся і гул бензапілы. Работа спорылася, бо было відаць, наколькі зменшылася тэрыторыя, парослая кустоўем. І як нам стала вядома, яна прадоўжылася і на наступны дзень.
— Наводзіць парадак на тэрыторыі Грозаўскага сельсавета мы пачалі ўжо з першых чыслаў сакавіка, — расказвае Жанна Леанідаўна. — Тым больш, што надвор’е гэтаму спрыяе. У мінулую суботу (14 сакавіка. — Аўт.) мы правялі суботнік. На работу выйшлі супрацоўнікі ўстаноў сацыяльнай сферы, якія, у асноўным, прыбіралі свае тэрыторыі. Імкнуцца ачысціць прысядзібныя ўчасткі ад смецця, якое сабралася падчас зімы, і жыхары нашых вёсак і аграгарадкоў. Дарэчы, на тэрыторыі сельсавета 34 населеныя пункты і 25 грамадзянскіх могілак. Так што давядзецца нямала папрацаваць, каб надаць ім прывабны выгляд. Што тычыцца аграрагадка Камень, а ў прыватнасці мясцовых могілак, то мы тут плануем замяніць агароджу. Праўда, гэта будзе каштаваць немалых грошай — не менш за 65 млн рублёў. Але, спадзяюся, што задуманае нам удасца рэалізаваць.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии